Лепшыя работнікі ферм і комплексаў ААТ “Васілішкі” атрымалі ўзнагароды ў рамках акцыі “Наш жывёлавод”

На Шчучыншчыне завяршаецца рэспубліканская акцыя “Наш жывёлавод”. У рамках акцыі прадстаўнікі раённай арганізацыі прафсаюза работнікаў АПК наведваюць фермы і комплексы, каб падзякаваць за працу і адзначыць перадавых жывёлаводаў лістамі падзякі і грашовымі прэміямі.

 

Гэтым разам старшыня Шчучынскага райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Генрых Юрэвіч дзякаваў за працу і адзначаў падарункамі лепшых работнікаў ферм і комплексаў ААТ “Васілішкі”.

 

 

ААТ “Васілішкі” – найбуйнейшая гаспадарка Шчучынскага раёна. Тут заўсёды трымаюцца на добрым узроўні паказчыкі жывёлагадоўлі, што сведчыць пра кваліфікаванасць і стараннасць тутэйшых работнікаў.

 

 

Таксама ў віншавальных мерапрыемствах прыняў удзел дырэктар ААТ “Васілішкі” Антон Бурнос, які адзначыў высокі прафесіяналізм сваіх падначаленых.

 

 

Сярод адзначаных за добрую працу была аператар свінагадоўчай фермы “Плябанаўцы” Леанора Калесніковіч. Яна падзялілася сваімі эмоцыямі:

 

– Вельмі прыемна, што мяне адзначылі падчас акцыі. Сама я прыехала ў Шчучынскі раён з літоўскага Вільнюса яшчэ 29 гадоў таму і ўвесь гэты час працую на свінагадоўчых комплексах. 24 гады сачыла за апаросам – гэта надзвычай важная справа, бо маленькія парасяткі патрабуюць павышанай увагі. Зараз займаюся ўжо дарослымі свіннямі. Праца мне па душы, ды і падыходы да гадоўлі жывёл змяніліся. Пасля рэканструкцыі комплекса з’явілася сучаснае абсталяванне, якое значна палягчае работу.

 

 

Таксама ўзнагароду атрымала жывёлавод комплексу па вырошчванні цялушак “Галавічполле”. Вось што яна расказала пра сябе:

 

– Працую з самага адкрыцця комплексу, гадоў ужо недзе 12. Мне вельмі падабаецца мая праца. Муж мой, дарэчы, працуе на адным комплексе са мной, можна сказаць, што ў нас сям’я жывёлаводаў. У мае абавязкі ўваходзіць догляд цялушак ад 4 месяцаў. Наш калектыў робіць усё згодна з тэхналогіяй, немалаважным з’яўляецца таксама і сумленны падыход да працы, які дазваляе атрымліваць добрае прыбаўленне ў вазе.

 

Акрамя віншаванняў і ўзнагарод Генрых Юрэвіч звярнуў увагу прысутных на правілы бяспекі на вытворчасці і азнаёміў прысутных са статыстыкай няшчасных выпадкаў ў сельгасарганізацыях Гродзенскай вобласці. Гэты выступ быў прымеркаваны да Адзінага дня прафілактыкі вытворчага траўматызму, які нядаўна прайшоў у нашым раёне.

 

 

– Ужо не першы год мы адзначаем лепшых жывёлаводаў у гаспадарках нашага раёна, – адзначае Генрых Іосіфавіч. – Безумоўна, у іх цяжкая прафесія, яна патрабуе вялікіх высілкаў кожны дзень, незалежна ад пары года. Людзям прыемна, што іхняя праца заўважаецца і ўзнагароджваецца. Акрамя таго, падчас сённяшняга мерапрыемства, была нададзена ўвага падрыхтоўцы да вясенне-палявых работ і ўмовам працы ў майстэрнях ААТ “Васілішкі”.

 

Алег ШЫШЛОЎСКІ.

Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!