Культура ў фармаце онлайн: майстар-класы, спектаклі, народныя абрады… А ў планах – “Імперскі рускі балет” на шчучынскай сцэне

 

У сувязі з пандэміяй  каранавіруса з 4 красавіка было прыпынена правядзенне ўсіх масавых мерапрыемстваў, якія ўжо трывала ўвайшлі ў наша жыццё. А што культасветработнікі з іх паўсюдна кіпучай дзейнасцю? Няўжо на творчых канікулах ці ў водпусках? Мы пацікавіліся ў дырэктара раённага цэнтра культуры і народнай творчасці Святланы Паўлаўны Жвірбля, наколькі ўдалося яе крэатыўнай камандзе перабудаваць работу ў нязвыклых сучасных рэаліях, каб культурнае жыццё на Шчучыншчыне па-ранейшаму бруілася і радавала людзей.

 

  -- А мы зараз актыўна працуем у рэжыме онлайн. Як альтэрнатыва – на сайце Шчучынскага РЦКіНТ адкрылі відэаканал для тых, хто можа прама з дома далучыцца да культурнага жыцця раёна, знойдзе нашы хэштэгі ў сацыяльных сетках. Гэткім чынам мы падрыхтавалі і правялі ўжо каля 60 мерапрыемстваў.

 

Адразу была спланавана праграма майстар-класаў ад нашых таленавітых супрацоўнікаў аддзела рамеснай дзейнасці і народнага мастацтва. Яны паказалі, як ствараюць 3D-кветкі ў … жэле, навучылі сваімі рукамі з падручных матэрыялаў зрабіць прыгожую інтэр’ерную вазу і многаму іншаму. Усё  дакладна і даступна. Думаю, гэта ацанілі тыя, хто апынуўся на самаізаляцыі і мог гэткім чынам бавіць час з карысцю. Зараз у творчай майстэрні нашых рамеснікаў работа проста кіпіць: яны рыхтуюць мноства новых сувеніраў, у тым ліку арыгінальныя пано на берасце з відамі Шчучына, пашылі калекцыю модных сукенак у нацыянальным стылі,  атрымалі заказ на вышыванне беларускага арнаменту. Ірына Хвайніцкая, Вольга Каранкевіч, Таццяна Лебядзевіч, Наталля Лябецкая, Вольга Роліч – гэта вельмі дружная і працавітая каманда.

 

Харэограф Ірына Рымко дала ў сацыяльных сетках майстар-клас “Танцуй з намі”, а кіраўнік шахматна-шашачнага гуртка Аляксандра Карпінская арганізавала онлайн-турніры. Выхаванцы ўзорнай студыі “Звычайны цуд” Астрынскага Дома культуры і тэатральнай творчасці паставілі лялечную казку, з якой пры спрыяльнай эпідсітуацыі адправяцца на гастролі, а пакуль спектакль можна ўбачыць на нашым відэаканале. Яшчэ адну прэм’еру – “Прыгоды Віруса ў трыдзявятым царстве” -- падрыхтавалі артысты РЦКіНТ.

 

-- Святлана Паўлаўна, якія патрыятычныя праекты рэалізуюцца з нагоды 75-годдзя Вялікай Перамогі?

 

-- Адзін з самых кранаючых – онлайн-праект “Ветэранаў праведныя лікі”. Яго натхняльнікам з’яўляецца мастацкі кіраўнік Алена Георгіеўна Ушкар. Кожны, хто хоча ўшанаваць памяць сваіх продкаў, можа прыйсці да нас з падрыхтаваным аповедам і фотаздымкамі родных людзей, што дастойна прайшлі праз выпрабаванні Вялікай Айчыннай вайны. Расказанае запісваецца на відэа ў спецыяльна адведзенай фотазоне. Інжынер Таццяна Сосна ўмела манціруе кадры, ніколі не лічыцца з часам. З такіх сямейных гісторый ужо атрымаўся цэлы фільм, які дэманстраваўся на вулічным экране на гарадской плошчы, набірае прагляды ў інтэрнэце. Цікавыя відэаальбомы да 75-годдзя Перамогі падрыхтавалі васілішкаўскія, першамайскія, астрынскія работнікі культуры. І тут у новай іпастасі праявілі сябе мастацкі кіраўнік Васілішкаўскага цэнтра культуры Юрый Барысевіч, многія іншыя нашы супрацоўнікі, здымаючы відэасюжэты, запісваючы канцэрты, кліпы, працуючы з музычным і светлавым афармленнем.

 

Вялікія планы мы будуем на 3 ліпеня – да Дня Незалежнасці Рэспублікі Беларусь. Актыўна працуем над сцэнарыямі нашых брэндавых фестываляў – свята кветак у Жалудку, фальклорнага фэста “Паміж намі, суседзямі” ў Дэмбраве, фестывалю музыкі Чэслава Немэна ў Васілішках і, безумоўна, грандыёзнага авіяцыйнага свята ў Шчучыне. Рыхтуем шмат сюрпрызаў і яркіх падзей. А на днях мы атрымалі запрашэнне ў Александрыю. На знакамітым александрыйскім Купаллі выступіць наш народны ансамбль “Сябрына” Жалудоцкага Дома культуры. Нам ёсць што прадставіць і на выставу народнага касцюма, якая будзе праходзіць у рамках гэтага прэстыжнага фестывалю.

 

-- Чым сёння жывуць сельскія культасветработнікі?

 

-- Яны правялі па-сапраўднаму вялікую работу па адраджэнні духоўнай спадчыны, рэалізуючы праект “Каб жыла культура продкаў”. У Дэмбраўскім сельскім Доме фальклору вярнулі з забыцця “Гуканне вясны”, у Ракавіцкім ДК адрадзілі мясцовыя абрады “Завіванне бярозкі” і “Зажынкі”, у Ляшчанскім сельскім клубе – “Жаніцьбу коміна”, а ў Астрынскім Доме культуры і тэатральнай творчасці – “Каравайны абрад”. Усё гэта энтузіясты гатовы паказаць турыстам, прапанаваць гледачам самім паўдзельнічаць у анімацыі.

 

-- Выходзіць, што той цэйтнот, у якім культура працавала да пандэміі, не спыняецца. Як сказаў паэт, спакой нам толькі сніцца…

 

-- І гэта нармальна! Тую паўзу, што ўтварылася ў грамадскім жыцці, мы да ўсяго выкарыстоўваем і каб зрабіць рамонты, эстэтычна аформіць інтэр’еры нашых культасветустаноў, навесці належны парадак ды азеляніць тэрыторыі. А ўвогуле мы неверагодна сумуем па нашых гледачах, па цеплыні іх сэрцаў, тых шчырых апладысментах, якімі публіка ўзнагароджвае шчучынскіх артыстаў.

 

-- Святлана Паўлаўна, ці плануеце традыцыйныя творчыя сустрэчы з вядомымі майстрамі сцэны?

 

-- Абавязкова. І новыя выставы мастакоў, і спектаклі, канцэрты вядомых зорак эстрады – усё, што трывала ўвайшло ў практыку работы нашага РЦКіНТ, мы маем намер працягваць пры першай жа магчымасці. Сапраўднай падзеяй у культурным жыцці Шчучыншчыны можа стаць напрыканцы ліпеня пастаноўка “Лебядзінае возера”. Упершыню на шчучынскай сцэне мы ўбачым “Імперскі рускі балет” на чале з яго натхніцелем знакамітым Гедымінасам Тарандой. Багата і іншых задумак. Няхай усё збудзецца!

 

Гутарыла Таццяна СТУПАКЕВІЧ.

Фота Ганны Каспер.

 
Подписывайтесь на нас в Яндекс.Дзен, Telegram и Viber!