Каб чыста было і каб памяць жыла. Прадстаўнікі раённай пракуратуры, Ражанкаўскага сельсавета і школьнікі добраўпарадкавалі тэрыторыю вакол помніка загінуўшым землякам

У Шчучынскім раёне працягваецца месячнік па санітарнай ачыстцы населеных пунктаў і навядзенні парадку на зямлі. Сёння, напярэдадні рэспубліканскага суботніка, работнікі Ражанкаўскага сельвыканкама і школьнікі добраўпарадкоўвалі тэрыторыю вакол помніка землякам, загінулым у гады Вялікай Айчыннай вайны, што знаходзіцца ў аграгарадку Ражанка. У мерапрыемстве таксама прынялі ўдзел прадстаўнікі пракуратуры Шчучынскага раёна – пракурор Алег Вялічка і яго памочнік Дзіяна Хоміч.

– Выдатна, што ў гэтым мерапрыемстве ўдзельнічаюць прадстаўнікі маладога пакалення, – кажа Алег Вялічка. – Сумесная праца аб’ядноўвае і гуртуе людзей, садзейнічае патрыятычнаму выхаванню моладзі. Мы выражаем вялікую падзяку ўсім тым, хто аддаў сваё жыццё дзеля мірнага неба над нашымі галовамі. І цяпер наша галоўная задача – як мага далей, праз гады пранесці гэту памяць.

Дружна завіхаюцца ля клумбы вучні 9 і 11 класа Ражанкаўскай сярэдняй школы. Іх працай кіруе намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Аксана Дашкевіч. Педагог расказала аб тым, як школьнікі наводзяць парадак на зямлі:
– Нядаўна ў нас прайшоў суботнік. Мы прыбралі прышкольную тэрыторыю, пасадзілі кветкі, навялі парадак навокал. Рэгулярна, раз на два тыдні, мы наводзім парадак каля гэтага помніка: рыхлім клумбы, падмятаем, высаджваем новыя кветачкі. Таксама за нашай школай замацаваныя помнікі ў вёсцы Патока і Забор’е. Такія мерапрыемствы важныя для патрыятычнага выхавання моладзі. Важна памятаць падзеі мінулага, каб яны не паўтарыліся зноў.

Вядома, што рупяцца аб захаванні добрага стану помнікаў і работнікі Ражанкаўскага сельвыканкама. Сёння са школьнікамі і супрацоўнікамі пракуратуры працуе таксама старшыня сельсавета Віктар Бурдзей.
– Раней помнік у Ражанцы быў грунтоўна адрэстаўраваны спецыялістамі МПМК-166, – кажа Віктар Валянцінавіч. – Сёння над гэтым помнікам трымае шэфства мясцовая школа. Дапамогу ў падтрыманні тут належнага стану таксама аказвае Шчучынскі рамонтны завод, работнікі якога нядаўна пафарбавалі помнік. Да 9 мая гэтага года арганізацыя таксама прывядзе ў належны выгляд бардзюры вакол яго.

Алег ШЫШЛОЎСКІ.
Фота аўтара.
