“Мір пачынаецца з мяне”

З такім простым і ў той жа час вельмі важным пасланнем прыбылі ў Беларусь напярэдадні галоўнага свята нашай краіны - Дня Незалежнасці – удзельнікі міжнароднай факельнай эстафеты “Бег Міру”. Іх маршрут пралягаў у тым ліку і праз Шчучын, дзе да лёгкаатлетаў з розных краін свету з задавальненнем далучыліся вучні гарадскіх хкол і гімназіі.

Спартсмены прабеглі па цэнтральных вуліцах горада і выклікалі небывалы ажыятаж сярод яго жыхароў. Шчучынцы сустракалі замежных гасцей ветлівымі ўсмешкамі і радасна махалі ім у след.

Удзельнікі эстафеты спыніліся ў гарадскім скверы, дзе ўсклалі кветкі да помніка савецкім воінам і партызанам, якія прынялі на сябе асноўны ўдар гітлераўцаў і выратавалі Еўропу ад карычневай чумы.

-- Сёлета Беларусь зноў стала часткай маршрута, які звязвае 49 краін Еўропы, -- зазначае партугальскі бягун Рыкардо Мота. – Еўрапейскі прабег стартаваў 27 лютага ў сталіцы Балгарыі Сафіі і завяршыцца 8 кастрычніка ў Ліссабоне (Партугалія). У міжнароднай эстафеце “Бег Міру” я прымаю ўдзел чацвёрты раз і прабег не адну сотню кіламетраў па дарогах Еўропы. Сёлета ў складзе нашай лёгкаатлетычнай каманды, у склад якой уваходзяць бегуны з Украіны, Англіі, Аўстрыі, Латвіі, Босніі і Герцагавіны, Славеніі і іншых дзяржаў, ужо наведаў Латвію і Іспанію. Прызнаюся, у Беларусі я ўпершыню і вельмі ўражаны прыгажосцю вашай краінай. Мы прынеслі на вашу зямлю нязгасны факел сусветнага сяброўства праз Гожу, Гродна і Масты. Сёння з задавальненнем завіталі ў Шчучын, чые спартсмены заўсёды далучаюцца да нашай факельнай эстафеты. Далей пабяжым праз Ліду ў напрамку Браслаўля. Усяго ў Беларусі мы пераадолеем 530 кіламетраў і накіруемся ў Латвію.

Дарэчы, сёлета “Бег Міру” праходзіць на тэрыторыі больш за 100 краін, уключаючы, не толькі еўрапеўскія дзяржавы, але і Кітай, Казахстан, ЗША, Канаду, Мексіку, Паўднёвую Карэю, Японію, Аргенціну, а таксама краіны Афрыкі. Агульная даўжыня эстафеты складзе 70 тысяч кіламетраў. І галоўнае, што яе ўдзельнікі імкнуцца данесці людзям – гэта неабходнасць жыць у гармоніі і згодзе паміж сабой і берагчы мір на зямлі.

Аляксандр КАСПЯРЧУК.

Фота аўтара. 

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!