На сумеснай з пашыраным пасяджэннем Орлеўскага сельвыканкама сесіі дэпутаты і запрошаныя абмяркоўвалі меры па павышэнні ўзроўню жыццезабеспячэння насельніцтва ў гэтым прынёманскім рэгіёне

Каб размова атрымалася канструктыўнай, у дыялогу прынялі ўдзел прадстаўнікі ключавых службаў раёна, якім і дэпутаты, і старасты вёсак мелі магчымасць задаць хвалюючыя пытанні. У рабоце сесіі Орлеўскага сельвыканкама прынялі ўдзел старшыня раённага Савета дэпутатаў Г.С. Хвядзюк і старшыня раённай арганізацыі прафсаюза работнікаў АПК Г.Ф. Шандроха. 

Кіраўнік Орлеўскага сельвыканкама А.Г. Шэршань у сваёй справаздачы расказаў прысутным, што было зроблена ў гэтым напрамку за мінулы год. А комплексны план мерапрыемстваў па павышэнні жыццезабеспячэння насельніцтва, што пражывае на тэрыторыі сельсавета, уключае ў сабе і добраўпарадкаванне населеных пунктаў, і ўдасканаленне сістэмы абслугоўвання вяскоўцаў, развіццё падсобных гаспадарак, сацыяльную абарону, фарміраванне здаровага ладу жыцця і іншыя мерапрыемствы, большасць з якіх удалося выканаць.


Так, бытавыя паслугі орлеўцам і жыхарам сельсавета аказвае комплексны прыёмны пункт аграгарадка Орля, а таварамі забяспечваюць 8 магазінаў Шчучынскага філіяла аблспажыўтаварыства і дзве прыватныя крамы. У 27-м населеных пунктаў рэгулярна наведваюцца аўталаўкі. Прысутныя ўзнялі пытанне аб аднаўленні работы магазіна ў Валянчыцах, дзе няма прадаўца. Як высветлілася, праблема кадраў у такіх невялікіх вёсках стаіць досыць востра і зараз на гэту вакансію шукаюць адказнага чалавека. 
Напярэдадні Радаўніцы асаблівую актуальнасць набывае добраўпарадкаванне могілак. Як падкрэсліў А.Г. Шэршань, сіламі РУП ЖКГ летась было знесена 7 небяспечных дрэў на могілках у Орлі і тры ў Турэйску, агароджаны новыя могілкі ў Ракавічах. Вельмі многае па навядзенні парадку на месцы вечнага спачыну ў вёсцы Борці зрабілі самі людзі.
– Важна, каб і далей падтрымліваўся належны догляд на могілках, былі ў добрым стане пад’язныя шляхі, – выказала сваё пажаданне старшыня раённага Савета дэпутатаў Ганна Станіславаўна Хвядзюк.
Абмяркоўваючы пытанне сельскіх дарог, была звернута ўвага на напрамак да вёскі Раманавічы, на іншыя «вузкія месцы». Прадстаўнік дарожнай службы паабяцаў, што грэйдзіраванне і падсыпка дарог будзе праводзіцца рэгулярна.


Збор і вываз бытавых адходаў, недапушчальнасць стыхійных звалак, знос старых збудаванняў – гэтыя і іншыя надзённыя тэмы таксама не засталіся па-за ўвагі прысутных.
Не маглі абысці на мясцовым форуме і такую вострую праблему, як п’янства і пажары. Летась на тэрыторыі Орлеўскага сельсавета адбылося 6 вогненных здарэнняў, пры гэтым тры чалавекі за сваю неабачлівасць паплаціліся жыццём. 
– Ці не зашмат трагедый для такога невялікага рэгіёна? – задаў рытарычнае пытанне першы намеснік начальніка РАНС С.В. Якімовіч. – Важна зрабіць вывады і не паўтарыць недаравальных памылак. Аўтаномны пажарны апавяшчальнік можа стаць выратавальнікам у самай непрадказальнай сітуацыі.
Сяргей Валер’евіч папярэдзіў вяскоўцаў, наколькі небяспечным насамрэч з’яўляецца выпальванне сухой расліннасці. Толькі за двое апошніх сутак менавіта з гэтай прычыны ў вобласці палыхалі 17 пажараў. 
Вынікі размовы падвяла старшыня раённага Савета дэпутатаў Г.С. Хвядзюк.
– Заўсёды і паўсюдна трэба наводзіць парадак на зямлі, – зазначыла Ганна Станіславаўна. – Але асаблівую актуальнасць гэта набывае ў Год малой радзімы. Упэўнена, кожны з вас зробіць усё магчымае, каб паказаць прыклад іншым сяльчанам у добраўпарадкаванні родных мясцін – вясковых вуліц і сядзібаў.
Дарэчы, на гэтым тыдні пры высокай актыўнасці прайшлі аналагічныя мерапрыемствы ва ўсіх сельсаветах раёна.
Таццяна СТУПАКЕВІЧ.
Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!