Купалаўцы завіталі ў Шчучын. У райцэнтры прайшоў Дзень абітурыента Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы

У Шчучынскім раённым цэнтры культуры і народнай творчасці прайшоў Дзень абітурыента Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы. Кожны факультэт абласной ВНУ быў прадстаўлены інтэрактыўнымі пляцоўкамі.

 

 

Вучні старэйшых класаў школ раёна мелі магчымасць пазнаёміцца са студэнтамі і выкладчыкамі, якія з дапамогай унікальных лакацый цікава і інфарматыўна расказвалі аб факультэтах і спецыяльнасцях Купалаўскага ўніверсітэта.

 

 

Таксама студэнты арганізавалі для школьнікаў вясёлы канцэрт, у рамках якога паказалі, што ўніверсітэцкае жыццё насычана пазітыўнымі эмоцыямі і творчай дзейнасцю. Пра гэта нам падрабязней расказала адказны сакратар прыёмнай камісіі ГрДУ Ірына Карлюкова:

 

– Мы праводзім Дзень абітурыента для таго, каб паказаць сябе і  ў тым ліку са сцэны. Хочацца данесці да нашых патэнцыйных абітурыентаў, што ўніверсітэцкая дзейнасць не абмяжоўваецца толькі вучобай і студэнтаў таксама чакае насычанае грамадскае жыццё. Акрамя Шчучына, мы таксама завітаем у Слонім і Навагрудак. А ўжо 18 сакавіка чакаем вучняў выпускных класаў на сваёй тэрыторыі, бо ў гэты дзень мы правядзём дзень адкрытых дзвярэй.

 

 

Разам са студэнтамі і выкладчыкамі прадставіць Купалаўскі ўніверсітэт прыехаў прарэктар па навуковай рабоце Андрэй Праневіч. Ён расказаў школьнікам аб перавагах вучобы ў ГрДУ.

 

 

– У гэтым годзе мы прыехалі ў Шчучын, каб паказаць будучым абітурыентам магчымасці і перспектывы нашага ўніверсітэта, – кажа Андрэй Праневіч. – На мерапрыемстве прадстаўлены ўсе пятнаццаць факультэтаў, акрамя таго, мы таксама расказалі пра нашы каледжы. Сёлета Купалаўскі ўніверсітэт прадстаўляе на выбар 55 спецыяльнасцяў, таму кожны можна знайсці сабе кірунак, з якім звяжа сваё далейшае жыццё.

 

 

Падзяліўся сваімі ўражаннямі ад Дня абітурыента начальнік аддзела адукацыі Шчучынскага райвыканкама Павел Тарчынскі:

 

– Думаю, што гэтае мерапрыемства абавязкова прынясе плён. Зараз надышоў той час, калі выпускнікі школ павінны вызначыцца і зрабіць выбар на карысць той ці іншай ВНУ. На мой погляд, наш галоўны рэгіянальны ўніверсітэт не саступае нічым лепшым сталічным ВНУ і дае адукацыю на належным узроўні. Таму лічу, што Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы – гэта ўніверсітэт паспяховых людзей.

 

Алег ШЫШЛОЎСКІ.

Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!