Наша школа цяпер вельмі нагадвае вялікую, у прыемных цёплых колерах, вясёлку. Адразу ўсім зразумела: тут вучацца дзеці

Гэта радкі з міні-сачынення вучаніцы 6 “А” класа СШ №2 г. Шчучына Эвеліны Кравец. У сваіх невялікіх творчых работах рабяты-шасцікласнікі падзяліліся сваёй вялікай радасцю: цяпер іх любімая школа выглядае як новая.

З цікавасцю накіравалася ў школу і я. Добра помню, як выглядала гэта ўстанова адукацыі да пачатку рамонтных работ. Пераступаю парог – і зусім не пазнаю былы будынак! Навокал – такая прыгажосць!
– Цяпер тут створаны самыя камфортныя ўмовы для арганізацыі вучэбнага працэсу, – радуецца дырэктар СШ №2 г. Шчучына Уладзімір Антонавіч Жданко. – Выкананы каласальны аб’ём работ за даволі кароткі тэрмін. І сродкі ўкладзены вялікія – каля чатырох мільёнаў рублёў.


Як расказаў Уладзімір Антонавіч, у школе заўсёды былі праблемы з падтрыманнем неабходнага тэмпературнага рэжыму. І дарослыя, і дзеці спадзяюцца, што цяпер у кабінетах стане цяплей.
– Для гэтага прыняты ўсе меры, – расказвае дырэктар. – У нашым чатырохпавярховым будынку на даны момант устаноўлены ўсе пластыкавыя вокны – падчас правядзення рамонтных работ замянілі сто штук, якія яшчэ заставаліся драўлянымі. Захаваць цяпло дапаможа і цеплавая рэабілітацыя будынка. З выкананнем усіх патрэбных тэхналогій заменены дах. Акрамя таго, пракладзена новая сістэма ацяплення, устаноўлены новыя радыятары, працуе цеплавузел з сучасным абсталяваннем.


Што яшчэ змянілася ў школе?
– Раней, дзякуючы бойлеру, гарачай вадой быў забяспечаны толькі харчаблок, – тлумачыць Уладзімір Антонавіч. – Цяпер жа яна падведзена да кожнага ўмывальніка ў будынку старэйшых класаў. Адпаведна з’явілася магчымасць арганізаваць душавыя кабінкі ў раздзявалках у спартыўнай зале. Увогуле, падчас рамонтных работ былі цалкам заменены ўсе камунікацыі, у тым ліку і каналізацыя, усюды ўстаноўлена новая сантэхніка. Што немалаважна – абноўлена і сістэма вентыляцыі.

 
Але, напэўна, самы вялікі гонар школы – мадэрнізаваны харчаблок.
– Для пакупкі новага абсталявання было выдаткавана больш за 300 тысяч рублёў, – гаворыць Уладзімір Антонавіч. – У выніку мы атрымалі практычна новы харчаблок з адрамантаванымі цэхамі і складскімі памяшканнямі, і сталовую. Усюды пакладзена плітка.

А як змяніліся школьныя калідоры! Светлыя, прасторныя, з новымі падвяснымі столямі тыпу армстронг з уманціраванымі свяцільнікамі і з новым гамагенным пакрыццём на падлозе. Не пазналі рабяты і свае вучэбныя кабінеты з адрамантаванымі і пафарбаванымі сценамі і столямі, з новымі дзвярыма і асвятленнем, якое адпавядае санітарным патрабаванням. Пакуль яшчэ працягваюцца работы па ўстаноўцы амаль у 30 кабінетах, дзе прадугледжана праектам, убудаваных шаф.


Змянілі свой воблік спартыўная і актавая залы, бібліятэка.
– Спецыяльнае пакрыццё таўшчынёй 6 мм для спартыўнай залы заказвалі ажно ў Бельгіі, – расказвае Уладзімір Антонавіч. – Рамонтныя работы ў актавай зале і бібліятэцы не ўвайшлі ў праект, але былі выкананы за кошт эканоміі сродкаў.

У бліжэйшы час у школу паступіць новая мэбля ў 12 вучэбных кабінетаў, набытая за сродкі з раённага бюджэту: парты, крэслы, шафы, сталы для настаўнікаў, а таксама крэслы ў актавую залу… А яшчэ згодна з праектам “Мадэрнізацыя сістэмы адукацыі ў Рэспубліцы Беларусь” па пазыцы Сусветнага банка рэканструкцыі і развіцця СШ №2 г. Шчучына атрымае чатыры суперсучасныя кабінеты фізікі, хіміі, біялогіі і інфарматыкі з мэбляй і абсталяваннем.


– Вельмі важна, што цяпер у нашай установе адукацыі надзейная сістэма бяспекі: устаноўлены сучасная сістэма апавяшчэння і аўтаматычная пажарная сігналізацыя, – працягвае Уладзімір Антонавіч. – Для больш зручнай арганізацыі работы пракладзена лакальная вылічальная сетка. Сёння, аналізуючы ўвесь аб’ём праведзенай работы, мне хочацца сказаць вялікі дзякуй не толькі кіраўніцтву раёна і будаўнікам, але ўсяму калектыву нашай школы – педагогам і тэхнічнаму персаналу, вучням і іх бацькам. Мы ўсе разам наводзілі ў школе парадак, адмывалі, чысцілі, таты дзяцей выконвалі больш цяжкую работу, збіралі новую мэблю. Нам ніхто не адмовіў у дапамозе. Таму з пачаткам трэцяй чвэрці і пачаліся заняткі ў школе.
Канечне, паслухаць – гэта адно, а ўбачыць усё на свае вочы – зусім іншая справа. Таму разам з намеснікам дырэктара па выхаваўчай рабоце Аленай Іосіфаўнай Дубінінай мы накіраваліся на экскурсію па новай школе. І перш-наперш заглянулі ў сталоўку.

– Мы працуем у новых умовах усяго тыдзень, а ўжо ацанілі ўсю зручнасць і камфорт, – дзеліцца сваімі ўражаннямі шэф-повар Святлана Анатольеўна Гайдукевіч. – Новае абсталяванне дазваляе працаваць нашмат хутчэй. Многія аперацыі, якія мы раней выконвалі ўручную, цяпер аўтаматызаваны. На харчаблоку працуюць шэсць чалавек, кожны дзень нам трэба накарміць больш за 600 дзяцей. Таму здорава, што цяпер тэхнічныя магчымасці значна пашырыліся.
Мы абышлі ўсе паверхі, пабывалі ў вучэбных кабінетах, у спартыўнай і актавай залах… Што тут скажаш – школа атрымала новы твар.


Больш за іншых, напэўна, радуюцца самі вучні і не хаваюць сваіх эмоцый.
– Бачылі, якою прыгожай і ўтульнай стала сталовая! – гаворыць адзінаццацікласнік Арцём Гардзіеўскі. – Крэатыўна паклалі на сцены плітку, устанавілі новую зручную мэблю – толькі заходзіш і разумееш, што вучышся ў сучаснай школе. А спартыўная зала! Займацца там цяпер – адно задавальненне. А яшчэ павесяць колцы, установяць шведскую сцяну. Усё вельмі падабаецца!

Згодны з Арцёмам і Віталій Салкевіч, вучань 11 “А” класа.
– Здорава, што ў кабінеце інфарматыкі ўстанавілі сучасныя камп’ютары, – радуецца Віталій. – І ўвогуле, школа цалкам змяніла свой воблік. У фае з’явіліся лавачкі, прыгожай стала актавая зала, пахарашэў гардэроб.
– У школе стала так утульна і прыгожа, як дома, – лічыць сёлетняя выпускніца Анастасія Пярова. – Мы з радасцю дапамагалі дарослым наводзіць тут чысціню і парадак. Больш за ўсё, канечне, уразілі сталовая і спартыўная зала.

Радуюцца добрым зменам і настаўнікі.
– З нецярпеннем чакаем новы клас, – гаворыць настаўніца інфарматыкі Святлана Алегаўна Шулейка. – У рабят з’явіцца больш магчымасцей прымяняць свае веды і развівацца.
– Вельмі прыемна працаваць у такой прыгажосці і чысціні, – задаволена настаўніца хіміі Вольга Чаславаўна Карасевіч. – Новы кабінет хіміі з сучасным абсталяваннем стане для нас выдатным падарункам на наваселле.
Скажу я вам аўтарытэтна: школа нібы памаладзела! Кожную раніцу з выдатным настроем прыходзяць сюды дарослыя і дзеці: ім хочацца якасна працаваць і выдатна вучыцца. І для гэтага ў іх ёсць самыя лепшыя ўмовы!

Ганна РУДСКАЯ.
Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Яндекс.Дзен, Telegram и Viber!