“Не старэюць душой ветэраны”. У Іўі прайшоў абласны фестываль народнай творчасці ветэранаў, дзе паспяхова выступілі нашы шчучынцы

– У гэтым песенным свяце бралі удзел каля 350 чалавек, самаму старэйшаму з якіх было, не паверыце, 88 год! – распавядае вядучы метадыст аддзела арганізацыйна-метадычнай работы Шчучынскага РЦКіНТ Анастасія Тарас. –  Сярод 12 творчых калектываў Гродзеншчыны наш хор ветэранаў працы і Узброеных Сіл выдзяляўся імпазантнасцю, сваім адметным рэпертуарам, сапраўдным выканаўчым майстэрствам. Не здарма ж спецыяльнымі дыпломамі былі адзначаны мастацкі кіраўнік хору Генадзій Паноў, абаяльны дуэт у складзе Віктара Анашкіна і Вольгі Крыкавай. Дый увогуле ўсе ўдзельнікі хору вярнуліся з фестывалю з памятнымі падарункамі і найлепшымі ўражаннямі.

 

– Мы вельмі адказна рыхтаваліся да гэтага выступлення. Было шмат рэпетыцый і “прагонаў” канцэртнай праграмы, – дадае акампаніятар і кіраўнік хору Генадзій Аляксеевіч Паноў. – Песні “Вось салдаты ідуць”, “Салдацкія сны” і іншыя выклікалі ў сэрцах слухачоў шчыры водгук. Лічу, што гонарам нашага калектыву з’яўляецца не толькі вышэйпамянёны дуэт, але яшчэ і творчы альянс “трох мушкецёраў” – падпалкоўнікаў Віктара Анашкіна, Аляксея Зайцава і Івана Берташа. Зрэшты літаральна кожны ўдзельнік калектыву заслугоўвае ўхвальных слоў і вялікай павагі за працу душы і шчырую любоў да сцэны.

 

Удзельнікаў фестывалю цёпла віталі старшыня Іўеўскага раённага Савета дэпутатаў Аляксандр Хвасько і начальнік упраўлення культуры Гродзенскага аблвыканкама Алена Клімовіч. У склад журы ўваходзілі прафесіяналы. Вельмі добразычлівай і шчодрай на апладысменты аказалася публіка.

 

– На такія фестывалі і яркія выступленні ветэранскіх калектываў абавязкова павінна хадзіць моладзь, бо гучала столькі песень, пранізаных патрыятызмам, любоўю да Радзімы, так хораша і артыстычна выконваліся творы, што знітоўваюць пакаленні, а ў вачах пажылых выканаўцаў па-маладому загараліся гарэзлівыя агеньчыкі! – кажа Анастасія Тарас. – Усё гэта запатрабавана, усё гэта цудоўны прыклад для моладзі. Наш хор заўжды быў нястомным у сваёй канцэртна-гастрольнай дзейнасці, а фестывальны поспех дакладна дасць гэтаму напрамку новы энергетычны і творчы імпульс.

 

Таццяна СТУПАКЕВІЧ.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!