Новае жыццё старога аргана

Арган з 200-гадовай гісторыяй зноў загучаў у касцёле Святых Апосталаў Пятра і Паўла ў Старых Васілішках, дзе нядаўна прайшоў першы канцэрт інструментальнай музыкі. 

Значная і радасная для беларускай культуры падзея сабрала не толькі жыхароў Шчучыншчыны, але і ганаровых гасцей з Мінска. Сябры апякунскага савета Клуба-музея Чэслава Немэна арганізавалі ў касцёле ў Старых Васілішках прыгожую імпрэзу – канцэрт з удзелам сусветна вядомых музыкаў з Мінска: квартэта “Акварэль”. Першы канцэрт пад гукі адноўленага аргана дала салістка Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Рэспублікі Беларусь Ірына Кучынская. Гучала нямецкая класіка. 


Гукі аргана пранікалі ў душу, насычалі сваёй сілай і ў той жа час расслаблялі. Музыка, чароўная і ўнікальная, дарыла асаблівае пачуццё супакаення, прымушала задумацца аб вечным. Гэта была сапраўдная музычная тэрапія, якая падаравала цудоўны настрой на ўвесь дзень. 
Хацелася больш даведацца пра арган. “Кароль інструментаў” – менавіта так называюць духавы арган за вялікія памеры, шыкоўны дыяпазон гучання і ўнікальнае багацце тэмбраў. Арган у касцёле ў Старых Васілішках з’яўляецца “баракальным інструментам” канца XVIII стагоддзя, які перажыў перыяды папулярнасці і забыцця. Інструмент быў зроблены ў Будславе. З’явіўся ён дзякуючы сям’і Ятцантаў – выхадцаў з Германіі, якія мелі сваю справу ў Вільні.
Раней старавасілішкаўскі арган выкарыстоўваўся падчас правядзення службаў у храме. У 1958 годзе касцёл закрылі, і арган змоўк. За 200 гадоў яго існавання драўляныя часткі ўсохліся, утварыліся вялікія расколы. Сёння інструмент практычна адноўлены, за зіму плануецца поўнасцю аднавіць рэгістры, каб да Дня святых Пятра і Паўла ў чэрвені арган загучаў у поўную сілу. 
– Да мяне звярнуліся з просьбай адрамантаваць арган у касцёле Святых Апосталаў Пятра і Паўла ў вёсцы Старыя Васілішкі, – расказвае арганны майстар ксёндз Дзмітрый Лотаў. – Цяжка было даць гарантыі, але мне хацелася аднавіць інструмент. Галоўнае, што ўсё старое і гістарычнае павінна было захавацца. Частку аргана, якая была найбольш пашкоджана, давялося вывезці для рэстаўрацыі ў Маскву. На працягу трох гадоў з маім калегам Уладзіславам Іодзісам мы вярталі жыццё гэтаму цудоўнаму інструменту. Але справіліся! Наша карпатлівая праца ўвянчалася поспехам: арган ізноў загучаў прыгожа, аўтэнтычна, як і два стагоддзі таму. 

Спецыялістам удалося аднавіць гістарычны строй камертона. У чэрвені гэтага года арган выдаў першыя пасля рэстаўрацыі гукі, а зараз у ім дзейнічаюць тры рэгістры, што дастаткова для выканання складаных твораў. Усяго ён налічвае 10 рэгістраў (радоў труб аднолькавага тэмбру). 
Гісторыя ўнікальнага аргана цесна звязана з гісторыяй жыцця выдатнага сына Шчучыншчыны – Чэслава Немэна. Маленькі Чэсік у свой час слухаў чароўныя гукі “караля інструментаў”. Да таго ж бацька вядомага музыканта іграў на гэтым самым аргане. 
Намеснік начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама А.Г. Амшэй падзякаваў усім за падтрымку і арганізацыю першага канцэрта адноўленага аргана. Аляксандр Генрыхавіч перакананы, што цяпер, калі “ажыў” старадаўні інструмент, з’явяцца новыя магчымасці для рэалізацыі разнастайных культурных і турыстычных праграм. 
Шмат добрых слоў выказалі госці. У сваёй прамове кінасцэнарыст Вера Юр’еўна Савіна адзначыла, што там, дзе ёсць геній месца, няма месца забыццю. А такім геніем для Старых Васілішак стаў Чэслаў Немэн.
– Для нас вялікі гонар паслухаць арган на радзіме сусветна вядомага музыканта. У жыцці трэба не толькі браць ад таго, хто больш таленавіты за нас, але і аддаваць даніну павагі і памяці. У гэтым сэнс нашай справы, – дадала яна.
Пасля канцэрта ўдзельнікі і госці свята наведалі дом, дзе нарадзіўся Чэслаў Немэн, каб у чарговы раз адчуць непаўторны дух “генія месца”, што прысутнічае ў невялікай вёсачцы, якая да гэтага часу прываблівае тысячы прыхільнікаў творчасці нашага славутага земляка.
Сяргей КАСПЯРЧУК.
Фота аўтара.