Навык, які ратуе жыццё. Чаму важна вучыць дзяцей плаваць і з якога ўзросту пачынаць прывучаць іх да вады?

 

Бяспека на вадзе – важная справа, увагу якой трэба надаваць яшчэ з дзяцінства. Адказныя бацькі павінны вучыць сваіх дзяцей правільным паводзінам на вадаёме і сваімі ўчынкамі паказваць добры прыклад. Аднак ведаць правілы і рэкамендацыі недастаткова, важна таксама надаваць увагу практычным навыкам, якія могуць выратаваць жыццё пры небяспечным здарэнні на вадзе. Вядома, гаворка ідзе пра ўменне плаваць.

 

Усе ведаюць, што плаванне з’яўляецца карысным для фізічнага здароўя, аднак не ўсе бацькі бачаць неабходнасць у навучанні гэтаму навыку сваіх дзяцей. І дарэмна, бо ўменне плаваць можа спатрэбіцца чалавеку ў розных надзвычайных сітуацыях. Штогод на вадзе адбываецца вялікая колькасць няшчасных выпадкаў менавіта праз няўменне плаваць. Вялікі працэнт такіх здарэнняў прыпадае на дзяцей.

 

Калі ўсіх дзяцей з самых ранніх гадоў вучыць упэўнена трымацца на вадзе і праплываць невялікія адлегласці, то можна пазбегнуць шматлікіх непрыемнасцяў і захаваць мноства дзіцячых жыццяў.

 

Як адзначыў старшыня Шчучынскай раённай арганізацыі ТВВАД, старшы матрос-ратавальнік Валерый Шаг, вучыць дзяцей плаваць можна пачынаць яшчэ да школы, аптымальным лічыцца шасцігадовы ўзрост.

 

– Лепш за ўсё вучыцца плаванню на секцыях ў спецыяльных басейнах. Там ёсць кваліфікаваныя інструктары, якія маюць адпаведныя веды, што дазволіць хутка і эфектыўна засвоіць асноўныя тэхнікі. Таксама вучыцца плаваць можна падчас купальнага сезона на дазволеных для гэтага вадаёмах. У такім выпадку бацькі могуць звяртацца па дапамогу да ратавальнікаў, якія навучаць азам плавання і, магчыма, падбяруць патрэбны інвентар, – расказвае Валерый Шаг.

 

Алег ШЫШЛОЎСКІ.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!