На маршруце здароўя. У Шчучынскай ЦРБ набылі новы аўтобус для падвозу пацыентаў на гемадыяліз

Тройчы на тыдзень з гаража УАЗ “Шчучынская ЦРБ” у спецыяльны рэйс выязджае новенькі ГАЗ А65R33-60. Гэта сапраўдны аўтобус-ратавальнік: ён адвозіць пацыентаў з захворваннямі нырак у Гродзенскую абласную клінічную бальніцу на жыццёва неабходны для гэтых людзей гемадыяліз.

Аўтапарк бальніцы папоўніўся новым аўтамабілем напрыканцы мінулага года. На яго набыццё было выдаткавана звыш 50 тысяч рублёў бюджэтных сродкаў.
– Наша ЦРБ даўно мела патрэбу ў новым аўтобусе, – гаворыць намеснік галоўнага ўрача Людміла Мар’янаўна Чэхунова. – Раней пацыентаў даводзілася адвозіць на гемадыяліз на медыцынскім транспарце меншай умяшчальнасці і не такім камфортным. 
У новенькім аўтобусе 16 пасажырскіх месцаў. За рулём – вопытны вадзіцель Яўген Вікенцьевіч Антановіч. На маршрут здароўя ён адпраўляецца ў панядзелак, сераду і пятніцу. Паколькі патрэбу ў сур’ёзнай медыцынскай працэдуры маюць звыш дзясятка чалавек, якія жывуць у розных, нават самых аддаленых куточках раёна, падвоз арганізаваны наступным чынам. Пацыентаў з жалудоцкай і ражанкаўскай стараны транспартам бальніцы спачатку дастаўляюць у Шчучын, з першамайскага боку – у Астрыну, а потым усіх разам – у абласны цэнтр. А вось у зваротным напрамку цёмна-шэры ГАЗ даязджае, што называецца, да кожнага парога.
Таццяна ПАЛУБЯТКА.

Добавить комментарий

CAPTCHA
Этот вопрос задается для того, чтобы выяснить, являетесь ли Вы человеком или представляете из себя автоматическую спам-рассылку.
Введите ответ (Fill in the blank)