Іх служба – нашы спакой і бяспека

У Шчучынскім РАУС падвялі вынікі аператыўна-службовай дзейнасці за 2017 год, намецілі меры па ўмацаванні правапарадку і барацьбе са злачыннасцю. У аператыўнай нарадзе прынялі ўдзел начальнік штаба УУС аблвыканкама палкоўнік міліцыі В.К. Страчынскі, намеснік старшыні райвыканкама Я.Б. Майсей, кіраўнікі праваахоўных структур. 

Аператыўная абстаноўка на тэрыторыі раёна пад кантролем, правапарадак забяспечаны, адзначыў начальнік РАУС падпалкоўнік міліцыі С.М. Сыцэвіч. Гэта вынік узважаных арганізацыйных і практычных мер, а таксама цеснага ўзаемадзеяння з органамі ўлады, іншымі праваахоўнымі структурамі і суб’ектамі прафілактыкі раёна. 
Стабільныя рэзультаты дасягнуты ў 2017 годзе па асноўных напрамках аператыўна-службовай дзейнасці. Што важна, значна знізіўся ў параўнанні з 2016 годам узровень злачыннасці – як агульнай (на 16,2%), так і па лініі крымінальнага вышуку (на 12,8%). Напалову менш (з 61 да 30) зарэгістравана цяжкіх і асоба цяжкіх злачынстваў, зменшылася колькасць рэзанансных крымінальных праяў – забойстваў, цяжкіх цялесных пашкоджанняў. Быў толькі адзін выпадак угону транспартных сродкаў, хаця ў пазамінулым годзе – ажно 7. Шчучынскія міліцыянеры не дазволілі панаваць крыміналу ў сельскай мясцовасці, рэцыдыўнай, падлеткавай, п’янай злачыннасці... Устаноўлены асобы, якія падазраваліся ва ўчыненні цяжкіх і асоба цяжкіх злачынстваў, грабяжах, угонах, махлярствах. З мая мінулага года за парадкам у Шчучыне сочыць патрульна-паставая служба. На яе рахунку – раскрытыя хуліганства і грабеж. Са з’яўленнем “патрулькі” на вуліцах горада прыціхлі і зладзеі.


– Жыхары нашага раёна жывуць спакойна, спакойна ходзяць на працу і дамоў, не трывожацца за ўласнае жыццё і бяспеку дзяцей на вуліцах. У гэтым вялікая заслуга вашай службы, – у пацвярджэнне слоў дакладчыка выказаўся намеснік старшыні райвыканкама Я.Б. Майсей. – І ў будні, і ў святы супрацоўнікі міліцыі на варце правапарадку, не дазваляюць злачыннасці ўзняць галаву. Ад імя кіраўніцтва раёна вялікі дзякуй за гэта, за належнае выкананне службовых абавязкаў.
Ян Браніслававіч уручыў С.М. Сыцэвічу Падзяку раённага выканаўчага камітэта, якім кіраўнік адзначаны за асабісты і яго падначаленых важкі ўклад у забеспячэнне правапарадку падчас святочных мерапрыемстваў з нагоды 500-годдзя Шчучына.
На нарадзе падкрэслівалася: найважнейшы вектар работы – прафілактыка злачынстваў і правапарушэнняў. У прыватнасці, дзейсным яе метадам начальнік РАУС лічыць адпрацоўку населеных пунктаў. Па асобных напрамках дзейнасці не пашкодзіць дабавіць службовых высілкаў. У прыватнасці, міліцыі грамадскай бяспекі належыць больш актыўна выступаць супраць праяў п’янства і алкагалізму, незаконнага абароту спіртаўтрымліваючых рэчываў, сямейнага недабрабыту, адгарадзіць ад злачынных замахаў пажылых людзей, настойліва скіроўваць на шлях праведны раней судзімых грамадзян. Патрабуюць асобай увагі пытанні захаванасці маёмасці грамадзян. Перад крымінальным блокам пастаўлена задача павысіць эфектыўнасць барацьбы з карупцыяй і ў сферы незаконнага абароту наркотыкаў, якасць раскрыцця злачынстваў. 
Палкоўнік міліцыі В.К. Страчынскі назваў размову на нарадзе канструктыўнай і даў станоўчую ацэнку рабоце шчучынскіх праваахоўнікаў.
Рознабакова прааналізавалі работу па сваіх напрамках дзейнасці намеснікі начальніка РАУС Д.І. Жынко і Д.Д. Кірылаў. Па іх словах, прафесійны і кадравы патэнцыял у калектыве высокі, што спрыяе выкананню пастаўленых задач. Задаволены ўзаемадзеяннем з вартавымі правапарадку пракурор раёна М.Г. Кірыла і начальнік раённага аддзела Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз Д.А. Апановіч.
Дарэчы, перад пачаткам нарады кіраўніцтва РАУС прынародна падзякавала за ўзаемадзеянне работнікам арганізацый і ўстаноў раёна і ўзнагародзіла падзячнымі пісьмамі І.П. Дзегцярову, Я.С. Манчук, Д.Г. Панова, І.А. Краўчук, Г.П. Шышкіна, А.І. Забела. 
Плённая праца супрацоўнікаў РАУС заўважана і адзначана па заслугах. Па выніках службовай дзейнасці за 2017 год лепшымі па прафесіі прызнаны начальнік штаба П.М. Кузняцоў, старшы оперупаўнаважаны аддзялення крымінальнага вышуку В.С. Кавальчук, старшы інспектар ДПС А.У. Асокін, старшы ўчастковы інспектар міліцыі А.С. Ляпеша, інспектар крымінальна-выканаўчай інспекцыі А.А. Локцевіч, камандзір аддзялення ППСМ М.М. Майко, міліцыянер ІЧУ А.В. Косс, вядучы бухгалтар Л.К. Далінская, вядучы спецыяліст аддзялення па грамадзянстве і міграцыі Г.В. Зубель.
Таццяна ПАЛУБЯТКА.

Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!