Новыя гарызонты “Рычы”

Уведзена ў эксплуатацыю першая вытворчая чарга малочнатаварнай фермы “Рыча”, рэканструкцыя якой праводзіцца ў рамках рэалізацыі інвестыцыйнага праекта 

На будаўніцтве задзейнічаны арганізацыі “Гроднааблсельбуда”, а крэдытныя сродкі на гэтыя мэты выдзеліў Банк развіцця Рэспублікі Беларусь. Нядаўна жывёлаводы прынялі ў эксплуатацыю аб’екты першай чаргі – будынак для ўтрымання жывёлы, даільна-малочны блок, халадзільнік. 

– Пакуль у новым кароўніку, разлічаным на 305 галоў, размясцілі 160. Запаўненне новых “кватэр” ідзе паэтапна – прыкладна па тры дзясяткі рагуль штодзень, – тлумачыць намеснік дырэктара ААТ “Дэмбрава” Юрый Аляксеевіч Сакута. – Перавагі новай вытворчасці ўвачавідкі. Механізаваны ўсе тэхналагічныя працэсы. Палепшыліся ўмовы ўтрымання жывёлы. Зманціравана сучаснае даільнае абсталяванне. Прадугледжана ўсё, каб атрымліваць малако высокай якасці. Зручна і з камфортам будзе працавацца і спецыялістам, і аператарам.


Дарэчы, арганізацыя работы і вытворчага працэсу ў “свежых” сценах на пачатковай стадыі. Яшчэ належыць сфарміраваць статак з улікам удою, схемы кармлення і іншых паказчыкаў і патрабаванняў. А пакуль пераведзеныя са старога памяшкання каровы прывыкаюць да нязвыклых “наваротаў”, набіваюць руку і людзі. Падчас нашага знаходжання на ферме якраз ішла дойка. Дзве жанчыны-аператары завіхаліся ля рагатага папаўнення, крыху даўжэй затрымліваючыся ля самых наравістых. Тут працуюць таксама слесар, падгоншчык і два механізатары, занятыя на раздачы кармоў. У асноўным – гэта работнікі з вопытам. Між тым, папоўнілі калектыў і “новенькія”, якія прайшлі абучэнне рабоце на сучасным абсталяванні.


 А ў асобным блоку фермы сваімі круглымі бакамі пабліскваюць халадзільнікі, у якія паступілі ўжо першыя тоны малака. Побач знаходзіцца лабараторыя. Ёсць на ферме кабінеты для загадчыка і спецыялістаў, пакой для прыёму ежы, санвузлы і душавыя, дапаможныя бытавыя памяшканні. 
 Многа спраў цяпер у брыгадзіра фермы “Рыча” Віталія Шылко. У памочніках у яго Аляксей Казячы. Добры дарадца для маладых спецыялістаў у пытаннях камплектавання статка – адказная і спрактыкаваная Тамара Іванаўна Іванова, якая працуе на ферме “Навасёлкі”. Усіх траіх аўтар гэтых радкоў якраз застала за абмеркаваннем, як накіраваць вытворчыя працэсы ў патрэбнае рэчышча.
Выходзячы з фермы, аглядваюся на будынкі, у якіх ужо кіпіць работа. За імі знаходзіцца яшчэ адзін кароўнік на 305 галоў, які плануецца здаць у эксплуатацыю да канца верасня гэтага года. Пляцоўка перад уваходам нагадвае “ўзлётку” – шырокая, роўная, чыстая... Такім жа бетонным “дываном” пакрыюць усю тэрыторыю і да канца агародзяць. Яшчэ раней тут былі абсталяваны выгульныя пляцоўкі, гноесховішча, сянажныя і сіласныя траншэі. У планах таксама рэканструкцыя старога будынка фермы, каб цыкл вытворчасці малака зрабіць поўным і закрытым – ад вырошчвання цяляці да атрымання запатрабаванай прадукцыі.


Дарэчы, ход рэалізацыі інвестыцыйнага праекта па рэканструкцыі МТФ “Рыча” – на пастаянным кантролі ў дырэктара ААТ “Дэмбрава” А.В. Туля. Пацікавіўся ім і застаўся задаволены старшыня праўлення ААТ “Банк развіцця Рэспублікі Беларусь” С.М. Румас, які нядаўна наведаў сельгаспрадпрыемства.
Таццяна ПАЛУБЯТКА. 
Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!