“Мой родны кут, як ты мне мілы…” За што цэніць брэнд свайго маркета прадавец Таццяна Валошык

Хто-хто, а прадавец Таццяна Аляксандраўна Валошык – чалавек у сваёй прафесіі невыпадковы. Калегі, якія яе добра ведаюць, так і кажуць: “У Тані прызванне да гэтай работы. Яна на сваім месцы!” Бадай, галоўнае, што выдзяляе нашу гераіню, – неўтаймаванае жаданне расці і развівацца, упэўнена крочыць да сваёй мэты і не спыняцца на дасягнутым, заўжды быць на плыні жыцця.

 

Мы сустракаемся з Таццянай на “тэрыторыі прыемных пакупак” – менавіта так пазіцыяніруе сябе міні-маркет №25 “Родны кут”. Тут Т.А. Валошык нязменна працуе ўжо не адзін год. Яе добразычлівую, абаяльную ўсмешку цэняць пакупнікі, як і заўсёднае жаданне дапамагчы выбраць удалую пакупку, кампетэнтна пракансультаваць, з’арыентаваць у мностве тавараў. А кіраўніцтва Шчучынскага філіяла аблспажыўтаварыства адзначае ў Таццяне Аляксандраўне выключнае пачуццё адказнасці за вынік сваёй работы, уменне разбірацца ў эканоміцы, добрае веданне асноўных пастаўшчыкоў тавараў.

 

 У той дзень у міні-маркеце якраз устанавілі новае праграмнае забеспячэнне. “Штучны інтэлект” прызваны дапамагчы работнікам прылаўка беспамылкова “пралічваць” самыя разнастайныя акцыённыя аперацыі, працаваць яшчэ больш хутка, не дапускаючы чэргаў. Паспяваць за прагрэсам Таццяне Аляксандраўне дапамагае тое, што яна на ўсіх этапах сваёй 15-гадовай працы за прылаўкам сур’ёзна ўдасканальвала свае веды: спачатку ў вучылішчы, потым у каледжы, а літаральна пару тыдняў таму абараніла дыплом пасля заканчэння Беларускага гандлёва-эканамічнага ўніверсітэта спажывецкай кааперацыі.

 

– Заўжды марыла атрымаць вышэйшую адукацыю, – прызналася Таццяна. – Тое, што рана з’явілася сям’я, выхоўвала і выхоўваю дзетак, не стала перашкодай на шляху да мэты. Бо заўжды падтрымліваў муж – Яўгеній Феліксавіч. Ён у мяне вадзіцель на прадпрыемстве “Шчучынрайгаз”. Не бянтэжыла і тая акалічнасць, калі паралельна з дачкой сталі … студэнткамі: я ва ўніверсітэце ў Гомелі вучылася, а Дзіяна – у Акадэміі пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь у Мінску. Зараз мая дачушка ўжо дыпламаваны юрыст, памочнік суддзі. А сын Жэня пакуль старшакласнік, цікавіцца ІТ-накірункам.

 

З вялікай цеплынёй гаварыла Т.А. Валошык і пра сваіх калег.

 

– За справядлівасць і прынцыповасць, уменне эфектыўна арганізаваць усе рабочыя працэсы паважаю нашу загадчыцу Наталлю Аляксандраўну Волкаву, а ў напарніцы Іне Анатольеўне Віцько вельмі цаню яе чалавечыя якасці, мудрасць і дабрыню, каласальны вопыт у сістэме спажыўкааперацыі. Выдатныя спецыялісты працуюць і ў нашай адміністрацыі філіяла – умела курыруюць нашу работу, дапамагаюць, раяць, прадумваюць новыя маркетынгавыя хады. Усё гэта дапамагае нам быць не “местачковай крамай”, а сучасным маркетам – няхай і з прыстаўкай “міні”, – разважае Таццяна.

 

У магазіне №25 “Родны кут” пастаянна праводзяцца акцыі, зніжкі на тавары “Лепшая цана”, выпускаюцца і распаўсюджваюцца рэкламныя лістоўкі, удасканальваецца камп’ютарызацыя рабочых працэсаў і тэхналогій. Тавараабарот гэтага невялікага, але ўтульнага магазіна па вуліцы Паўднёва-Заходняй толькі за мінулы год атрымаўся 962,7 тысячы рублёў. Тэмп росту ў супастаўных цэнах – больш за 112 працэнтаў. Выручка на кожнага прадаўца склала 15,73 тысячы рублёў пры заданні 13 тысяч.

 

– У дзяўчат вялікая нагрузка, але гэта не адбіваецца на нас, пакупніках. Мы вельмі любім наш “Родны кут” за яго крокавую даступнасць, свежую прадукцыю, такіх уважлівых і мілых прадаўцоў, як наша Таццяна, – дае сваю ацэнку рабоце міні-маркета пастаянная пакупніца Алена Савельева.

 

Здаецца, гэта меркаванне раздзяляюць на самым высокім узроўні прафесійнай сістэмы: нядаўна прадавец 6-га разраду Т.А. Валошык была ўзнагароджана Ганаровай граматай Белкаапсаюза. За дачку вельмі парадаваліся яе бацькі Людміла Васільеўна і Аляксандр Іванавіч Рышкевічы, якія заўжды вучылі сваіх дзяцей быць добрасумленнымі, працавітымі, жыць з павагай да людзей.

 

img_9908.jpg

 

– Што для Вас, Таццяна, паняцце “родны кут”? – запытала я напрыканцы нашай размовы.
– Гэта мая прыгожая вёсачка Маляцічы, гасцінны бацькоўскі дом, родныя людзі... І як жа прыемна, што менавіта “Родны кут” стаў гандлёвым брэндам нашай сістэмы! Хочацца жыць і працаваць у імя сваёй малой і вялікай Радзімы, дзе цэніш і мір і спакой, магчымасць развівацца, знайсці сваё месца ў жыцці і быць запатрабаваным.

 

Таццяна СТУПАКЕВІЧ. Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Яндекс.Дзен, Telegram и Viber!