Неману – чыстыя берагі. Актывісты БРСМ і валанцёры прынялі актыўны ўдзел у міжнароднай экалагічнай акцыі

 

Моладзь Шчучыншчыны далучылася да міжнароднай экалагічнай акцыі “Rіvеr СlеаnUp” і на чале з першым сакратаром РК  ГА “БРСМ” Вікторыяй Куцэйка ў мінулую суботу выехала ў раён вёскі Зачэпічы, каб ачысціць берагавую лінію Нёмана ад смецця, якое, на жаль, не заўжды прыбіраюць за сабой шматлікія аматары адпачынку, турысты і рыбакі. Падобныя мерапрыемствы на Гродзеншчыне праходзяць не ўпершыню, да папулярнай акцыі далучаюцца цэлымі працоўнымі калектывамі, і з кожным годам забруджаных тэрыторый у прынёманскім краі становіцца ўсё менш.

 

-- Прыемна, што на наш заклік дружна адгукнуліся педагогі і навучэнцы Шчучынскага сельскагаспадарчага ліцэя, лідары “пярвічак” БРСМ гарадскіх арганізацый і прадпрыемстваў, -- канстатуе Вікторыя Куцэйка. -- Разам з намі ўдзельнічала ў добрай справе і наша зямлячка -- галоўны спецыяліст аддзела праектнай дзейнасці Гродзенскага абкама БРСМ Анастасія Цынгалёва.

-- Сёлета гэта акцыя праходзіць пры падтрымцы Гродзенскага абласнога камітэта прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя. Яна накіравана на экалагічнае выхаванне насельніцтва. Яшчэ адна мэта -- прывесці ў парадак прыбярэжныя зоны рэк і вадаёмаў напярэдадні масавага летняга адпачынку на ўлонні прыроды, -- дадае начальнік Шчучынскай раённай інспекцыі ПРіАНА І.Б. Вянцковіч, які таксама далучыўся да акцыі. – У гэтай сувязі хочацца звярнуцца да тых, хто любіць прыязджаць у маляўнічыя мясціны: пакідайце пасля сябе чыстыя берагі і вадаёмы, часцей задумвайцеся над экалагічнымі праблемамі, якія тычацца ўсіх і кожнага. Гэта зусім нескладана – сабраць пасля сябе смецце і адвезці яго ў прызначанае месца.

Між тым мяхі, напоўненыя пустымі пэт-бутэлькамі, бляшанкамі, упаковачнымі пакетамі, красамоўна гаварылі аб нізкай экалагічнай культуры вельмі многіх нашых суайчыннікаў. Хочацца думаць, што юныя валанцёры, якія прымалі ўдзел у гэтай акцыі, заўсёды будуць беражліва адносіцца на навакольнага асяроддзя і паслужаць прыкладам для іншых.

 Транспарт для вывазу смецця быў прадастаўлены Шчучынскім лясгасам. Унёс свой уклад у агульную працу і старшыня Орлеўскага сельвыканкама Андрэй Георгіевіч Шэршань.

Таццяна СТУПАКЕВІЧ.

 
Подписывайтесь на нас в Яндекс.Дзен, Telegram и Viber!