Мы гэтай памяці верныя… У Шчучыне, у гарадскім скверы, прайшоў мітынг, прысвечаны 79-й гадавіне вызвалення горада і раёна ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў

 

Кожны год у гэтым памятным месцы збіраюцца жыхары і госці нашага горада, каб успомніць усіх, хто змагаўся за мірнае неба і нашу родную Беларусь, за любімы Шчучын. З жывымі кветкамі прыходзяць сюды кіраўнікі раёна, прадстаўнікі працоўных калектываў, школьнікі, выхаванцы дзіцячых садкоў і проста гараджане, якія ў цудоўны ліпеньскі дзень не маглі застацца дома і накіраваліся любавацца летнімі відарысамі…

 

 

А Шчучын у гэты свой другі дзень нараджэння сапраўды выглядаў па-асобаму: яркія кветнікі, прыгожыя зялёныя вуліцы і чыстае мірнае блакітнае неба… Так і хацелася пасядзець на лавачцы ў цяньку ля фантана, адчуць асалоду гэтага асаблівага моманту і ў думках падзякаваць тым, хто даў нам такую магчымасць…

 

 

12 ліпеня – памятная дата для нашага горада. Свабода дасталася нам няпроста: цаною многіх жыццяў мірнага насельніцтва, якое загінула за тры гады акупацыі. Мы нізка схіляем галовы перад іх памяццю і глыбока ўдзячны ўсім воінам, якія вызвалялі нашу шчучынскую зямлю. Іх імёны захоўваюць помнікі і абеліскі …

 

 

Да ўдзельнікаў мітынгу звярнуўся старшыня Шчучынскага райвыканкама Аляксей Садоўскі:

 

– 1944-ы – год важных перамог у Вялікай Айчыннай вайне. Чырвоная Армія правяла дзесяць стратэгічных аперацый, самай маштабнай стала аперацыя "Баграціён". З 23 чэрвеня па 29 жніўня войскамі чатырох франтоў была вызвалена ўся Беларусь. Доўга зацягваліся атрыманыя раны, толькі боль ад іх да гэтага дня жыве ў нашых сэрцах… Мы раслі і выхоўваліся на прыкладах ваенных і працоўных подзвігаў гераічнага пакалення. І наш абавязак – захаваць памяць пра іх назаўсёды. Мы жывём у мірнай краіне і маем магчымасць ствараць. Я ўдзячны ўсім гараджанам і вяскоўцам за стваральную працу, за любоў да любімай справы. Са святам, паважаныя жыхары нашага раёна, беражыце родную зямлю, мір і традыцыі, множце тое, што дасталася нам ад пакалення пераможцаў. У Год міра і стварэння – усім шчасця і моцнага здароўя, дабра і дабрабыту, а нашай роднай Беларусі – міру і квітнення.

 

Са святам павіншавалі ўдзельнікаў мітынгу і ўсіх жыхароў Шчучыншчыны ваенны камісар Шчучынскага раёна падпалкоўнік Уладзімір Чайко і першы сакратар райкама ГА "БРСМ" Віталія Селівончык.

 

 

Гучыць мінута маўчання… Ярка гараць агеньчыкі ў лампадках памяці, якія дзяўчынкі беражліва ставяць на халодны граніт… Чырвоныя гваздзікі ўскладаюць да падножжа помніка дарослыя і дзеці. Самыя патаемныя струны душы кранаюць словы песень, якія гучаць у выкананні самадзейных артыстаў раённага цэнтра культуры і народнай творчасці.  Мы любім наш родны горад і нашу краіну, таму памяць заўсёды будзе жыць у нашых сэрцах…

 

   

 

Ганна РУДСКАЯ.

Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!