На парадку дня -- праблемы людзей з інваліднасцю

Сёння ў памяшканні кінатэатра "Беларусь" праходзіць сесія стратэгічнага планавання мясцовай павесткі -50. Эксперты з Мінска прыехалі ў Шчучын, каб сустрэцца з усімі зацікаўленымі -- прадстаўнікамі мясцовай улады, сацыяльнай службы, аховы здароўя, актывістамі грамадскіх арганізацый -- і абмеркаваць праблемы людзей з абмежаванымі магчымасцямі.

Намеснік дырэктара праваахоўнай установы "Офіс па правах людзей з інваліднасцю"  Міхаіл Мацкевіч і трэнер-кансультант Сяргей Лабада нагадалі прысутным, што ў кастрычніку мінулага года Беларусь ратыфікавала Канвенцыю аб правах інвалідаў, а Міністэрства працы і сацыяльнай абароны  распрацавала нацыянальны план рэалізацыі Канвенцыі. Аднак надзвычай важна вывучыць яшчэ і спецыфіку кожнага горада, мясцовыя рэаліі і праблемы. Вось на гэта і накіравана кампанія "Павестка-50", дарэчы, менавіта 50 артыкулаў уключае ў сабе Канвенцыя аб правах інвалідаў.

Жывы абмен думкамі, дыягностыка сацыяльных праблем рэгіёна, механізм стварэння мясцовай павесткі сумеснымі намаганнямі ініцыятыўнай каманды -- усё гэта вынік работы сесіі, якая будзе доўжыцца і заўтра.

У нашым раёне пражывае з улікам насельнікаў дамоў-інтэрнатаў 3168 чалавек з абмежаванымі магчымасцямі. Ім патрэбны наш клопат і ўвага, безбар'ерны асяродак і развітая інфраструктура.

-- Кампанія "Павестка-50" -- гэта рэальны крок да канцэптуальнага вырашэння многіх праблем, звязаных з інваліднасцю, -- лічыць загадчыца аддзялення ТЦСАН Анжэліна Шпакоўская. -- Мы ўдзячны нашым партнёрам, а гэта не толькі эксперты з Мінска, але і польскі фонд "ТУС", за магчымасць пазнаёміцца з замежным вопытам, у тым ліку і ў сферы грантавай падтрымкі, удзеле ў міжнародных праектах па развіцці мясцовай павесткі. У рамках такога супрацоўніцтва мы зможам ажыццявіць нямала цікавых і карысных ідэй, якія зараз распрацоўваем.

Таццяна СТУПАКЕВІЧ. Фота аўтара.  

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!