На днях у аддзеле ЗАГС Шчучынскага райвыканкама была праведзена ўрачыстая рэгістрацыя сотага малыша нашага горада, які сёлета з'явіўся на свет

На днях у аддзеле ЗАГС Шчучынскага райвыканкама была праведзена ўрачыстая рэгістрацыя сотага малыша нашага горада, які сёлета з'явіўся на свет.

 

 

20 чэрвеня 2020 года ў сям'і Уладзіміра і Таццяны Волчак нарадзіўся сынок. У маладых бацькоў гэта ўжо другое дзіця. Першай два гады таму назад з'явілася на свет іх дачушка Кіра. Дарэчы, падзея гэта адбылася акурат напярэдадні Дня Незалежнасці нашай краіны, таму рэгістрацыя Кіры таксама прайшла ва ўрачыстай абстаноўцы.

 

 

Загадчыца аддзела ЗАГС Шчучынскага райвыканкама Ларыса Міхно павіншавала Уладзіміра і Таццяну:

 

 

– Сёння мы рэгіструем яшчэ аднаго маленькага грамадзяніна нашай дзяржавы і па вашым жаданні называем яго прыгожым іменем Максім, што ў перакладзе з грэчаскага значыць "найвялікшы". Няхай імя, якое вы абралі для свайго дзіцяці, заўсёды вымаўляецца з павагай, годнасцю і гонарам. Шчасце вашага сыночка ва многім залежыць ад вас, паважаныя бацькі. Вельмі важна, каб ён рос у шчаслівай, моцнай і дружнай сям'і. Вучыце яго дабру, аберагайце ад зла і станьце для яго прыкладам ва ўсім. Няхай вашы любоў, ласка і клопат будуць для яго надзейнай абаронай на ўсім жыццёвым шляху.

 

 

 

Ларыса Зіноўеўна ўручыла бацькам пасведчанне аб нараджэнні іх сына, а таксама невялікія падарункі на памяць. Цяпер ўсе важныя падзеі з жыцця Максімкі – калі з'явіўся першы зуб, калі зрабіў першы крок, калі сказаў першае слова – яны змогуць заносіць у дзённік нованароджанага. А калі Максімка вырасце, усе разам зноў успомняць гэтыя мілыя і дарагія падзеі. Такі ж падарунак атрымала і Кіра.

 

 

Уладзімір і Таццяна – шчучынцы. Уладзімір працуе вадзіцелем-міжнароднікам, а Таццяна да водпуску па доглядзе дзіцяці была кантралёрам-касірам 5-га разраду філіяла ЗАТ "Юніфуд".

 

 

– Мы з мужам і пазнаёміліся ў магазіне, – смяецца Таццяна. – Ён прыходзіў па пакупкі. А потым запрасіў на спатканне. Вось ужо тры гады мы разам. Цяпер мы робім рамонт ў сваёй кватэры. Безумоўна, асобны пакой будзе і ў нашых дзетак.

 

 

Няхай любоў і ўзаемаразуменне пануюць у вашай сям'і, а дзеткі будуць здаровымі. З нараджэннем, Максімка!

 

 

Ганна РУДСКАЯ.

Фота аўтара.

 

 

 

 
Подписывайтесь на нас в Яндекс.Дзен, Telegram и Viber!