На вуліцы Івана Мележа ў Шчучыне, якая знаходзіцца ў мікрараёне прыватнай забудовы “Плянты”, работнікі ДРБУ-161 распачалі маштабнае добраўпарадкаванне праблемнага дарожнага палатна

 

-- Каля працуючых экскаватараў нярэдка спыняюцца жыхары – аўтамабілісты і пешаходы, цікавяцца, што ды як тут будзе: якой шырыні праезная частка, дзе размесцяцца павільёны-прыпынкі гарадскога транспарту? -- дзеліцца прараб Наталля Смыслова. – Пачуўшы адказ, людзі не хаваюць сваё задавальненне. А гэта проста акрыляе!

 

Будаўніцтва дарогі, як вядома, распачынаецца з земляных работ. Зараз на вуліцы Івана Мележа задзейнічаны два экскаватары, трактар, пяць МАЗаў – усё гэта тэхніка ДРБУ-161. Перад тым, як зрабіць надзейную аснову з пясчана-гравійнай сумесі, трэба акуратна зняць раслінны грунт. Машыністы экскаватараў Васілій Дзекевіч і Алег Снацкі – людзі вопытныя, справу сваю робяць філігранна. На сумленне працуюць вадзіцель МАЗа Часлаў Дубейка, дарожны рабочы Алег Шырокі і многія іншыя. Кіруе работамі вопытны дарожнік Наталля Смыслова, якая 36 год назад прыехала ў Шчучын па накіраванні пасля заканчэння Гомельскага дарожна-будаўнічага тэхнікума, пачынала з майстра, дарасла да прараба ДРБУ-161, нязменна карыстаецца аўтарытэтам за свае дзелавыя і арганізатарскія якасці.

 

 

-- Самае прыемнае, калі вынік тваёй работы радуе людзей, -- гаворыць Наталля Юр’еўна. – Вось і гэта вуліца ў новым мікрараёне, дзе жывуць у асноўным маладыя сем’і з дзецьмі, абяцае быць прыгожай, прасторнай, сучаснай. У плане – 7-метровай шырыні шаша, з абодвух бакоў па метру абочыны і па паўтара метра -- заасфальтаваныя дарожкі, якімі могуць карыстацца як пешаходы, так і веласіпедысты. Немалаважна, што для будаўніцтва дарогі выкарыстоўваем свае мясцовыя матэрыялы: гравій будзе дастаўляцца з кар’ера “Спушанка”, што ля Дэмбрава, а асфальтабетон – з АБЗ на станцыі Ражанка. Непасрэдна да асфальтавання дарогі прыступім літаральна праз пару тыдняў – у кастрычніку.

 

Якасці ўдзяляем належную ўвагу. Свой жа любімы горад добраўпарадкуем!

 

 

Таццяна СТУПАКЕВІЧ.
Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!