“Кентаўру”… 10 год. Даведаліся, чым прыцягвае гасцей аграэкасядзіба Людмілы Босак з Вялікіх Бярозаўцаў

 

Быць заўжды на кані! Пэўна, гэта і ёсць жыццёвы дэвіз жыхаркі вёскі Вялікія Бярозаўцы Людмілы Босак. І не толькі таму, што яна гаспадыня знакамітай аграсядзібы “Конны двор “Кентаўр”. Крэатыўная, перапоўненая энергіяй і ідэямі жанчына ніколі не пасуе перад цяжкасцямі. Яна заўжды ў сядле – у прамым і пераносным сэнсе: многа працуе, усёй душой любіць тое, чым займаецца, умее цаніць навакольную прыгажосць і ўсе фарбы жыцця, імкнецца перадаць іншым сваё “коннае хобі” і абучыць жадаючых верхавой яздзе.

 

Ветэрынарны ўрач па прафесіі, Людміла Мікалаеўна амаль 30 год прафесійна займаецца конным спортам, у свой час была не толькі трэнерам, але і дырэктарам конна-спартыўнай школы ў Азёрах. А калі ўстанову расфарміравалі, Людміла не адчайвалася, а вырашыла, што самы час рэалізаваць сваю даўнюю мару – адкрыць уласны конны двор!

 

 

І вось нядаўна адной з самых вядомых на Шчучыншчыне аграсядзіб споўнілася ні многа ні мала, а дзесяць год. Мы завіталі ў Вялікія Бярозаўцы, каб разам з гаспадыняй узгадаць, з чаго ўсё пачыналася, што дасягнута за гэтыя гады і ці не шкадуе Л.М. Босак аб сваім колішнім смелым рашэнні?

 

Першы падарунак сядзібе – жывая “сенакасілка”

 

– Людміла Мікалаеўна, а што Вас, уласна кажучы, звязвала са шчучынскім краем і гэтай вёсачкай?

 

– Хіба толькі шчаслівы выпадак, – усміхаецца мая суразмоўца. – Каб не туліцца бясконца па гарадскіх “шпакоўнях”, я шукала жывапісны сельскі куточак для жыцця і сваёй справы, дзе галоўнае – неабсяжныя прасторы, разнастайнасць прыроды, добрыя людзі… І ўсё гэта знайшла якраз-такі ў Вялікіх Бярозаўцах. Трэба было прыкласці вельмі шмат намаганняў, каб расчысціць ад здзічэлага слівоўніка ўчастак з пабудовамі, якія, аднак, я адразу ацаніла. Доўгія хлявы і пуні – акурат для коней! Так думалася з прыцэлам на перспектыву, але сяброўка з Мінска заявіла: “Раз ты набыла сядзібу ў вёсцы, то ад мяне – сенакасілка”. І падарыла мне… каня! Вось гэта быў сюрпрыз! Яшчэ два конікі, узяўшы крэдыт, я выкупіла ў сваёй расфарміраванай школы. Менавіта з гэтага калісь пачынаўся наш “Кентаўр”. Я і не заўважыла, як праімчала цэлае дзесяцігоддзе, ужо дасягнута пэўная стабільнасць, але ўсё здаецца, што я толькі ў пачатку свайго шляху, бо планаў – грамаддзё…

 

 

“Гэта не бізнес, а нешта значна большае”

 

Зараз у Людмілы Мікалаеўны 16 коней. Два з іх – поні, улюбёнцы дзятвы. У кожнага з доўгагрывых свой характар, свой нораў і свае таленты. Усё, як у людзей, нават, на жаль, хваробы і старасць.

 

– Як урач разумею, што лепей спрацаваць на прафілактыку, – лічыць Людміла Мікалаеўна і расказвае, якія прэпараты і правільна збалансаваны корм выкарыстоўвае для сваіх выхаванцаў. Конегадоўля патрабуе шмат затрат, але захопленаму, апантанаму чалавеку і радасці ды яркіх эмоцый багата дае.

 

– Вядома ж, гэта не бізнес, а нешта значна большае, – сцвярджае Людміла. – Гэта лад жыцця, патрабаванне душы, гэта тое, што не перадаць словамі…

 

 

І сама гаспадыня аграсядзібы, і яе дачка Маргарыта, дарэчы, прафесійны трэнер па конным спорце, з задавальненнем праводзяць заняткі як для пачаткоўцаў, так і для тых, хто жадае на выдатна асвоіць верхавую язду. Турысты заязджаюць у Вялікія Бярозаўцы іншы раз з цікаўнасці або пакатацца на конях: ці то ў вальерах, ці то па наваколлі, а хтосьці і ў брычцы з бразготкамі.

 

 

Зразумела, што тут ёсць магчымасць спыніцца на некалькі сутак з начоўкай і з галавой акунуцца ў рэальнае сялянскае жыццё. Заўважана, што тыя, хто хоць раз пабываў на аграэкасядзібе ў Л.М. Босак, вяртаюцца сюды зноў і зноў, некаторыя становяцца сапраўднымі сябрамі, а то і памочнікамі. Людзям імпануюць адкрытасць Людмілы Мікалаеўны, яе душэўнасць, унутраны стрыжань цэльнай і моцнай натуры. Тут паказваюць прыклад здаровага ладу жыцця і гарманічных адносін з прыродай. У свой час тутэйшы пеша-вела-конны маршрут “Дрымучы лес” стаў пераможцам рэспубліканскага конкурсу экалагічных праектаў. Дый іншых маршрутаў і заняткаў нямала.

 

 

Усяго за гады існавання “Кентаўра” на аграсядзібе пабывалі з дзясятак тысяч гасцей і, мабыць, кожны вынес для сябе нешта надзвычай важнае – часцінку асобай філасофіі жыцця, дзе простыя рэчы ставяць на месца зрушанае цывілізацыяй.

 

Сям’я – гэта сем “Я”

 

– У нашай гаспадарцы – не толькі коні, але і саліднае сямейства коз з казляняткамі, а яшчэ – куры, сабака, кот – усім хапае месца, – жартуе гаспадыня. – Гасцей частуем экалагічна чыстымі сялянскімі прадуктамі. У прыярытэце стравы беларускай народнай кухні. А яшчэ ў нас ёсць традыцыя. Субота – гэта вогнішчавы дзень: гатуем што-небудзь смачнае ў агромністым казане на кастры.

 

У Людмілы вялікая сям’я. Яна – мама траіх дзяцей. Старэйшая дачка Маргарыта знаходзіцца ў дэкрэтным водпуску і разам з мужам ды маленькім сынам зараз жыве на аграсядзібе, дапамагае маці ва ўсіх гаспадарчых справах: у той дзень іх каманда якраз рамантавала і фарбавала бар’еры для коней, бо хутка ў “Кентаўры” будуць ладзіцца спаборніцтвы. Сярэдні сын Юрый – навучэнец каледжа і зараз праходзіць практыку ў ААТ “АграГЖС”, а таму амаль штодзень у Вялікіх Бярозаўцах. Малодшанькая Злата ўжо рыхтуецца стаць першакласніцай Астрынскай СШ.

 

 

– Мама, дык я вазьму гаечны ключ і сама адкручу тыя лішнія калёсікі ў новым веласіпедзе, – заяўляе 6-гадовая дзяўчынка, бачачы, што наша размова закончыцца не так хутка, як ёй бы хацелася.

 

 

Мы не толькі весела рэагуем на такую самастойнасць, але і разважаем аб тым, што дзеці ў вёсцы растуць не беларучкамі, загартаванымі і блізкімі да прыроды. Дарэчы, прыехала жыць на аграсядзібу і пажылая матуля Людмілы – Зінаіда Васільеўна, умацоўвае здароўе на свежым паветры і дужа перажывае, што ўжо сілы не дазваляюць істотна дапамагчы дачцэ, якая ўзялася за такую неардынарную справу. Аднак, як паказвае праверка часам, цудоўна з усім спраўляецца.

 

 

Месца сілы

 

У “Кентаўр” прыязджае шмат гродзенцаў і мінчан, цікавяцца верхавой яздой шчучынцы і лідчане, жыхары іншых гарадоў і пасёлкаў. А нядаўна завітала вядомая тэлевядучая Святлана Бароўская з камандай праграмы “Добрай раніцы, Беларусь!” Зняты для галоўнага тэлеканала краіны сюжэт атрымаўся пазнавальным і вельмі душэўным.

 

– Святлана Бароўская – стопрацэнтна наш чалавек: так шчыра ўмее захапляцца і радавацца ўсяму, што бачыць! З ёй надзвычай цікава і тэлегледачам, і па-за экранам – у звычайным жыцці, – дзеліцца Людміла. – А пасля эфіру столькі сяброў і знаёмых адгукнуліся! Было вельмі прыемна.

 

Лета ў аграсядзібе не толькі пік турыстычнага сезона, але і традыцыйных святаў з відовішчнымі коннымі шоу. Гэткім чынам тут адзначаюць 1 чэрвеня – Дзень абароны дзяцей, а ў апошнюю нядзелю жніўня ладзіцца свята вёскі Вялікія Бярозаўцы, якое збірае не толькі тутэйшы люд, але і самадзейных артыстаў, рамеснікаў і, безумоўна, аматараў коней.

 

 

Пакуль мы гутарылі з Людмілай Мікалаеўнай, прыехалі на заняткі яе вучаніцы. Хтосьці толькі ўпершыню сеў на каня, а хтосьці ўжо вельмі ўпэўнена трымаецца ў сядле. Памяркоўная Эхінацэя яўна пасябравала з юнай гродзенкай Палінай. Па ўсім відаць, дзяўчынцы даспадобы ўрокі ў “Кентаўры”, дзе нібы чуюцца адгалоскі рыцарскіх турніраў. Аб тым на яве нагадваюць створаныя знаёмай мастачкай фотазоны. Словам, дзівосы тут на кожным кроку.

 

…Зусім не хацелася развітвацца з гэтым запаветным і рамантычным куточкам, што стаў месцам сілы для Людмілы Босак і яе сям’і, для ўсіх тых, хто сюды прыязджае з адкрытым сэрцам.

 

 

Таццяна СТУПАКЕВІЧ.

Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!