Кубак Волака і Вісяка ў шчучынцаў!

 

Па-першае, трэба сказаць, што атаманы Волак і Вісяк, паводле падання, заснавалі калісь горад Ваўкавыск, і ўдзячныя ваўкавычане у знак прызнання кожную восень праводзяць у іх гонар фестываль. А па-другое, на гэты раз на ХХІІ адкрыты турнір па інтэлектуальных гульнях на Кубак Волака і Вісяка сабралася як ніколі багата знатакоў з іншых гарадоў – Барысава і Баранавічаў, Ліды і Шчучына...

 

На працягу двух дзён у Ваўкавыску кіпелі інтэлектуальныя баталіі, у якіх сапернічалі 16 каманд дарослых эрудытаў і 8 – дзіцячых.

 

 Каманда шчучынцаў з іранічнай назвай “Восеньскае абвастрэнне” адразу трапіла ў лік фаварытаў. Яшчэ б! Сапраўднымі завадатарамі нашых знатакоў сталі вядомы ігрок беларускага тэлеклуба “Што? Дзе? Калі?”, ураджэнец Шчучына Сяргей Дубелевіч, мясцовыя краязнаўцы браты Войкелі, настаўніца трэцяй гарадской школы Кацярына Дзямідава і іншыя заўсёднікі шчучынскіх паядынкаў “мазгаломаў”.
Турнірную дыстанцыю нашы знатакі прайшлі дастойна: занялі першыя месцы ў трох з чатырох заліковых гульняў. У выніку – бліскучая перамога сярод каманд малых гарадоў і раённых цэнтраў. Галоўны кубак ваўкавыскага фестывалю – у Шчучыне!

 

Таццяна СТУПАКЕВІЧ.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!