Не губляць спартыўны дух дапамагае … сацыяльная работа. Экс-педагог Яніна Мілінкевіч расказала, як знайшла новую справу па душы

 

– Вы нават не ўяўляеце сабе, якім надзейным сябрам з’яўляецца для мяне веласіпед, – усміхаецца Яніна Мілінкевіч, якая доўгі час працавала ў школе выкладчыцай фізічнай культуры, любімую прафесію заўжды лічыла сваім прызваннем і, здавалася, ні за што на свеце не памяняе яе ні на якую іншую.

 

Але маленькую школку ў Лычкаўцах неўзабаве закрылі, а сядзець без справы энергічная і актыўная Яніна Іосіфаўна не прывыкла. Мабыць таму, на прапанову інспектара аддзялення сацыяльнай дапамогі на даму Алены Васільеўны Кудзерка адказала згодай. І вось ужо на працягу васьмі год яна – сацыяльны работнік. Як сцвярджае адміністрацыя тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, адзін з лепшых у раёне! Усюды паспець, зрабіць безліч добрых спраў, вырашыць мноства задач нашай гераіне дапамагаюць вялікае пачуццё адказнасці, аптымізм, спартыўная загартоўка і … двухколы транспарт.

 

У прыгожы кастрычніцкі дзянёк мы “перасякліся” з Янінай Мілінкевіч у гарадскім пасёлку Астрына, дзе яна жыве і працуе. Гутарка атрымалася шчырая, і найболей – пра восень жыцця.

 

– Мяне заўсёды радуе, калі бачу, што дзеці дапамагаюць і падтрымліваюць сваіх старэнькіх бацькоў, тады мае падапечныя літаральна ажываюць, вылучаюць столькі пазітыву, расказваючы аб прыездзе дзяцей ці ўнукаў! – дзеліцца сваімі назіраннямі Яніна Іосіфаўна. – Упэўнена, такія эмоцыі людзям сталага веку надаюць дадатковую энергію і жыццёвую сілу.

 

Пад апекай сацыяльнага работніка Я.І. Мілінкевіч зараз сем адзінокіх і адзінока пражываючых. Самай малодшай з бабуль крыху за семдзесят, а самай старэйшай – 87. Ёсць на сацыяльным абслугоўванні і людзі з інваліднасцю, якім патрабуецца асаблівая ўвага.

 

Мы разам ідзём да адной з “падшэфных” – Аляфціны Аркадзьеўны Кашчэй. Ва ўтульнай кватэры валадарыць проста ідэальны парадак. Нягледзячы на салідны ўзрост, гаспадыня не мяняе свае правілы, імкнецца, каб кожная рэч была на сваім месцы, каб было чысцютка і квітнелі вазоны, а пад рукой заўжды ляжалі сямейныя альбомы. Так лягчэй змагацца з адзінотай.

 

Па мяккай расійскай гаворцы Аляфціны Аркадзьеўны беспамылкова ўгадваю, што яна яўна не з кагорты карэнных астрынчан.

 

– Так і ёсць, – здзіўляецца жанчына, якая даўно лічыць Беларусь другой радзімай, і няспешна пачынае распавядаць сваю гісторыю, – гэта мой муж мясцовы, служыў у войску на Урале, адтуль і прывёз мяне ў Астрыну. Жылі дружна і сумленна, на будоўлі працавалі. Ды вось гора зашмат пабачыла ў гэтым жыцці. Пахавала і мужа, і сына, і ўнучку... Адзіны ўнук Коля, дзякуй Богу, не забывае мяне, дый сацыяльны работнік заўжды спяшаецца на дапамогу. Яніна Іосіфаўна не толькі падтрымлівае ў бытавых пытаннях, але і не раз ратавала мне жыццё, хуткую дапамогу выклікала, лекі купляла. Я ёй вельмі ўдзячна за добрае сэрца: хай бы ўсе людзі такімі былі! І дзяржаве нашай дзякуй хачу сказаць: гэта проста шчасце, што ёсць такая служба, дзе дапамагаюць адзінокім ды нямоглым людзям.

 

Знаходзіць кантакт і агульную мову з людзьмі, падтрымліваць іх, накіроўваць у пазітыўнае рэчышча – у гэтым Яніна Іосіфаўна бачыць сутнасць сваёй другой прафесіі, хоць і пра першую, між іншым, не забывае. Яна з задавальненнем абараняла гонар свайго тэрытарыяльнага цэнтра на спартыўных спаборніцтвах, удзельнічала ў “Шчучынскай лыжні”, гатова паказаць усім зацікаўленым аздараўленчы комплекс фізічных практыкаванняў, бо здаровы лад жыцця і ёсць падмурак актыўнага даўгалецця.

 

З прыбліжэннем зімы турбот у сацыяльнага работніка прыбаўляецца ў разы. І тут, у ацяпляльны сезон, перасцярога за бяспеку жыцця падапечных не бывае лішняй. Яніна Іосіфаўна не толькі акружае “сваіх бабуль” клопатам, але і з уласцівым педагогу тактам вучыць, кантралюе, што называецца, працуе на прафілактыку.

 

І хоць практычна рабочы дзень у сацыяльнага работніка нерэгламентаваны, таму што дапамога пажылому чалавеку можа спатрэбіцца і раным-рана, і ўначы, аднак Яніна Іосіфаўна шчодра дзеліцца сваім душэўным цяплом са сваімі блізкімі. Яе вельмі любяць унукі, з якімі спартыўная бабуля, што называецца, на адной хвалі, з павагай і пяшчотай адносяцца дзеці. Дачка Кацярына пайшла па матуліных слядах і стала педагогам, выкладае гісторыю і грамадазнаўства ў адной з лідскіх школ і падрыхтавала па сваіх прадметах двух пераможцаў рэспубліканскіх алімпіяд. А сын Юрый – прадпрымальнік, жыве і працуе ў Гродне, але не забывае родны пасёлак і бацькоўскі дом.

 

– Самае галоўнае ў жыцці чалавека – гэта дружная сям’я, цікавая работа і ўменне цаніць жыццё, пакінуць на жыццёвым шляху добры след, – пераканана Яніна Іосіфаўна.

 

Таццяна СТУПАКЕВІЧ.

Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Яндекс.Дзен, Telegram и Viber!