Наша сіла – у адзінстве! Са святам!

 

Што аб’ядноўвае гэтых людзей розных пакаленняў? Бязмежная любоў да сваёй Радзімы, жаданне бачыць яе заўсёды мірнай, свабоднай і квітнеючай, імкненне ўнесці свой значны ўклад у развіццё роднай Бацькаўшчыны…

 

Адзінаццаць год кіраваў Шчучынскім раёнам Ганаровы грамадзянін нашага горада Сяргей Іосіфавіч Ушкевіч. І ўвесь той час наша родная Шчучыншчына будавалася, развівалася і прыгажэла. Кіраўніком па ваенна-патрыятычным выхаванні працуе ў гімназіі г. Шчучына лётчык, ветэран афганскай вайны, старшыня раённай арганізацыі ГА “Беларускі саюз афіцэраў”, падпалкоўнік у адстаўцы Віктар Пятровіч Ляшчанка. Хто як не ён можа навучыць рабят па-сапраўднаму шчыра і аддана любіць сваю Радзіму?! Самую высакародную прафесію – дапамагаць людзям – выбрала ў свой час равесніца маладой Беларусі урач-афтальмолаг Кацярына Вітольдаўна Смарыга. Прыклад для ўсёй моладзі – старшыня Маладзёжнага парламента пры Шчучынскім раённым Савеце дэпутатаў, старшыня камісіі па дасягненні мэтаў устойлівага развіцця Рэспубліканскага дзіцячага і падлеткавага парламента гімназістка Дар’я Барыш.

 

Сёння – ім слова!

 

Сяргей УШКЕВІЧ:

 

– Для мяне асабіста, як і для ўсёй нашай краіны, Дзень народнага адзінства вельмі важнае свята. Менавіта 17 верасня 1939 года ўвесь беларускі народ змог аб’яднацца, жыхары заходніх рэгіёнаў адчулі сябе часткай вялікай дружнай сям’і. На долю беларусаў прыйшлося шмат выпрабаванняў, толькі мы ўсё вытрымалі дзякуючы свайму адзінству і вялікай любові да сваёй Радзімы.

 

Шчыра радуюся за любімую Шчучыншчыну і за ўсю нашу краіну: мы ўпэўнена развіваемся і, не гледзячы ні на што, крочым наперад. Заўсёды стараюся прымаць удзел ва ўсіх урачыстых мерапрыемствах, якія ладзяцца ў нашым раёне. А часам проста сядаю ў аўтамабіль і накіроўваюся ў гаспадаркі нашага раёна, каб палюбавацца на апрацаваныя палі, пагутарыць з кіраўнікамі, надыхацца водарам роднай зямлі… Ніколі не забываю і тое месца, дзе нарадзіўся, даглядаю бацькоўскі дом, помню і шаную свае карані…

 

Віктар ЛЯШЧАНКА:

 

– 17 Верасня на самой справе ўсенароднае свята. Больш за сто год таму, у 1921 годзе, па выніках польска-савецкай вайны 1919-1920 гадоў у Рызе было заключана мірнае пагадненне, у выніку якога беларуская нацыя і яе этнічная тэрыторыя аказаліся раздзеленыя на часткі. Амаль дваццаць год беларускі народ, які апынуўся пад уладай палякаў, не меў ніякіх правоў. У 1939 годзе Чырвоная Армія ўсё паставіла на свае месцы. Цяпер мы адзіныя, і гэта дарагога каштуе! Сёння мы перажываем складаны час, але мы моцныя, мы разам і мы з усім справімся.  Галоўнае, што мы жывём у міры і згодзе, захоўваем лепшыя традыцыі, працуем на сваёй зямлі і развіваем сваю краіну.

 

Заўсёды тлумачу сваім выхаванцам, што яны павінны бязмежна любіць сваю Радзіму, захоўваць мір і ў любы час быць гатовымі абараніць Айчыну ад ворага. Гэта іх свяшчэнны абавязак, які запісаны ў Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь.

 

Кацярына СМАРЫГА:

 

– Дзень народнага адзінства аб’ядноўвае ўсе пакаленні нашай краіны. Мы разам адзначаем гэта свята, разам помнім гісторыю, шануем лепшыя традыцыі беларускага народа. Мы імкнёмся захаваць усё тое, што многа год таму здабылі для нас нашы продкі: самае галоўнае – мір у нашай краіне.

 

І сёння ў кожнага беларуса ёсць магчымасць рэалізаваць сябе. Як медыцынскі работнік магу паспяхова працаваць у сваёй прафесіі, выкарыстоўваючы сучаснае абсталяванне, і рэальна дапамагаць людзям. Медыцына развіваецца, а на гэтыя мэты ў нашай дзяржаве накіроўваюцца значныя сродкі.
Выдатна, што і нашы дзеці могуць атрымаць дастойную адукацыю: вельмі задаволена тымі ведамі, што атрымлівае мая дачушка-другакласніца ў гімназіі, і прафесіяналізмам педагогаў. Мы жывём у сацыяльна арыентаванай краіне, краіне для людзей.

 

Дар’я БАРЫШ:

 

– Дзень народнага адзінства адносна маладое, але вельмі важнае свята. Для моладзі ў нашай краіне, без перабольшвання, адкрыты ўсе шляхі! Мы, як ніколі раней, маем магчымасць нават прымаць удзел у кіраванні нашай краінай. Актыўна ўдзельнічаем у розных мерапрыемствах, патрыятычных акцыях. Вось і сёння, 16 верасня, у Нацыянальным цэнтры мастацкай творчасці дзяцей і моладзі адбудзецца маладзёжны форум. Мы любім нашу родную Беларусь, шануем гісторыю і зробім усё для таго, каб яна развівалася і квітнела.

 

Ганна РУДСКАЯ.


 

Паважаныя жыхары і госці Шчучынскага раёна!

 

Прыміце самыя шчырыя віншаванні з Днём народнага адзінства!
На сваім тысячагадовым шляху да самавызначэння беларускі народ годна пераадолеў шматлікія спробы пазбавіць яго гістарычнай перспектывы, культурнай і духоўнай самабытнасці.
Дата 17 верасня – сімвал гістарычнага афармлення беларускай нацыі і шчырага імкнення беларусаў жыць адной сям’ёй ва ўласным мірным доме. Здабыўшы цэласнае аблічча ўтульнай і гасціннай дзяржавы ў цэнтры Еўропы, уз’яднаная Беларусь стала месцам моцы для мільёнаў грамадзян, якія з гонарам выстаялі ў складаных перыпетыях XX стагоддзя і сёння стаяць на варце суверэнітэту і незалежнасці роднай зямлі.
Аб’яднаныя марай аб квітнеючай Беларусі, атрымліваючы ўрокі з нашай гісторыі, мы ў міры і згодзе сваёй стваральнай працай будуем агульную будучыню. Умацоўваючы беларускую дзяржаўнасць, мы разам працягваем свой шлях да новых вяршыняў і яркіх перамог, якімі будуць ганарыцца нашы нашчадкі. Наша агульная задача сёння – зберагчы і прымножыць бясцэнную спадчыну.
Са святам вас, паважаныя землякі, з Днём народнага адзінства! Моцнага вам здароў’я, дабрабыту і мірнага неба над нашай Айчынай. Няхай у кожным доме, у кожнай сям’і пануюць узаемаразуменне, згода, спакой і дабро!

 

Шчучынскі раённы выканаўчы камітэт.Прэзідыум  Шчучынскага раённага Савета дэпутатаў.


 

Дорогие жители Щучинского района!

 

Поздравляю вас с Днем народного единства!
Этот праздник воплощает главные нравственные ценности нашего народа: дань глубокого уважения мудрости наших предков, сплочённость, стремление к добру, взаимную поддержку. Беларусь – наша общая Родина, и её будущее создаётся сегодня и зависит от каждого из нас.
Пусть День народного единства станет праздником доброты, великодушия, заботы о ближнем. И поможет нам воплотить в жизнь достойные помыслы об укреплении нашей любимой страны.
Желаю вам счастья, мира и благополучия, успехов в работе на общее благо!

 

С уважением, Павел МИХАЛЮК, депутат Палаты представителей Национального собрания Республики Беларусь.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!