Іх прафесія – наводзіць парадак на зямлі

 

Штогод у першую нядзелю чэрвеня ў Беларусі адзначаюць Дзень меліяратара. Павіншаваць работнікаў Шчучынскага прадпрыемства меліярацыйных сістэм з прафесійным святам і ўручыць перадавікам заслужаныя ўзнагароды прыехаў старшыня раённай арганізацыі прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Генрых Іосіфавіч Юрэвіч.

 

-- Вы наводзіце парадак на зямлі і сваёй добрасумленнай працай заслужылі павагу і пашану, -- звярнуўся да працоўнага калектыву Шчучынскага ПМС Генрых Іосіфавіч. – Дзякуючы вашым намаганням там, дзе раней былі балоты, сёння раскінуліся ўрадлівыя палеткі. Няхай ва ўсіх пачынаннях вам нязменна спрыяе поспех! Здароўя, шчасця і сямейнага дабрабыту!

 

Ва ўрачыстай абстаноўцы Генрых Іосіфавіч Юрэвіч уручыў Пісьмо-падзяку электрагазазваршчыку 6-га разраду Васілію Генадзьевічу Разуеву, пра якога ў арганізацыі кажуць: “Спецыяліст з залатымі рукамі”.

 

 

--   У меліярацыі працую ўжо 25 гадоў, -- гаворыць Васілій Генадзьевіч. – Выдатна асвоіў усе тэхналогіі зваркі акрамя аргонавай, для якой у нашай арганізацыі пакуль няма неабходнага абсталявання. Займаюся ў асноўным рамонтам тэхнікі. Не забываю пра прафесію і дома: калі аднавяскоўцы просяць зварыць штосьці – з задавальненнем дапамагаю.

 

Заслужаныя ўзнагароды таксама атрымалі прараб Міхаіл Васільевіч Апанасовіч, машыніст экскаватара Валерый Сямёнавіч Бухоўка і вадзіцель Сяргей Анатольевіч Баркоўскі.

 

-- Пасля далучэння да нашага прадпрыемства Скідзельскага ПМС плошча абслугоўвання значна павялічылася, -- зазначае Сяргей Анатольевіч Баркоўскі. – Бывае, разам з галоўным інжынерам за дзень накручваем да 300 кіламетраў. Яно і зразумела: трэба аб’ехаць усе аб’екты, праверыць якасць выконваемых работ, правесці неабходны інструктаж і паставіць новыя задачы. І ўсё гэта нягледзячы на надвор’е. Часта рухацца прыходзіцца па бездарожжы. Здараецца, машына буксуе і гразне коламі ў балоце, і тады на дапамогу прыходзяць трактар або экскаватар, якія выцягваюць “Ніву” на цвёрдую зямлю.

 

Перадавых меліяратараў адзначыла і абласное прадпрыемства “Гроднамеліявадгас”, якому падначалена Шчучынскае ПМС. За бездакорнае выкананне прафесійных абавязкаў і дасягненне высокіх вытворчых паказчыкаў граматамі былі ўзнагароджаны вядучы інжынер Андрэй Іосіфавіч Стасюкевіч, старшы майстар Андрэй Станіслававіч Грудзінскі і брыгадзір дрэнажнай брыгады Раман Феліксавіч Грэсь.

 

-- Наш працоўны калектыў налічвае 95 работнікаў, і ўсе яны – сапраўдныя прафесіяналы, -- падкрэслівае галоўны інжынер Шчучынскага прадпрыемства міліярацыйных сістэм Віктар Сямёнавіч Сняжко. – Разам мы паспяхова выконваем шырокі спектр не толькі меліярацыйных, але і будаўнічых работ. У раёне налічваецца 30553 га асушаных зямель, у тым ліку 26844 га сельгасугоддзяў. Для навядзення парадку на гэтых плошчах актыўна выкарыстоўваем 14 экскаватараў, 7 бульдозераў, 19 трактароў, 2 “Амкадоры” і аўтагрэйдэр. Паралельна падкошваем каналы, даўжыня якіх у раёне складае 1481 кіламетр. У тым, што наша прадпрыемства сёння цвёрда стаіць на нагах і працягвае ўпэўнена развівацца, вялікая заслуга дырэктара Аляксандра Зянонавіча Астрауха – неабыякавага чалавека і таленавітага кіраўніка, які ўмее правільна арганізаваць вытворчы працэс і заўсёды дабіваецца пастаўленай мэты. Напярэдадні прафесійнага свята хочацца павіншаваць паважаных калег з Днём меліяратара. Няхай нам у нашай нялёгкай, але надзвычай запатрабаванай і высакароднай справе заўсёды спрыяюць удача і поспех!

 

 

Аляксандр КАСПЯРЧУК.

Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!