На мяжы рэальнасці і казкі. Даведаліся, чаму на персанальную выставу мастака Аляксандра Салтаўца лепш ісці ўсёй сям’ёй

 

У раённым цэнтры культуры і народнай творчасці -- новая выстава. На гэты раз вядомага беларускага мастака Аляксандра Салтаўца.

 

Яго работы з поспехам экспанаваліся як у сталіцы, так і болей чым у 20 рэгіянальных гарадах рэспублікі, былі прадстаўлены ў зале парламента, захоўваюцца ў прыватных калекцыях у Расіі, Германіі, Францыі, Амерыцы, Іспаніі... А зараз чароўныя палотны Салтаўца радуюць шчучынцаў.

 

-- Усё гэта стала магчыма дзякуючы нашаму сумеснаму творчаму праекту з грамадскім аб’яднаннем культуры і мастацтва “Вячэра” і цеснаму супрацоўніцтву з яго кіраўніком Сяргеем Далгарукавым, -- канстатуе дырэктар РЦКіНТ Святлана Жвірбля. – Спадзяваемся, што неардынарныя работы мастака з Міншчыны прыемна ўразяць і па-сапраўднаму здзівяць нават спакушаных аматараў прыгожага. На гэтых карцінах ажывае казка, а значыць, на вернісаж можна прыходзіць цэлымі сем’ямі. Будзе цікава і дарослым, і дзецям!

 

 

Сапраўды, варта акунуцца ў дзівосны свет фарбаў і сюррэалістычных вобразаў Аляксан­дра Са­лтаўца і нібыта сам адрываешся ад гэтай грэшнай зямлі, а дакладней – ад штодзённай мітусні, шэрых будняў, празаічнага быту. Трапляеш туды, дзе жывуць чараўнікі і крыху сумныя клоўны, таямнічыя незнаёмкі і касмаграфічныя сюжэты. Часам лунаючыя ў аблоках шчаслівыя летуценнікі чымсьці нагадваюць герояў карцін Марка Шагала. І ўсё ж, несумненна, работы Аляксандра Салтаўца маюць свой адметны творчы почырк. Як не раз выказваўся сам аўтар, літаральна ўсе персанажы гэтых  нібыта фантастычных сюжэтаў можна ўбачыць у рэальным жыцці: трэба толькі больш уважліва прыгледзецца да людзей, што вас акружаюць! Як вядома, у любой казцы жывуць мудрасць, дабрыня і… мара, што рана ці позна абавязкова збываецца, таму пасля прагляду карцін Салтаўца выходзіш натхнёным і акрыленым.

 

Варта сказаць, што сам мастак жыве і творыць у вёсцы Грэск Слуцкага раёна. У свой час ён атрымліваў адукацыю ў нас на Гродзеншчыне – у Мірскім мастацкім вучылішчы. Аляксандр піша карціны з дзяцінства, шчодра перадае сваё майстэрства моладзі: з задавальненнем выкладае ў мясцовай ДШМ. А.В. Салтавец быў узнагароджаны Падзякай Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, удастоены спецыяльнай прэміі і звання “Чалавек года Міншчыны”. Зрэшты, усё пра гэтага творцу красамоўна раскажуць яго таленавітыя работы. Так што спяшайцеся на вернісаж у цэнтр культуры: выстава, як паабяцалі яе арганізатары, будзе працаваць да канца верасня.

 

Таццяна СТУПАКЕВІЧ.

Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Яндекс.Дзен, Telegram и Viber!