“Лістапад” у Шчучыне: ад камедыі да трылера! Даведаліся, што паказваюць у гэтыя дні ў нашым кінатэатры з праграмы знакамітага міжнароднага кінафестывалю

 

Міжнародны фестываль “Лістапад”, які з’яўляецца, бадай, самай значнай кінематаграфічнай падзеяй у нашай краіне, сёлета пакіне свой яркі след не толькі ў сталіцы, але і ў раённых цэнтрах Беларусі. На гэты раз кінафорум праходзіць пад дэвізам “Ствараем будучае”.  Радуе, што ва ўсіх, нават невялікіх кінатэатрах рэгіёнаў, адбыліся паказы пазаконкурсных фестывальных праектаў.

 

– Пазнаёміўшыся з праграмай пазаконкурсных фільмаў “Лістапада”, мы сфарміравалі ўласную падборку кінастужак менавіта для нашага шчучынскага кінагледача з улікам той ці іншай мэтавай аўдыторыі і густаў нашых заўсёднікаў, – гаворыць Аліна Собаль, метадыст  сектара па кінаабслугоўванні РЦКіНТ. – 17 лістапада ў Шчучынскім кінатэатры, як і па ўсёй рэспубліцы, адбылося адкрыццё ХХІХ фестывалю “Лістапад” новай стужкай маладога беларускага рэжысёра Кірыла Халецкага “Кіношнікі”, знятай на кінастудыі “Беларусьфільм”. Прэм’ера камедыі ў нашым горадзе мела вялікі поспех.

 

Трэба сказаць, штодзень кінатэатр прапаноўваў штосьці адметнае з фестывальнай праграмы. Да прыкладу, 18 лістапада вучні гарадскіх школ прынялі ўдзел у кіналекторыі “Мы перамаглі!”, які ўвянчаўся праглядам вострасюжэтнай ваеннай драмы рэжысёра Айнура Аскарава “Памілаванне”.

 

Не забылі арганізатары і пра самых юных кінагледачоў, прапанаваўшы ім шэраг дзіцячых кінастужак.

 

А вось напрыканцы, так бы мовіць, на развітанне з “Лістападам”, адбудзецца прагляд нашумелага фантастычнага трылера “Обратимая реальность” аб каварстве кіберпрасторы, знятага расійскім рэжысёрам Дзмітрыем Канстанцінавым. Прыходзьце ў кінатэатр – не пашкадуеце!

 

Таццяна СТУПАКЕВІЧ.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!