На выбары – усёй сям'ёй

Сёння, у апошні дзень датэрміновага галасавання, на Ражанкаўскім выбарчым участку №22 было даволі мнагалюдна. Усе, хто не зможа заўтра, у асноўны дзень галасавання прыйсці на ўчастак, палічылі сваім абавязкам зрабіць гэта сёння.

Сярод іх і Марыя Уладзіміраўна Шыцко. Яе муж Сяргей Юр'евіч ужо выканаў свой грамадзянскі абавязак –  прыняў удзел у выбарах. Аднак у Ражанкаўскі дз/с-СШ, дзе размяшчаецца ўчастак для галасавання, вырашыў прыйсці разам з жонкай, а таксама з дзецьмі, каб сыны – дзесяцікласнік Даніла і другакласнік Глеб, а таксама маленькая пяцігадовая дачушка Аляксандра – таксама адчулі важнасць моманту.

img_8538.jpg

– Мы заўсёды прымаем удзел у выбарах, – гаворыць Марыя Уладзіміраўна. – Аддаючы свой голас "за" ці "супраць", мы выбіраем будучыню для свайго рэгіёна, для сваёй краіны. Таму застацца ў баку ад такой важнай справы мы проста не можам.

Датэрміновае галасаванне працягнецца сёння да 19 гадзін.

Ганна РУДСКАЯ.

Фота аўтара.