“Кентаўр” збірае сяброў. Як у Бярозаўцах на аграсядзібе ладзілі свята вёскі

 

Добрую традыцыю – ладзіць на аграсядзібе захапляючыя мерапрыемствы – падхапіла гаспадыня коннага двара “Кентаўр”.

 

Добрую традыцыю – ладзіць на аграсядзібе захапляючыя мерапрыемствы – падхапіла гаспадыня коннага двара “Кентаўр”.

 

 

І нагода ў мінулую нядзелю выпала адмысловая – свята вёскі Бярозаўцы, на якое завіталі не толькі тутэйшыя, але і жыхары навакольных населеных пунктаў, шматлікія аматары сельскага адпачынку са Шчучына, Гродна, Мінска… У вясковым фэсце прыняла ўдзел старшыня Астрынскага сельвыканкама Наталля Іванаўна Лебядзевіч.

 

Людміла Мікалаеўна Босак, якая ўжо не адзін год паспяхова займаецца агратурызмам і мае багаты вопыт трэнерскай работы, цёпла вітала гасцей, знаёміла іх са сваімі даўгагрывымі сябрамі, прапаноўвала конныя прагулкі вярхом і ў экіпажы. У гэты святочны дзень усё было бясплатна. Жадаючых частавалі юшкай, запрашалі паўдзельнічаць у гульнях, конкурсах і атракцыёнах. Асаблівую актыўнасць праяўляла дзятва.
Самадзейныя артысты з Астрынскага Дома культуры і тэатральнай творчасці пад кіраўніцтвам Івана Бабіцкага падрыхтавалі для землякоў цудоўны канцэрт. Здзіўлялі і радавалі публіку паказальныя выступленні коннікаў. Было па-сапраўднаму весела і захапляюча.

 

 

– Я ўсім удзячна за падтрымку – і работнікам культуры, і маім суседзям ды партнёрам па турыстычным кластары – гаспадарам аграсядзібы “Бабровая даліна”. Здаецца, у Алега Сямашкі атрымліваецца самая смачная на свеце юшка! – жартуе Людміла Мікалаеўна.

 

Ацэньваючы летні турыстычны сезон, Л.М. Босак падкрэслівае ягоную насычанасць, абуджэнне інтарэсу беларусаў да сваіх родных мясцін і айчынных славутасцей, папулярнасць так званых тураў выхаднога дня, калі на аграсядзібу прыязджаюць сем’і з дзецьмі.

 

– Вельмі часта гэтым летам у нас спыняліся на некалькі дзён удзельнікі лагераў, паходаў і велападарожжаў. Заўжды выклікалі і выклікаюць непадробную цікавасць нашы “зялёныя маршруты”, купанне коней на возеры, верхавыя міні-экспедыцыі. Сёння на конным двары “Кентаўр” 16 коней, і гэта ўражвае – асабліва гараджан, – дзеліцца Людміла.

 

Свята вёскі Бярозаўцы на аграсядзібе яшчэ больш умацавала добрасуседскія сувязі, падарыла багата станоўчых эмоцый, зарадзіла людзей энергіяй і пазітывам.

 

Таццяна СТУПАКЕВІЧ.

 

 
Подписывайтесь на нас в Яндекс.Дзен, Telegram и Viber!