“Арляняты” зноў на вышыні

На лядовай пляцоўцы ў аграгарадку Орля прайшоў адкрыты турнір па хакеі імя Сцяпана Пятровіча Шупені. У спаборніцтвах прынялі ўдзел чатыры каманды: “Арляняты”, хакейныя дружыны Орлеўскага і Ракавіцкага дзіцячых садкоў-сярэдніх школ, а таксама зборная Ваўкавыскага раёна.

Спартсмены і шматлікія балельшчыкі з нецярпеннем чакалі ўкідання шайбы. І вось прагучаў свісток, і лёд “закіпеў” пад канькамі юных хакеістаў. З першых секунд стала зразумела, што матчы пройдуць цікава: з мноствам вострых момантаў і забітых галоў. У той дзень за “Арлянятамі” немагчыма было ўгнацца! Прадэманстраваўшы выдатную камандную гульню і высокі ўзровень майстэрства, яны ўпэўнена абыгралі ўсіх сваіх сапернікаў, а ў фінале “ўсухую” разграмілі апанентаў з Ваўкавыска з лікам 10:0. Прызёры былі ўзнагароджаны кубкамі, дыпломамі і памятнымі падарункамі.


– Падобныя турніры дапамагаюць папулярызаваць хакей у нашым раёне, – зазначае трэнер каманды “Арляняты” Уладзімір Уладзіміравіч Хэлскі. – Рабяты выходзяць на лёд і перамагаюць – ці гэта не здорава?! Да ўсяго спаборніцтвы сталі для маіх выхаванцаў дадатковай трэніроўкай перад абласным этапам турніру “Залатая шайба”, які стартуе 4 лютага ў Лідзе. Я пераканаўся, што “Арляняты” знаходзяцца ў выдатнай фізічнай форме і гатовы перамагаць!
Аляксандр КАСПЯРЧУК.