Набыць шчупака ды выйграць пеўня можна было на Шчучынскім кірмашы, які зноў здзівіў багатым асартыментам і мясцовым каларытам

Трыдыцыйна  шчучынскі кірмаш “прапісаўся” на вуліца Леніна. Магчымасцю  выгадна набыць сельскагаспадарчую прадукцыю скарысталіся многія гараджане. Сваю прадукцыю прапаноўвалі не толькі мясцовыя гаспадаркі, прадпрыемствы і фермераў, але і госці з іншых рэгіёнаў.  

 

Прадпрыемствы раёна прывезлі поўныя машыну тавару. Напрыклад, ААТ “Васілішкі” прапанавалі пакупнікам 6 тон бульбы, 2 тоны морквы і столькі ж цыбулі, 1,5 тоны яблыкаў, тону капусты і 700 кілаграмаў жывой рыбы. ААТ “Шчучынаграпрадукт” прывёз на кірмаш 3 тоны бульбы, па адной тоне пшаніцы, ячменю і яблыкаў. Да таго ж рэалізоўваў мяса, хлебабулачныя вырабы, шашлык і іншае. Саўгас “Вялікае Мажэйкава” прывёз 5 тон бульбы, 3 тоны пшаніцы ды ячменю і лекавыя расліны.

      

Не засталіся ў баку ад мерапрыемства фермеры і прадпрымальнікі. Некаторыя прыехалі здалёк. Напрыклад, Уладзімір Рэкун на шчучынскі кірмаш завітаў са Слоніма. Ён – патомны пчаляр. Бацька, дзед і прадзед – усе займаліся пчоламі. 

– А вы спрабавалі белы мёд з акацыі? – пацікавіўся мужчына.

 Праз хвіліну я ўжо спрабавала мёд, а Уладзімір расказваў як правільна выбіраць натуральны прадукт. На маё здзіўленне, аказалася, што трэба нанесці крышачку мёду на запясце рукі і ўцерці  ў скуру. Калі пасля гэтага на скуры не засталося тлустай і салодкай плямы -- мёд натуральны. Дарэчы, плямы не засталося!

 А вось Станіслаў Даміняка – з тутэйшых. На восеньскім кірмашы прадаваў “жывы” тавар -- некалькі дзясяткаў пародзістых трусоў, курэй ды гусакоў.

         Пакупнікі, прызналіся, што засталіся задаволеныя асартыментам. Многія закуплялі прадукцыю на ўсю зіму. Хай сабе агульная сума за пакупкі ў многіх выходзіла немалая, аднак гараджане прадбачліва загадзя спланавалі свае расходы і адклалі грошы  на восеньскі кірмаш.  Дарэчы, кошт на сельскагаспадарчую  прадукцыю на кірмашы быў дэмакратычным, а капейка, як кажуць, рубель беражэ. Нават самыя патрабавальныя пакупнікі засталіся задаволенымі асартыментам не толькі саджанцаў, але і ўсяго тавару.  Попытам карысталіся збожжа, бульба, капуста, яблыкі, цыбуля, мяса і мясныя вырабы, рыба, яйкі, мёд, саджанцы дрэў.

Кожны шукаў на кірмашы, як кажуць, сваё.  Андрэй Гражынскі, напрыклад, набыў саджанцы.

 -- У мінулым годзе купіў саджанец антонаўкі і сёлета сабраў з маладога дрэва некалькі кілаграмаў яблыкаў, -- расказвае Андрэй. –Вось зноў набыў некалькі дрэўцаў!

 А вось Генадзій Ціцяк закупіўся бульбай.

 -- Кожны год прыходзім на кірмаш. Сёлета ён выдатны, усяго хапае. Можна закупіцца па поўнай праграме! У нас з жонкай агародніна ўрадзіла, а вось бульба не… Вырашылі купіць “Скарб”, паспрабаваць, -- тлумачыць свой выбар мой суразмоўца. – Каля дома ў нас участак – 7 сотак. Часнок урадзіў вось такі (дэманструе рукамі не благі памер агародніны), цыбуля крыху меншая.  

  На кірмашы сустрэча багата знаёмых. Кожны хоць штосьці, ды набыў. Адны неслі пакупкі ў руках, другія цягнулі на роварах, трэція везлі на аўтамабілях ды матацыклах. Для зручнасці працавала грузавое таксі. Старэйшаму пакаленню шчучынцаў дапамагалі валанцёры – актывісты РК БРСМ.

 

Адметна, што свята адчувалася ўсюды. Ля раённая бібліятэкі імя Цёткі на дыялог з кнігай заклікалі бібліятэкары, ля Шчучынскай дзіцячай школы мастацтваў развярнулася выстава работ таленавітых выхаванцаў установы, радавалі сваімі музычнымі кампазіцыямі мясцовыя музыкі.

Даспадобы прыйшлася гараджанам і вясёлая  тэатралізаваная пастаноўка, песні ды танцы, якімі парадавалі работніка Шчучынскага РЦКіНТ.

Горача віталі шчучынцы і народны ансамбль народнай музыкі «Лявоны» Воранаўскага раённага Дома культуры.

Як заўсёды цікава прайшла сельскагаспадарчая латарэя. За два рублі на кірмашы можна было выйграць мех бульбы, морквы, цыбулі, яблыкаў,  яйкі… Галоўным прызам сталі певень ды курыца! Дарэчы, спонсарам латарэі выступілі ААТ “Васілішкі” і “Шчучынаграпрадукт” і Шчучынская птушкафабрыка.

Падчас свята таксама былі выбраны лепшы каравай і сельскагаспадарчая кампазіцыя.  У лідарах абедзвюх намінацый-- работы філіяла “Жалудоцкі агракомплекс”!

Весела прайшла традыцыйная юмарыстычная рыбалка. Як кажуць, каб рыбку з’есці, трэба ў ваду лезці! Рыбакі Дзмітрый і Віктар пад апладысменты лавілі карпаў голымі рукамі!

Рэкорд паставіў Дзмітрый Худач, які злавіў ажно 15 рыбін!

Хто не хацеў лавіць рыбу рукамі, мог проста набыць яе. Дарэчы, зранку на шчучынскім кірмашы можна было купіць ладных шчупакоў!

На кірмашы актыўна працавалі разнастайныя падворкі, дзіцячыя пляцоўкі, выязны гандаль. Сваімі рукатворнымі вырабамі радавалі народныя ўмельцы.  Кірмаш прайшоў надзвычай цікава і ярка.

Той, хто не паспеў набыць садавіну і агародніну, зможа зрабіць гэта ў чарговыя выхадныя.

Ганна КАСПЕР.

Фота аўтара.

Што па чым?

Кошт 1 кг:

бульба –40-60 капеек за кілаграм,

капуста – 40-80 капеек,

морква – 40-55 капеек,

цыбуля – 50 капеек – 1 рубель,

буракі – 40-70 капеек,

яблыкі – 60 капеек – 1 рубель 80 капеек,

часнок – 5-8 рублёў,

памідоры—2-3 рублі.

Рыба:

шчупак – 6 рублёў 50 капеек,

амур – 6 рублёў 70 капеек,

карась – 3 рублі 15 капеек,

карп – 5 рублёў 45 капеек,

таўсталобік – 4 рублі.

 

 

 

 

 

 
Подписывайтесь на нас в Яндекс.Дзен, Telegram и Viber!