Кубак Прынёмання ў “Шчучына”. У спарткомплексе па вуліцы Авіятараў прайшоў міні-футбольны турнір

 

Зусім нядаўна ў нашым раёне завяршыўся сезон вялікага футбола. Аднак сумаваць аматарам гульні з мячом не прыходзіцца, бо зусім хутка пачнецца міні-футбольная кампанія 2023 – 2024. Падрыхтоўка шчучынскіх спартсменаў да чэмпіянату Гродзенскай вобласці ідзе поўным ходам. Набіраць форму перад спаборніцтвамі дапамагаюць таварыскія турніры, адзін з іх – “Кубак Прынёмання – 2023”, які на гэтых выхадных прайшоў у Шчучыне.

 

Сёлета за Кубак Прынёмання змагаліся чатыры каманды. Наш раён прадставілі дружыны МФК “ФСК Шчучын” і ДЮСШ г. Шчучына. Гасцямі спаборніцтваў сталі прадстаўнікі Гродзенскага раёна – МФК “ФСК Скідзель” і сталічная каманда FC “juniors”. Матчы прайшлі ў спарткомплексе па вуліцы Авіятараў і сабралі на трыбунах нямала шчучынскіх заўзятараў.

 

 

Турнір распачаўся сустрэчай мінскага калектыву з камандай ДЮСШ. Верх у гэтым паядынку ўзяла сталічнай каманда. Госці перамаглі шчучынскую моладзь з лікам 1:4 і выйшлі ў фінал.

 

Далей мацнейшага выяўлялі МФК “ФСК Шчучын” і МФК “ФСК Скідзель”. У гэтым матчы адбылася сапраўдная галявая феерыя. У вароты гасцей шчучынцы забілі ажно адзінаццаць мячоў. Скідзельцы змаглі адказаць толькі двума выніковымі ўдарамі. Такім чынам, пасля перамогі з лікам 11:2 “Шчучын” забраў другую пуцёўку ў фінал.

 

 

У матчы за трэцяе месца скідзельцам зноў не паздаровілася, футбалісты Шчучынскай ДЮСШ амаль паўтарылі вынік сваіх старэйшых калег, атрымаўшы перамогу над гасцямі з лікам 10:2.

 

Фінальны матч  паміж “Шчучынам” і “juniors” пачаўся з імклівых атак ад абедзвюх каманд. Больш шанцовымі былі гаспадары, якія і адкрылі лік у матчы. Некалькі хвілін спатрэбілася мінскай камандзе, каб зраўняць лічбы на табло. Аднак нічыя трымалася нядоўга, у першай жа атацы пасля прапушчанага мяча шчучынцы аднавілі перавагу (2:1). Да канца тайма сапернікі яшчэ раз абмяняліся галамі і сышлі на перапынак з лікам 3:2.

 

 

У другім тайме госці атакавалі часцей, чым у першым, але забіць так і не змаглі. А вось футбалісты “Шчучына” аформілі яшчэ адзін гол у вароты мінчукоў і з камфортным лікам 4:2 давялі гульню да перамогі. 

 

 

Такім чынам, трэцяе месца на турніры ўзялі маладыя футбалісты Шчучынскай ДЮСШ, срэбра спаборніцтваў дасталася мінчанам з “juniors”, а ўладальнікам Кубка Прынёмання стаў МФК “ФСК Шчучын”. Віншуем прызёраў і пераможцаў!

 

 

Вынікі турніру пракаментаваў загадчык сектара спорту і турызму Шчучынскага райвыканкама Дзмітрый Кірылаў:

 

– Атрымалася правесці добры турнір у рамках падрыхтоўкі да старту сезона. Нават запрасілі каманду з Мінска, адным з трэнераў якой з’яўляецца Аляксандр Дзям’янаў, ён раней працаваў з нашым клубам. У наступныя выхадныя ўжо старт сезона, будзем гуляць са Слонімам, таму пастараемся максімальна эфектыўна выкарыстаць час, які застаўся да пачатку чэмпіянату.

 

 

Алег ШЫШЛОЎСКІ.

Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!