Маку галоўкі скручваў ён спрытна...

Гэтаму чалавеку пад пяцьдзясят. За плячыма – ні адукацыі, ні сям’і, ні грамадзянства. Адны «ходкі». Прычым, у месцах не вельмі аддаленых пабываў ажно 10 разоў. Пачаў парушаць закон яшчэ будучы маладым хлопцам і спыніцца не здолеў. Не так даўно, праўда, з’ехаў з тых мясцін, дзе асабліва часта папаўняў «паслужны спіс» крымінальнымі ўчынкамі, і пасяліўся ў нашым раёне. 

На Шчучыншчыне, у адной з невялікіх вёсак, жыве сястра гэтага мужчыны. Жанчына госця не адкінула: свая ж кроў. Але яе спадзяванні на тое, што брат пастарэў і паразумнеў, не спраўдзіліся. І тыдня не прайшло, як той уліп у гісторыю. Крымінальную.
Неяк едучы са сваякамі ў аўтамабілі, мужчына не столькі падтрымліваў размову, колькі спрактыкаваным вокам абводзіў сядзібы. І заўважыў-такі тое, што хацеў: у двары нежылога дома расло некалькі макавых раслін. А праз некалькі гадзін ужо быў на чужым падворку і спрытна скручваў сцёблы з макавымі галоўкамі. Іх было ўсяго тры ці чатыры, але для нарказалежнага чалавека і такая колькасць – каштоўнасць. Прыгатаваўшы «зелле», набраў вадкасць у загадзя прыхаваны для гэтай мэты шпрыц і зрабіў сабе ін’екцыю. Шпрыц і рэшткі наркаўтрымліваючай расліны – больш за 62 грамы – прынёс у дом, дзе паклаў... у топку печак. 
Праз дзень-другі госць зноў, праязджаючы праз суседнюю вёску, уважліва «сканіраваў» ваколіцы. Калі ж прыкмеціў на вуліцы прахожага, папрасіў спыніць аўтамабіль. Падышоўшы, прама спытаў у вяскоўца: «Ці ёсць у вас тут мак?”. Той адмоўна пакруціў галавой, дадаўшы, што за вырошчванне гэтай культуры існуе адказнасць, і мясцовыя жыхары пра гэта ведаюць...
Хутка пасля гэтага дыялогу ў дом, дзе пражываў «перасяленец», заглянулі супрацоўнікі міліцыі. Правялі агляд памяшкання, знайшлі шпрыц з іголкай і макавую саломку... «Збіраўся пазней спаліць», – апраўдваўся потым іх уладальнік. А гаспадыня дома была моцна здзіўлена, бо, па яе прызнанні, думала, што брат даўно «завязаў» з небяспечнай прывычкай.
У ходзе следства і ў судовым пасяджэнні пацвердзілася: і раней гэты грамадзянін неаднаразова учыняў аналагічнае злачынства, быў асуджаны, адбываў пакаранне. А значыць, у яго дзеяннях дакладна бачны небяспечны рэцыдыў. Суд прызнаў наркаспажыўца вінаватым у незаконным без мэты збыту набыцці, захоўванні наркатычных сродкаў і прызначыў пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі тэрмінам на два гады шэсць месяцаў з адбываннем у папраўчай калоніі ва ўмовах строгага рэжыму.
Дзмітрый ГАЙДУКЕВІЧ,
намеснік пракурора раёна.
Таццяна ВІТАЛЬЕВА.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!