Наш зямляк Віталій Жук, які прафесійна займаецца мнагабор’ем, увайшоў у склад беларускай спартыўнай дэлегацыі і выступіць на XXXII Алімпійскіх гульнях у Токіо

 

Наш зямляк Віталій Жук, які прафесійна займаецца мнагабор’ем, увайшоў у склад беларускай спартыўнай дэлегацыі на XXXII Алімпійскія гульні ў Токіо. У гэтыя дні ён разам з сябрамі па нацыянальнай зборнай праходзіць акліматызацыю ў сталіцы Японіі і рыхтуецца да сваіх першых стартаў, якія пройдуць 4 жніўня.

 

Яшчэ будучы школьнікам Віталій Жук цвёрда вырашыў, што стане прафесіянальным спартсменам. І запісаўся на секцыю па лёгкай атлетыцы, якую вёў трэнер Уладзімір Дзікевіч. Юнака з вялікімі спартыўнымі задаткамі хутка заўважылі на абласным узроўні і прапанавалі займацца з трэнерам Мікалаем Катом, каб у вучылішчы алімпійскага рэзерву развівацца канкрэтна ў мнагабор’і.

– Мой міжнародны дэбют адбыўся ў 2015 годзе: у складзе нацыянальнай зборнай выступіў на юніёрскім чэмпіянаце ў Швецыі, – успамінае Віталій Жук. – Тады заняў восьмае месца ў праграме дзесяцібор’я.

 

Паступова справы пайшлі ў гару, і я дабіўся немалых поспехаў на спаборніцтвах самага высокага ўзроўню. Асабісты рэкорд у 8290 ачкоў на чэмпіянаце Еўропы ў Берліне прынёс мне бронзавы медаль у дзесяцібор’і. У камандным першынстве Еўропы ў Луцку мы занялі другое месца, а ў асабістым заліку я быў лепшым.
Цяпер перад Віталіем новая планка – Алімпійскія гульні ў Токіо. На галоўныя старты чатырохгоддзя ён паехаў у сталіцу Японіі разам з жонкай Ірынай Жук, якая паспрабуе свае сілы ў праграме скачкі ў вышыню з шастом. Настрой у спартыўнай сям’і баявы, таму ўпэўнены, што лёгкаатлеты выкладуцца па поўнай і выступяць рэзультатыўна.

 

 

– Трапіць на Алімпійскія гульні марыць кожны спартсмен, і я – не выключэнне, – дзеліцца Віталій Жук. – Усё жыццё я ішоў да гэтай мэты і ў рэшце рэшт дабіўся свайго! Вельмі ганаруся тым, што мне даверылі абараняць гонар Беларусі на спаборніцтвах такога высокага ўзроўню. Безумоўна, гэта вялікая адказнасць.

 

Жадаючы павялічыць свае шанцы на перамогу, я займаўся з трэнерам па кіданні і штуршку ядра, каб падцягнуць гэтыя віды. У бягучым сезоне зрабіў адзін старт у Аўстрыі, дзе устанавіў асабісты рэкорд. Такім чынам пераканаўся, што бег, скачкі і кіданне ў мяне цяпер на аднолькава высокім узроўні. Спадзяюся прадэманстраваць гэта на Алімпійскіх гульнях у Токіо. Аднак і мае сапернікі – вельмі моцныя спартсмены: з многімі я знаёмы па выступленнях на розных спаборніцтвах, таму барацьба будзе сур’ёзнай і вельмі напружанай. Загадваць наперад не буду, але веру ў перамогу!

 

 

Заваяваць запаветныя медалі беларускім алімпійцам будзе няпроста: адчувальныя нязручнасці дастаўляюць іншы клімат і змена часавога пояса. Дадаткова накладваюцца антыкавідныя меры: усім спартсменам кожны дзень будуць рабіць тэст і толькі потым дапускаць на старт.

 

– Я прыкладу ўсе намаганні, каб максімальна хутка прабегчы сваю дыстанцыю, скокнуць далей за ўсіх і не адстаць у кіданні, – зазначае Віталій Жук. – Для гэтага я шмат трэніраваўся і цяпер знаходжуся на піку сваёй фізічнай формы.

 

За выступленнем Віталія і яго жонкі Ірыны будзе ўважліва сачыць і балець мама лёгкаатлета-дзесяціборца Наталля Шышла.

– Я прымаю актыўны ўдзел у спартыўным жыцці сына: ведаю ўсе яго графікі, радуюся чарговым поспехам і перамогам, – гаворыць Наталля Міхайлаўна. – На гэты раз таксама буду балець усёй душой, хоць з-за розніцы часавых паясоў трансляцыі будуць праходзіць глыбокай ноччу. Упэўнена, Віталій і Ірына адчуюць маю падтрымку нават за тысячы кіламетраў. Мы кожны дзень тэлефануем адзін аднаму, абменьваемся навінамі, фота і відэа, таму я ў курсе ўсіх падзей. Не сумняваюся, што мае дзеці зробяць усё для поспеху нацыянальнай зборнай! Жадаю ім моцнага здароўя, вынослівасці і ўдачы ва ўсіх стартах!
З нецярпеннем чакае старты свайго выхаванца на XXXII Алімпійскіх гульнях у Токіо першы трэнер Віталія Жука Уладзімір Дзікевіч.

 

– Прывёў Віталія ў лёгкую атлетыку ў 10-гадовым узросце і трэніраваў на працягу пяці гадоў, – з гонарам расказвае Уладзімір Часлававіч. – Ён цяпер прафесіянальны спартсмен, які даўно займаецца ў іншых трэнераў, аднак я працягваю ўважліва сачыць за яго спартыўнай кар’ерай і па магчымасці не прапускаю трансляцый з яго ўдзелам. Аналізуючы папярэднія спаборніцтвы Віталія, бачна, што да Алімпійскіх гульняў ён значна падцягнуў усе віды і цяпер знаходзіцца ў выдатнай фізічнай форме. Упэўнены, у яго ёсць усе шанцы заваяваць “золата”! Будзем балець за гэта ўсёй Шчучыншчынай!

 

Аляксандр КАСПЯРЧУК.
Фота з інтэрнэт-крыніц і архіва сям’і Жук.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!