Майстар-рамонтнік? Не, угоншчык

 

Нядаўна супрацоўнікі міліцыі спынілі на дарозе аўтамабіль, за рулём якога знаходзіўся жыхар адной з вёсак. У вадзіцеля былі прыкметы алкагольнага ап’янення, а вось дакументаў на права кіравання транспартным сродкам ён не меў. У працэсе разбору сітуацыі высветлілася вось што.

 

– Малады чалавек даводзіў супрацоўнікам АДАІ, што гэта яго ўласная машына. Маўляў, тыдзень таму купіў у знаёмага, – расказаў начальнік аддзялення крымінальнага вышуку АУС Шчучынскага райвыканкама Сяргей Сінкевіч. – Насамрэч усё аказалася не так. Устаноўлена, што транспартны сродак гэтаму грамадзяніну напярэдадні аддаў у рамонт знаёмы. Аўтаўладальнік пакінуў у замку запальвання ключы – для зручнасці работы падчас рамонту. Але “майстар” вырашыў употай апрабаваць ход чужой легкавушкі: сеў за руль і накіраваўся ў іншы населены пункт. Такія яго дзеянні – нішто іншае як неправамернае завалоданне транспартным сродкам і паездка на ім. Адным словам, угон.

 

Па факце заведзена крымінальная справа па частцы 2 артыкула 214 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь. Адказнасць за падобныя “свавольствы” – абмежаванне волі ад 2 да 5 гадоў або пазбаўленне волі на той жа тэрмін.

 

Сяргей Станіслававіч заклікае аўтаўладальнікаў быць асабліва абачлівымі пры выбары майстроў-рамонтнікаў для сваіх “ластачак”. Не ўсе з тых, хто называе сябе спецыялістам, такімі з’яўляюцца. Дарэчы, наш “герой” раней ужо ўступаў у канфлікт з законам і быў асуджаны.

 

Татьяна ВИТАЛЬЕВА.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!