Міліцыя і дружыннікі разам за бяспеку і правапарадак

У Шчучынскім раённым аддзеле ўнутраных спраў адбыўся сход, на якім былі абмеркаваны пытанні дзейнасці гарадской дабравольнай дружыны. На яго былі запрошаны прадстаўнікі масласырзавода, лясгаса, ЦРБ, МПМК-167, іншых арганізацый і ўстаноў, якія выказалі гатоўнасць стаць грамадскімі памочнікамі міліцыі.

Аб важнасці ўзаема­дзеяння права­ахоўных органаў і грамадскасці ў справе захавання і падтрымання правапарадку ў родным горадзе гаварыў начальнік Шчучынскага РАУС падпалкоўнік міліцыі С.М. Сыцэвіч. Па словах Сяргея Мікалаевіча, дабравольная дружына – гэта вельмі запатрабаваная калек­тыўная сіла, якая садзейнічае папярэджанню злачынстваў і адміністрацыйных правапарушэнняў.
Рашэнне аб ства­рэнні гарадской ДД пры­няў раённы выканаўчы камітэт, адзначыла прадстаўнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Т.В. Ганчарук. Раней аналагічныя грамадскія фарміраванні дзейнічалі пры прадпрыемствах і арганізацыях.
Старшы інспектар аддзела аховы правапарадку і прафілактыкі РАУС С.Г. Матукевіч растлумачыў дружыннікам іх статус, правы і абавязкі. Начальнік штаба РАУС П.М. Кузняцоў акцэнтаваў увагу на тым, як важна правільна паводзіць сябе падчас дзяжурства і быць прыкладам законапаслухмяных паводзін у жыцці.
Дружыннікі – людзі асаблівага складу характару, аўтарытэтныя, дысцыплінаваныя, адказныя. Дарэчы, многія з прысутных на сходзе, у прыватнасці, В.Ф. Падзялінскі, Д.С. Клімашэўскі, С.А. Клыжук, Т.Р. Саўрас і іншыя іх таварышы ўжо маюць вопыт сумеснага з людзьмі ў пагонах нясення дзяжурства па ахове правапарадку, патрулявання вуліц, бо раней уваходзілі ў склад аналагічных дружын пры сваіх прадпрыемствах і арганізацыях. Актывісты-праваахоўнікі не раз былі задзейнічаны ў рэйдах аператыўна-прафілактычнага характару, сачылі за парадкам пры правядзенні ў райцэнтры культурна-масавых і спартыўных мерапрыемстваў, спынялі хуліганскія дзеянні парушальнікаў спакою.
Папоўніць рады грамадскіх памочнікаў вартавых правапарадку пажадалі і навічкі, у прыватнасці, кантралёр раёна газазабеспячэння А.Б. Богдан. Яна і іншыя ўдзельнікі сходу напісалі заявы аб прыёме ў рады дабравольнай дружыны. Маладое папаўненне атрымае адпаведныя пасведчанні, а значыць, і права сумесна з супрацоўнікамі патрульна-паставой службы выступіць на ахову Шчучына і яго жыхароў ад розных праяў крыміналу, правапарушэнняў і беззаконня. Камандзірам гарадской ДД быў абраны В.Ф. Падзялінскі.
Дарэчы, акрамя гарадской ДД, у раёне дзейнічаюць 10 дабравольных дружын пры сельвыканкамах, у складзе якіх 88 чалавек, і створаны пад эгідай РК “БРСМ” маладзёжны атрад аховы правапарадку, членамі якога з’яўляюцца 17 хлопцаў і дзяўчат.
Таццяна ПАЛУБЯТКА.
Фота аўтара.

Голосов пока нет

Добавить комментарий

CAPTCHA
Этот вопрос задается для того, чтобы выяснить, являетесь ли Вы человеком или представляете из себя автоматическую спам-рассылку.
Введите ответ (Fill in the blank)