Мастацтва без межаў. У Шчучыне прайшла дыялогавая пляцоўка “Разам з мастацтвам” з удзелам знакамітых артыстаў беларускай эстрады

 

У Шчучынскім раённым цэнтры культуры і народнай творчасці прайшла дыялогавая пляцоўка “Разам з мастацтвам”. Адкрытую сустрэчу з прадстаўнікамі творчай моладзі нашага раёна правялі знакамітыя артысты беларускай эстрады: Вольга Булай, Дзмітрый Сергееў, Яўгеній Курчыч і Ганна Трубяцкая.

 

Марафон дыялогавых пляцовак “Разам з мастацтвам” праводзіцца Моладзевым тэатрам эстрады пры падтрымцы Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь. Усяго ў рамках гэтага праекта да канца кастрычніка артысты плануюць наведаць 28 населеных пунктаў па ўсёй краіне. Напрыканцы мая творчая каманда завітала ў Шчучын.

 

 

Мерапрыемства прайшло ў фармаце інтэрв’ю, падчас якога спікеры адказвалі на пытанніпра іх творчы шлях, першыя крокі ў прафесію і асаблівасці беларускай эстрады. Такая форма дала магчымасць усім жадаючым задаць пытанні з залы. Таксама спікеры дзяліліся з прысутнымі прафесійным досведам, расказвалі пра свае дасягненні і давалі карысныя парады артыстам-пачаткоўцам.

 

Вакальны трэнер праектаў «X‑Factor у Беларусі» і«Фактар.by»Яўгеній Курчыч расказаў, што выбар творчай прафесіі быў далёка не самым відавочным у ягоным жыцці.

 

–Мой бацька працуе ў крымінальным вышуку і ў пэўны перыяд жыцця перад мной стаяў выбар: пайсці ў сілавыя структуры ці выбраць творчасць. Напэўна нікога не здзіўлю калі скажу, што аднойчы пабываўшы на сцэне і атрымаўшы аплапдысменты цябе пачынае зацягваць і ты ўжо не можаш без гэтага жыць. Як бы я не спрабаваў у юнацтве памяняць сітуацыю, паспрабаваць сябе з іншага боку, жыццё заўсёды мяне вяртала на сцэну. Лічу, што акторская спецыяльнасць – гэта спецыяльнасць жыцця. Артыстам важна назіраць адзін за адным, успрымаць жыццёвы досвед і пераносіць яго ў прафесію. Праз поспех і памылкі трэба напрацоўваць гэты досвед, – адзначае Яўгеній.

 

 

 

Пасля шчырага дыялогу, артысты парадавалі гледачоў канцэртнай праграмай. Шчучынская публіка ацаніла творчыя нумары гасцей бурнымі апладысментамі.

 

Сваімі думкамі пра мерапрыемства з намі падзялілася першы сакратар Шчучынскага раённага камітэта БРСМ Віталія Селівончык:

 

– Для моладзі нашай краіны важны дыялог, бо гэта магчымасць падзяліцца меркаваннямі, досведам і думкамі. Асабліва важна калі спікерамі ў такіх дыялогах выступаюць творчыя людзі, якія дасягнулі поспеху і не перастаюць працаваць і развівацца на карысць краіны. Гэта добры прыклад для маладога пакалення. Безумоўна, прыемным бонусам стаў канцэрт ад гасцей.

 

 

Алег ШЫШЛОЎСКІ.

Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!