Кансультацыя і юрыдычная падтрымка ў адным месцы. У Шчучыне прайшла адкрытая прыёмная для бізнесу

 

Атрымаць прававую дапамогу і карысныя кансультацыі змаглі наведвальнікі адкрытай прыёмнай для бізнесу, якая прайшла ў Шчучыне. У палацы творчасці дзяцей і моладзі гэта мерапрыемства сабрала прадстаўнікоў абласных і раённых службаў, устаноў і арганізацый.

 

Ідэя правядзення адкрытых прыёмных для бізнесу не новая, на Гродзеншчыне яна рэалізуецца з 2019 года. У рамках гэтай ініцыятывы рабочая група два разы на год наведвае кожны раён нашай вобласці. Вялікі плюс такіх прыёмных заключаецца ў тым, што яны збіраюць спецыялістаў з розных сфер у адным месцы. Такім чынам, атрымліваецца хутка і комплексна даць адказы на хвалюючыя пытанні.

 

 

Атрымаць кансультацыі можна было ад прадстаўнікоў розных падраздзяленняў аблвыканкама і райвыканкама, спецыялістаў у галінах энергетыкі, землеўпарадкавання, архітэктуры і іншых. Часта высокай папулярнасцю ў суб’ектаў малога і сярэдняга прадпрымальніцтва карыстаюцца пытанні звязаныя з падаткавым і працоўным заканадаўствам.

 

Акрамя таго, на адкрытых прыёмных жадаючыя могуць не толькі атрымаць адказы на пытанні, але і перадаць свае канкрэтныя прапановы для змяненняў у заканадаўчых актах. Як адзначыла начальнік упраўлення прадпрымальніцтва сектара эканомікі Гродзенскага аблвыканкама Алена Валько, падобныя кансультацыі можна параўнаць з прыёмам у ўрача:

 

– У рамках адкрытай прыёмнай чалавек мае магчымасць звярнуцца да канкрэтнага спецыяліста па сваёй вузкай спецыфіцы, пагутарыць тэт-а-тэт. Такія візіты не рэгіструюцца, тут галоўная мэта – дапамагчы людзям не дапусціць парушэнняў у сваёй дзейнасці і зрабіць гэта максімальна камфортна.

 

 

Трэба адзначыць, што шчучынцы такое мерапрыемства наведваюць актыўна. Адным з тых, каму спатрэбілася кансультацыя, быў дырэктар дзяржаўнай установы “Авіятар” Валянцін Галамбоўскі.

 

– Прыйшоў сюды каб, атрымаць кансультацыю па маёмасных пытаннях, – расказвае Валянцін Вікенцьевіч. – Арганізацыя, якой я кірую займаецца аховай і выкарыстаннем маёмасці ў нашым раёне. Некаторыя аб’екты мы прымаем у распараджэнне, а нейкія павінны перадаць у карыстанне іншым арганізацыям. Таму хачу атрымаць юрыдычную кансультацыю ў гэтым кірунку. Падобныя мерапрыемствы стараюся наведваць кожны раз. Заўсёды ёсць пытанні, якія значна лягчэй і эфектыўней абмеркаваць у жывой размове, а не па тэлефоне.

 

Алег ШЫШЛОЎСКІ.

Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!