Майструем шпакоўні і пішам гімн. Даведайцеся, як “Касмадром” рыхтуецца да новага сезона

 

Зусім няшмат часу засталося да пачатку летніх канікул. Таму ўжо цяпер у дзіцячым аздараўленчым лагеры “Касмадром” вядуцца падрыхтоўчыя работы.

 

– Спецыяльна створаная камісія правяла абследаванне ўсіх будынкаў і памяшканняў на тэрыторыі “Касмадрома” з мэтай высветліць, якія рамонтныя работы неабходна правесці, каб належным чынам падрыхтавацца да сустрэчы дзяцей, – гаворыць дырэктар лагера Яніна Місюк. – Па выніках абследавання былі вызначаны неабходныя будаўнічыя матэрыялы і аб’яўлены тэндар на іх набыццё. У гэты момант фірмы, якія выйгралі тэндары, пастаўляюць заказаны тавар. Акрамя гэтага, мы працягваем добраўпарадкаванне тэрыторыі і сумесна са Шчучынскім лясгасам арганізавалі абследаванне аварыйных дрэў, якія неабходна спілаваць, каб адпачынак дзяцей быў бяспечны. У бліжэйшы час гэтыя работы будуць выкананы.

 

– На правядзенне бягучага рамонту са сродкаў раённага бюджэту выдзелена дваццаць тысяч рублёў, – расказвае кіраўнік ДУ “Шчучынскі цэнтр для забеспячэння дзейнасці ў сферы адукацыі, спорту і турызму” Іван Гваздоўскі. – Сур’ёзныя работы ў лагеры былі выкананы ў мінулым годзе. А сёлета мы плануем правесці рэканструкцыю санітарных вузлоў. Праектна-каштарысная дакументацыя ўжо падрыхтавана. На гэтыя мэты з раённага бюджэту будзе затрачана 100 тысяч рублёў. Пасля завяршэння рэканструкцыі санітарныя вузлы будуць адпавядаць усім сучасным санітарна-гігіенічным патрабаванням.

 

Плануецца, што адпачынак дзяцей у “Касмадроме” ў гэтым аздараўленчым сезоне будзе арганізаваны ў тры змены. Першая – для выхаванцаў Шчучынскага палаца творчасці дзяцей і моладзі – пачнецца з першага чэрвеня і працягнецца да 18 чэрвеня. Другая – экалагічная – запросіць дзяцей з 28 чэрвеня па 8 ліпеня. У трэцюю змену ў “Касмадроме” будуць адпачываць выхаванцы Гродзенскага абласнога палаца творчасці дзяцей і моладзі.

 

Дарэчы, у гэтыя дні праводзіцца раённы конкурс па распрацоўцы сімволікі “Касмадрома”. Калі ў вас ёсць ідэі аб тым, як павінны выглядаць герб і флаг гэтай дзіцячай установы – увасабляйце іх і дасылайце да 4 красавіка на электронны адрас roo@shhuchin.edu.by з паметкай “конкурс “Касмадром”. Падрабязнасці можаце даведацца на сайце лагера.

 

Акрамя гэтага, можна прыняць удзел у конкурсе, які праводзяць “Касмадром” сумесна са Шчучынскім лясгасам і Астрынскай СШ імя А. Пашкевіч (Цёткі), “Створым птушыны гарадок “Касмадром” разам!” і змайстраваць шпакоўню або сінічнік. Свае рукатворныя работы неабходна даставіць у СШ №1 г. Шчучына, што ўжо і зрабілі вучні Астрынскай і Васілішкаўскай сярэдніх школ, СШ №1 г. Шчучына. Дарэчы, падрабязнасці конкурсу – таксама на сайце лагера.

 

– Гісторыя “Касмадрома” цікавая і багатая на розныя падзеі, – гаворыць Яніна Іванаўна. – Зараз мы працуем над тым, каб сабраць як мага больш інфармацыі пра лагер, у якім у свой час адпачываў ці не кожны жыхар нашай Шчучыншчыны. Калі ў вас ёсць якія-небудзь цікавыя звесткі ці ўнікальныя фотаздымкі – падзяліцеся з намі. І мы разам па крупінках напішам яго гісторыю…

 

Ганна РУДСКАЯ.
Фота аўтара (з архіва).

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!