Кармамі разжыцца дазволіць касавіца

У ААТ “Дэмбрава” актыўна прыступілі да першага ўкосу траў: штодзень тут абкошваюць каля 160 гектараў. Усяго на нарыхтоўцы кармоў у гаспадарцы задзейнічана 25 адзінак тэхнікі: касілкі, граблі, падборшчыкі, прэсы, трамбавальнікі.

 

 

Калі мы прыехалі на поле ля вёскі Лядск, механізатар Андрэй Часлававіч Малючок на трактары з прычэпленым прэс-падборшчыкам “Krone” рухаўся ўздоўж загадзя сабраных валкоў: агрэгат падбіраў правяленую зялёную масу, скручваў яе ў цюкі і акуратна запакоўваў у спецыяльную плёнку.

 

 

– Увесь вытоворчы працэс кантралюе бартавы камп’ютар, – гаворыць Андрэй Часлававіч. – Шчыльнасць прэсоўкі сенажу складае 70%, а яго вільготнасць – 25-30%. Кожны цюк вагой 700-800 кілаграмаў укручваем у шэсць слаёў плёнкі. Аднаго рулона з плёнкай хапае, каб запакаваць 12-14 цюкоў. Затым я раблю “перазарадку”, і працэс працягваецца. Такім чынам за працоўную змену нарыхтоўваю да 300 рулонаў, убіраю 40-50 гектараў зямлі.

 

Работа ў полі пачынаецца, як толькі з травы сыходзіць раса, і працягваецца да позняга вечара. Механізатары спыняюцца толькі на кароткі абед: усіх занятых на касавіцы гаспадарка забяспечвае гарачым харчаваннем.

 

 

– Мы плануем правесці два паўнавартасныя укосы і нарыхтаваць 900 тон сена, 49 тысяч тон сенажу і 55 тысяч тон сіласу, – гаворыць галоўны аграном ААТ “Дэмбрава” Дзмітрый Станіслававіч Скорб. – Гэтага дастаткова, каб пракарміць наш статак буйной рагатай жывёлы, які налічвае 12300 галоў. Каб атрымаць якасныя кармы з высокім утрыманнем пратэіну, пасеялі больш люцэрны і канюшыны. І прадоўжым рухацца ў гэтым напрамку: сёлета пасевы люцэрны займаюць 415 гектараў, праз два гады павялічым іх удвая.
Для надзейнага захоўвання кармоў у гаспадарцы налічваецца больш за 35 траншэй агульнай змяшчальнасцю каля 110 тысяч тон. Усе яны размешчаны на фермах і комплексах, каб пазбегнуць праблем з дастаўкай.

 

 

– На 29 мая мы ўжо заклалі каля 2000 тон сенажу, – дзеліцца Дзмітрый Станіслававіч. – Цёплае надвор’е спрыяе інтэнсіўнаму росту траў. Галоўнае іх своечасова абкасіць і ўбраць. Для гэтага ў нас ёсць уся неабходная тэхніка. Упэўнены, закончым першы ўкос да 20 чэрвеня.

Аляксандр КАСПЯРЧУК.
Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Яндекс.Дзен, Telegram и Viber!