Калі кожны на сваім месцы

“Поспех прадпрыемства вырашаюць кадры”, – падкрэслівае дырэктар Шчучынскага РУП ЖКГ Андрэй Валер’евіч Шкіндзераў. У гэтай арганізацыі заўжды аддаюць належнае прафесіяналам і цэняць сваіх работнікаў за іх дзелавыя якасці. Пры гэтым не адступаюць ад традыцый: самых дастойных прадстаўляюць да ўзнагарод.
Так, па выніках раённага спаборніцтва лепшым па прафесіі прызнаны аператар кацельнай службы Юрый Тадэвушавіч Сяргей. Напярэдадні прафесійнага свята яго, а таксама лабаранта хіміка-бактэрыялагічнай лабараторыі Н.В. Несцер, майстра кацельняў г.п. Астрына В.Ю. Бараноўскага, манціроўшчыка шын транспартнага ўчастка Д.А. Сяўко ўзнагародзілі Ганаровымі граматамі дзяржаўнага аб’яднання “Жыллёва-камунальная гаспадарка Гродзенскай вобласці”. А аператар дыспетчарскай службы Жалудоцкага ўчастка Ю.У. Хмяльніцкая атрымала Падзячны ліст аб’яднання. Мяркуем, што нашым чытачам будзе цікава пазнаёміцца з некаторымі з гэтых людзей і даведацца пра сакрэты іх поспеху.

Чвэрць стагоддзя ў галіне

Юрый Тадэвушавіч Сяргей прыйшоў працаваць у камунальную службу раёна яшчэ ў 1992 годзе, змяніўшы ваенную форму на рабочую спяцоўку. З тае пары адказна нясе сваю мірную вахту аператара кацельні, клапоцячыся і пра камфортны цеплавы рэжым у нашых дамах, і пра спраўнасць абсталявання ды рацыянальнае выкарыстанне энергетычных рэсурсаў.
– За гэтыя гады на маіх вачах вельмі многае змянілася ў галіне ЖКГ, хоць шчучынскія кацельні, па праўдзе кажучы, ніколі не былі ў запушчаным стане, – гаворыць Юрый Тадэвушавіч. – Зараз мы шырока выкарыстоўваем мясцовыя віды паліва, эканомячы “валютны” газ, а кацельня па вуліцы Савецкай, дзе я працую, сёлета будзе мадэрнізавана. Вялікая справа – замена цепласетак па ўсім раёне. Сёння надзвычай важна не стаяць на месцы, а ўкараняць прагрэсіўныя тэхналогіі.
Сам Ю.Т. Сяргей пастаянна павышае свой прафесійны ўзровень, вывучае і прымяняе на практыцы новыя тэхнічныя распрацоўкі. А яшчэ ён вельмі творчы чалавек. З юнацтва захапляецца фотасправай і да гэтага часу ў рабочым стане захоўвае легендарныя “Зеніт” і “ФЭД”, якімі з самага нараджэння з любоўю і пяшчотай здымаў сваю дачушку Лізу. Сёння Лізавета Юр’еўна – выкладчыца інфарматыкі і фізікі, а малодшы сын Юрыя Тадэвушавіча – сямігадовы Аляксандр – марыць, як і тата калісь, стаць ваенным.
Дзе нарадзіўся, там і прыгадзіўся
Нечакана было даведацца, што майстар кацельняў г.п. Астрына Валерый Юр’евіч Бараноўскі па дыпломе біёлаг, хімік і эколаг. Пасля заканчэння ўніверсітэта ён выкладаў у сельскай школе, служыў у арміі, потым зноў вучыў дзетак – ужо ў сваёй роднай Астрынскай СШ. Аднак абставіны склаліся так, што з 2009 года В.Ю. Бараноўскі ўліўся ў дружны калектыў камунальнікаў раёна. Сёння ён у адказе за пяць кацельняў рэгіёна.
Так, на працягу 2017 года толькі астрынскія кацельні выпрацавалі 2416 Г/кал цеплавой энергіі, 2153 Г/кал рэалізавана. Даход склаў 297,1 тыс. рублёў. Страты ў цеплавых сетках летась былі зніжаны на 30% у параўнанні з 2016 годам.
– Быць у адказе не толькі за цяпло ў дамах, але і за бяспечную эксплуатацыю складанага абсталявання – задача не з простых, – дзеліцца Валерый Юр’евіч. – Усё неабходна трымаць у моцных руках, культываваць вытворчую і выканаўчую дысцыпліну. А ў зоне маёй адказнасці яшчэ і кацельні ў Новым Двары ды Першамайску, усяго ў падначаленні 27 работнікаў.
Як адзначаюць калегі, дзякуючы педагагічнаму вопыту кантакт з людзьмі майстар заўжды знаходзіць, а ягоныя эрудыцыя, здольнасць стратэгічна мысліць, творчы падыход да справы і сістэмнасць у рабоце дапамагаюць вышукваць рацыянальныя шляхі ў вырашэнні пастаўленых задач. Не дзіва, што В.Ю. Бараноўскі адзін з лепшых у сваёй справе.
А ў вольны ад работы час Валерый Юр’евіч захапляецца пчалярствам, любіць збіраць дары прыроды, прычым не толькі традыцыйныя грыбы-ягады, а лясныя арэхі. Сёлетні 15-кілаграмовы запас – далёка не рэкорд. Дарэчы, арэхавая выпечка на стале ў Бараноўскіх – фішка цудоўнай гаспадыні Аксаны Казіміраўны, між іншым, настаўніцы геаграфіі ў Астрынскай школе. Валерый Юр’евіч разам з жонкай выхоўваюць двухгадовую дачушку Сабіну і спадзяюцца, што абавязкова прыўюць ёй любоў і павагу да сваёй малой радзімы, якой самі адданы душой.

Дыспетчару варта быць псіхолагам

Менавіта так лічыць Юлія Уладзіміраўна Хмяльніцкая і мае на тое важкія падставы. Вядома, дзень на дзень не прыходзіцца, але іншы раз надараецца, што тэлефон дыспетчарскай службы проста распаляецца ад чалавечых эмоцый. І тут так важна быць не толькі вытрыманым і стрэсаўстойлівым, але і выдатна валодаць усімі рабочымі пытаннямі, любой сітуацыяй, умець аналізаваць і прымаць аператыўнае рашэнне, каб вырашыць узнятую праблему. Менавіта такія якасці і ўласцівы аператару службы дыспетчарскага ўчастка г.п. Жалудок Ю.У. Хмяльніцкай.
У гэтай энергічнай, жыццялюбівай жанчыны, якая з вялікай павагай адносіцца да сваіх землякоў, здаецца, няма ні хвілінкі вольнага часу. Вось зараз яна дапамагае калегам вырошчваць расаду кветак. Пару год таму Жалудоцкі ўчастак РУП ЖКГ пабудаваў цяпліцы, і цяпер няма патрэбы закупляць для гарадскога азелянення пятунні, цынерарыі, лабеліі, аксаміткі… Гэтыя і іншыя віды кветак у Жалудку – сталіцы кветкавага фестывалю – вырошчваюць не толькі для свайго пасёлка, але і Шчучына. Дзякуючы такому “зялёнаму праекту” РУП ЖКГ штогод эканоміць 5800 рублёў.
– Восем год таму мяне з гандлёвай сферы ў ЖКГ “пераманіў” муж – Сяргей Мікалаевіч Хвайніцкі, які працуе майстрам водаканала. Ведаеце, ніколькі не шкадую, што змяніла прафесію, – прызнаецца жанчына.
Работа ў адной сферы яшчэ больш згуртоўвае сям’ю, што жыве агульнымі інтарэсамі. Хвайніцкія ганарацца сваёй дачушкай Надзеяй, якая вучыцца толькі на выдатна, шмат увагі ўдзяляюць выхаванню 8-гадовага Арцёмкі.
– Любімая работа, любімая сям’я – што яшчэ трэба чалавеку для шчасця! – усміхаецца Юлія Уладзіміраўна.

Стаўка – на якасць

Дзяніс Алегавіч Сяўко – з кагорты маладога пакалення. Стаж яго работы ў РУП ЖКГ – усяго тры гады, аднак, як кажуць, молада ды не зелена. Пачынаў як слесар па рамонце аўтамабіляў, а калі на базе ўчастка транспарту РУП ЖКГ быў арганізаваны новы напрамак дзейнасці – шынамантаж аўтамабіляў і сельгастэхнікі, Дзяніс прайшоў навучанне і перакваліфікаваўся. Цяпер ён выдатны манціроўшчык шын і шына-пнеўматычных муфтаў. У сваёй рабоце малады чалавек робіць стаўку на якасць. А яшчэ Д.А. Сяўко адрозніваюць выключная адказнасць за даручаную справу, прафесіяналізм і жаданне своечасова выканаць самы складаны заказ. Дзякуючы яго стараннасці ў 2017 годзе ад аказання шынамантажных паслуг РУП ЖКГ атрымала даход у памеры 25,6 тысячы рублёў. Рэнтабельнасць тут склала 22%.
– Дзяніса Сяўко паважаюць у калектыве за яго адкрытасць і таварыскасць, за тое, што ён з кагорты людзей актыўных і няўрымслівых, – падкрэслівае спецыяліст па інфармацыйнай і ідэалагічнай рабоце Алена Баляславаўна Ступакевіч. – Ён член БРСМ, выдатны спартсмен, прымае ўдзел у турыстычных злётах і многіх іншых мерапрыемствах, што праводзяцца ў нашай арганізацыі і ў раёне.
Як бачым, прафесіяналізм і актыўная жыццёвая пазіцыя – гэта тыя складаемыя, якія дапамагаюць у калектыве РУП ЖКГ дасягаць поспеху.
Таццяна СТУПАКЕВІЧ.
Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!