Наводзяць парадак вясковай талакой. Даведаліся, як у Астрынскім сельсавеце праходзіць месячнік па санітарнай ачыстцы населеных пунктаў і навядзенні парадку на зямлі

Месячнік па санітарнай ачыстцы населеных пунктаў і навядзенні парадку на зямлі ахоплівае ўсю тэрыторыю Шчучынскага раёна. Не з’яўляецца выключэннем і Астрынскі сельсавет, на гэтым тыдні мерапрыемствы па навядзенні парадку там ідуць поўным ходам. Асаблівая ўвага надаецца ўборцы тэрыторыі вакол помнікаў і абеліскаў, якія прысвечаны падзеям Вялікай Айчыннай вайны.

 

Працэс навядзення парадку на тэрыторыі Астрынскага сельсавета каардынуецца сельвыканкамам. Кожны год пасля зімы аналізуецца стан помнікаў, пасля чаго замацаваныя за імі арганізацыі ці мясцовыя жыхары займаюцца добраўпарадкаваннем.

 

У вёсцы Кобраўцы мясцовыя жыхары і прадстаўнікі сельвыканкама выйшлі на ўборку тэрыторыі вакол помніка ў памяць аб загінулых падчас Вялікай Айчыннай вайны землякоў.

 

 

– Тэрыторыя ля гэтага помніка прыбіраецца кожны год, – дзеліцца старшыня Астрынскага сельвыканкама Наталля Лебядзевіч. – Летась работнікі Шчучынскага ПМС прывялі памятны знак у добры стан, а да 9 мая гэтага года плануюць зрабіць тут адмостку і дарожку. Гэтымі працамі зоймуцца прафесіяналы, а парадак на зямлі забяспечваюць неабыякавыя грамадзяне. Сабяром усё лісце, пабелім дрэвы, і тэрыторыя будзе мець прывабны выгляд, месца будзе чысценькім і акуратным.

 

 

Увогуле на тэрыторыі Астрынскага сельсавета знаходзіцца самая вялікая колькасць помнікаў і абеліскаў, якія прысвечаны падзеям Вялікай Айчыннай вайны ў Шчучынскім раёне, іх тут 14. Вядома, што кожнаму такому аб’екту надаецца належная ўвага. У Кобраўцах людзей на суботнікі збірае стараста Ганна Крываблоцкая, яна падзялілася з намі сваімі думкамі:

 

– Уборка такіх месцаў – гэта перш за ўсё ўшанаванне памяці аб тых, хто загінуў за нас падчас вайны. Для нашай вёскі гэта ўжо трывалая традыцыя. Перад рэлігійнымі святамі мы прыбіраем крыжы, якія знаходзяцца непадалёку, а потым пераходзім да памятнага знака. Нашых вяскоўцаў не трэба ўпрошваць: аднаму сказаў, другі іншаму перадаў, і вось у нас ужо сабралася каманда для ўборкі. Нават старыя людзі прыходзяць дапамагчы…

 

 

– Праца гэта карысная і патрэбная, – адзначае мясцовы жыхар Станіслаў Сімановіч. – Вельмі важна прыцягваць да такіх мерапрыемстваў моладзь, каб не забывалі нашых продкаў, якія палеглі ў той страшнай вайне. Калі мы не будзем ведаць сваю гісторыю, то ў нас не будзе будучыні, таму мы тут.

 

Часта наводзіць парадак каля памятнага знака ў Кобраўцах прыходзяць сем’ямі. Так, сёлета лісце пры дарозе прыбіраюць бацька і сын Іосіф і Юрый Хохі.

 

 

– Кожны год прыходзім сюды з сынам, – кажа Іосіф Сямёнавіч. – Трэба ж помнік захоўваць у добрым стане, каб ён дайшоў да нашых унукаў і праўнукаў, каб памяць жыла.

 

Бадай што самы вядомы напамін аб жахах вайны на тэрыторыі нашага раёна знаходзіцца таксама ў Астрынскім сельсавеце – гэта мемарыяльны комплекс “Зінякі”. Абеліск у Зіняках замацаваны за Шчучынскай МПМК-167. Спецыялісты гэтай будаўнічай арганізацыі штогод прыязджаюць сюды, каб абнавіць і добраўпарадкаваць помнік. Сёлета брыгада маляроў займаецца ачысткай ад моху і афарбоўкай абеліска.

 

 

Алег ШЫШЛОЎСКІ.

Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!