Каб паспяхова развівацца – трэба самааддана працаваць

Філіял “Жалудоцкі агракомплекс” па многіх вытворчых паказчыках не першы год упэўнена займае лідзіруючыя пазіцыі і заслужана ўваходзіць у лік мацнейшых сельгаспрадпрыемстваў Шчучыншчыны. Не стаў выключэннем і бягучы сезон: па выніках раённага конкурсу жалудоцкія аграрыі занялі ІІ месца на ўборцы хлебнай нівы і ІІІ месца на нарыхтоўцы кармоў.

– Сёлетняя халодная вясна і дажджлівае лета сталі для нас сапраўдным выпрабаваннем, – прызнаецца дырэктар філіяла “Жалудоцкі агракомплекс” Станіслаў Юльянавіч Гузень. – Прадстаяла абмалаціць 500 гектараў азімай пшаніцы, столькі ж гектараў трыцікале і 700 гектараў ячменю, а непагадзь не дазваляла своечасова пачаць жніво. Як толькі ўсталявалася цёплае і сухое надвор’е, мы накіравалі на ўборку хлебнай нівы ўсе дзесяць нашых зернеўборачных камбайнаў, якія працавалі ў полі з раніцы і да позняга вечара. 
Сапраўды, падчас жніва жалудоцкія аграрыі не лічыліся з асабістым часам, бо разумелі, што трэба выкарыстоўваць кожную пагодлівую хвіліну, каб убраць вырашчаны ўраджай без страт. І ім гэта ўдалося! Пры сярэдняй ураджайнасці зерневых і зернебабовых культур 57,5 ц/га тут атрымалі 9068 тон зерня. 


Камбайнавы экіпаж у складзе Алега Міхайлавіча Шынкевіча і яго памочніка Сяргея Міхайлавіча Серады намалаціў з улікам кукурузы звыш трох тысяч тон зерня. Гэты знакавы рубеж перакрочылі таксама камбайнеры Вячаслаў Эдвардавіч Сушко і Віктар Антонавіч Майсей, якія працавалі ў тандэме. На адвозцы ўраджаю вызначыўся вадзіцель Ігар Віктаравіч Шпіль: на грузавіку ГАЗ-53 ён перавёз звыш 2,5 тысячы тон “залатога грузу”. Важкі ўнёсак у агульную справу зрабіў аператар зернесушыльнага комплексу Аляксандр Тадэвушавіч Сінкевіч, які прасушыў з улікам розных культур звыш 9 тысяч тон зерня. 
– Сёлета высокай ураджайнасцю парадаваў рапс – 38,1 ц/га, – не без гонару зазначае Станіслаў Юльянавіч. – Мы засеялі гэтай культурай 500 гектараў, з якіх сабралі 1490 тон масланасення, што на 240% (!) больш, чым летась. Такіх высокіх паказчыкаў удалося дасягнуць дзякуючы ўнясенню ў поўнай меры мінеральных угнаенняў, правільнаму выкарыстанню стымулятараў росту і своечасова праведзеным хімапрацоўкам. А вось “царыца палёў” падвяла: ёй не хапіла цяпла, каб як след вырасці. 


Разам з тым у гаспадарцы ўжо нарыхтавалі 3200 тон кукурузы на зерне. Уборка гэтай культуры працягваецца, але рабоце камбайнаў перашкаджае дажджлівае надвор’е. З-за высокага працэнта ўтрымання вільгаці ўвесь атрыманы ўраджай даводзіцца дапрацоўваць на зернесушыльных комплексах. 
Асноўную частку свайго прыбытку філіял “Жалудоцкі агракомплекс” атрымлівае ад рэалізацыі жывёлагадоўчай прадукцыі. Таму ў гаспадарцы асобую ўвагу надаюць нарыхтоўцы якасных кармоў.
– Мы ўжо заклалі 19065 тон сіласу, 15521 тону сенажу і 1212 тон сена, што складае 150% ад патрэб нашай жывёлагадоўчай галіны, – падкрэслівае С.Ю. Гузень. – Акрамя таго, уся зерневая група, вырашчаная на нашых палях, будзе выкарыстана ў якасці давальніцкай сыравіны для прыгатавання камбікармоў. Спажываць іх ёсць каму: у гаспадарцы налічваецца 4115 галоў буйной рагатай жывёлы і 28500 свіней, што на 2500 больш, чым летась. Для якаснага захоўвання кармоў за апошнія пяць гадоў пабудавалі гасспосабам 25 траншэй агульнай умяшчальнасцю 36000 тон.


Паколькі ў рацыён жывёлы ўваходзяць толькі натуральныя кампаненты, то і вынікі радуюць: сярэднясутачная прывага БРЖ тут складае 763 грамы, а свіней – 676 грамаў. 
Хуткімі тэмпамі развіваецца ў сельгаспрадпрыемстве і малочная вытворчасць. За дзесяць месяцаў бягучага года ў філіяле “Жалудоцкі агракомплекс” атрымалі па 5860 літраў малака ад кожнай рагулі. Валавы надой малака склаў 7015 тон, з якіх 38,4% было здадзена на перапрацоўку на Шчучынскі масласырзавод сортам “экстра”. 
– Мы надаём вялікую ўвагу навядзенню парадку на зямлі, таму рэгулярна рамантуем дарогі, чысцім тэхнічныя каналы, выкарчоўваем хмызнякі, зносім аварыйныя будынкі, – гаворыць Станіслаў Юльянавіч. – За апошнія пяць гадоў такім чынам вярнулі ў севазварот 250 гектараў урадлівых зямель. Яшчэ 560 гектараў сёлета ўзялі ў карыстанне ў ААТ “Орля”. Зараз мы прыводзім глебу ў парадак: уносім гліфасаты, а таксама мінеральныя і арганічныя ўгнаенні. Упэўнены, праз два-тры гады атрымаем ад гэтых палеткаў дастойную аддачу. Іх актыўнае выкарыстанне дазволіць нам павялічыць валавую вытворчасць прадукцыі раслінаводства на 10-12%. 
Аляксандр КАСПЯРЧУК.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

CAPTCHA
Этот вопрос задается для того, чтобы выяснить, являетесь ли Вы человеком или представляете из себя автоматическую спам-рассылку.
Введите ответ (Fill in the blank)