Кваліфікаваныя спецыялісты заўсёды запатрабаваныя

 

Па ініцыятыве старшыні райвыканкама Аляксея Садоўскага ў сельскагаспадарчым ліцэі г. Шчучына была арганізавана сустрэча кіраўніцтва раёна і прадстаўнікоў гаспадарак Шчучыншчыны з ліцэістамі ў мэтах іх прафарыентацыі.

 

– Прафесіі, якія вы набываеце ў сценах гэтай навучальнай установы, сёння надзвычай запатрабаваны ў нашым раёне, – зазначыў, звяртаючыся да моладзі, Аляксей Валянцінавіч. – Вельмі важна, каб атрыманыя вамі веды не разыходзіліся з практыкай. Таму неабходна распрацаваць план мерапрыемстваў, якія дазволяць зрабіць навучальны працэс больш цікавым і максімальна наблізяць яго да рэальнай абстаноўкі ў сельгаспрадпрыемствах Шчучыншчыны. Сёння ў гаспадарках раёна актыўна абнаўляецца тэхнічны парк: на дапамогу нашым аграрыям прыходзяць сучасныя энерганасычаныя камбайны і трактары. Вы павінны дасканала асвоіць гэту тэхніку і ўмець кіраваць ёй. Гэта гарантуе вам хуткае працаўладкаванне і дастойную заработную плату. У сельгасарганізацыях гатовы плаціць шмат высокакваліфікаванаму спецыялісту за правільнае карыстанне сучаснай тэхнікай, якая каштуе нямала, чым пастаянна выпраўляць паломкі з-за неабачлівасці некампетэнтнага механізатара.

 

 

Да слоў Аляксея Садоўскага далучыўся намеснік старшыні райвыканкама – начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Анатолій Тодрык. Ён дадаў, што нават самая сучасная тэхніка без кваліфікаванага спецыяліста не прынясе прыбытку. Таксама засяродзіў увагу на тым, што менавіта ад механізатараў і іх беражлівых адносін да давераных ім “жалезных коней” напрамую залежыць тэрмін службы камбайнаў, трактароў і розных сельскагаспадарчых агрэгатаў.

 

– Мы запрашаем вас да сябе на працу, але вы павінны быць гатовы няспынна вучыцца і працаваць з поўнай аддачай, – звярнулася да ліцэістаў дырэктар ААТ “Шчучынаграпрадукт” Вольга Патапчык. – Часта маладыя спецыялісты недастаткова валодаюць практычнымі навыкамі з-за адсутнасці працоўнага вопыту. Аднак справу можна выправіць! Нашы спецыялісты заўсёды падставяць плячо, патлумачаць, дапамогуць разабрацца ва ўсіх нюансах вытворчага працэсу. Хутка вы будзеце адчуваць сябе ў полі “як рыба ў вадзе”. Улічваючы, што наша краіна арыентавана на сельскую гаспадарку – без працы вы ніколі не застанецеся!
Перад прысутнымі выступіў нядаўні выпускнік Гродзенскага дзяржаўнага сельскагаспадарчага ўніверсітэта Аляксей Хартановіч, які вучыўся па мэтавым накіраванні ААТ “Шчучынаграпрадукт” і пасля атрымання дыплома ўладкаваўся на працу ў гэту гаспадарку. За кароткі тэрмін ён прайшоў шлях ад работніка радавога звяна да загадчыка свінафермы “Ельня”. Цяпер ён кіруе дружнай камандай з 60 спецыялістаў.

 

– Без глыбокіх ведаў немагчыма рэалізаваць сябе ў прафесіі, – перакананы Аляксей Іванавіч. – Памятайце гэта і не губляйце час дарэмна. Развівайцеся, больш чытайце, цікаўцеся апошнімі навінкамі аграіндустрыі. Усё гэта дапаможа вам паспяхова пабудаваць прафесійную кар’еру. Паверце, у сельскай гаспадарцы можна дастойна зарабляць.

 

Аналагічнай думкі прытрымліваецца і праграміст ААТ “Дэмбрава” Аляксандр Іваноў, які таксама прысутнічаў на сустрэчы і пазнаёміў ліцэістаў з вытворчымі магутнасцямі роднай гаспадаркі:

 

 

– У нас налічваецца 84 трактары, у тым ліку 9 энерганасычаных, 16 камбайнаў, 9 пагрузчыкаў і 28 грузавых аўтамабіляў. Уся тэхніка дагледжана і як след абслужана. Для людзей створаны камфортныя ўмовы працы і гарантаваны сацпакет. Таму цякучкі кадраў у нас няма.

 

Дырэктар Гродзенскага занальнага інстытута раслінаводства НАН Беларусі Сяргей Шэўчык засяродзіў увагу прысутных на важнасці ўкаранення навуковага падыходу ў сельскай гаспадарцы.

 

– Наш інстытут з’яўляецца адной са старэйшых навуковых устаноў у рэспубліцы: сёлета яму споўнілася 110 гадоў, – зазначыў Сяргей Мікалаевіч. За гэты час тут было праведзена мноства важных навуковых даследаванняў, абаронена шмат дысертацый, выведзены новыя сарты розных культур. І работа ў гэтым напрамку працягваецца! Нашы спецыялісты рэгулярна арганізуюць і праводзяць шматлікія семінары, наведваюць гаспадаркі раёна і дзеляцца назапашаным вопытам, даюць карысныя парады. У цесным супрацоўніцтве са шчучынскімі аграрыямі мы штогод вырошчваем багаты ўраджай і забяспечваем харчовую бяспеку краіны. І вы пры жаданні можаце папоўніць нашы рады!

 

Ліцэісты актыўна ўключыліся ў дыялог і задавалі шмат пытанняў аб далейшым працаўладкаванні, перспектывах прафесіянальнага росту і сацыяльных гарантыях. Па ўсім было відаць, што сустрэча з кіраўніцтвам раёна і прадстаўнікамі гаспадарак Шчучыншчыны прайшла для іх не ўпустую.

 

Аляксандр КАСПЯРЧУК.

Фота аўтара.

 

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!