Найлепшая ім узнагарода – наша памяць

У гэтыя майскія дні ветэраны Шчучыншчыны прымалі шматлікіх гасцей. Павіншаваць салдат Перамогі са святам прыехаў і старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў Юрый Тадэвушавіч Пашук, а разам з ім спецыяліст па ідэалагічнай рабоце  ААТ “Васілішкі” Святлана Міхайлаўна Габіс, старшыня ветэранскай арганізацыі гэтай жа гаспадаркі Ніна Пятроўна Ліпская і старшыня прафсаюза сельгаспрадпрыемства Валянціна Іосіфаўна Бакун. 

Былы франтавік Ю.Л. Падзялінскі быў рады сустрэчы і вельмі расчулены клопатам.
– Ваша ўвага для мяне найлепшая ўзнагарода, – не хавае эмоцый Юзэф Людвікавіч. – Жадаю, каб вам ніколі не давялося перажыць тое, праз што я прайшоў у вогненныя саракавыя. Вайна – гэта страшна: усюды голад і смерць. Але мы выстаялі і загналі ворага ў яго логава. Менавіта пад Берлінам я і сустрэў Перамогу. Многія мае аднапалчане спачатку не верылі, што гітлераўцы капітуліравалі, думалі, што фашысты зноў задумалі штосьці каварнае. Хутка ўсе падазрэнні развеяліся, і радасці нашай не было канца. І па сённяшні дзень я лічу 9 Мая самым вялікім святам.


З такім жа бадзёрым настроем сустракаў гасцей і ветэран Вялікай Айчыннай вайны Іван Іосіфавіч Касперка. Яму таксама ўручылі кветкі і каштоўныя падарункі. 
У той дзень пажаданні ветэранаў былі аднолькавымі: няхай больш ніколі не будзе вайны!
Аляксандр КАСПЯРЧУК.
Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!