І шпакоўню змайстраваць, і шышкі сабраць выдатна атрымліваецца ў юных лесаводаў школьнага лясніцтва “Дубравушка”, якое дзейнічае ў Першамайскім дз/с-СШ

Шанаваць і любіць сваю малую радзіму важна з самага дзяцінства: даследаваць яе гісторыю, імкнуцца захаваць яе сама­бытнасць, старацца зрабіць яшчэ больш прыгожай і квітнеючай. Навучыць гэтаму дзяцей могуць дарослыя: у сям’і – мамы і таты, у дзіцячым садку – выхавацелі, у школе – настаўнікі. Упэўнена, сёння ў рабят і педагогаў кожнай установы адукацыі Шчучыншчыны ёсць свае сакрэты, як ператварыць у райскі куточак іх малую радзіму, захаваць памяць пра знакамітых землякоў, сабраць цікавыя гістарычныя звесткі… Ёсць яны ў вучняў і педагогаў Першамайскага дзіцячага сада-сярэдняй школы.

Сем год таму, а дакладней, 10 студзеня 2011-га, у Год лесу, паміж Першамайскім дз/с-СШ і Лідскім лясгасам быў заключаны дагавор аб арганізацыі школьнага лясніцтва. Менавіта тады рабятам быў выдзелены ўчастак лесу плошчай у 76 гектараў, які яны даглядаюць да гэтай пары.
– І закіпела работа! – расказвае намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Аліна Рамуальдаўна Гудач. – Для школьнага лясніцтва мы прыдумалі назву – “Дубравушка” і вызначыліся з накірункамі дзейнасці. Трэба сказаць, што клапаціцца пра нашага зялёнага сябра знайшлося шмат ахвотнікаў. Рабяты і сёння з задавальненнем садзяць маладзенькія дрэўцы, майструюць шпакоўні, агароджваюць мурашнікі, збіраюць шышкі, прыбіраюць лясную тэрыторыю і заадно наводзяць парадкі каля мясцовага возера. Ім хочацца зрабіць прыгожым свой родны куточак зямлі, дзе яны нарадзіліся і жывуць. 
Педагогі і школьнікі цесна супрацоўнічаюць з Першамайскім лясніцтвам, якое ўжо трэці год узначальвае ляснічы Наталля Пятроўна Сінкевіч. Рабяты часта бываюць на экскурсіях у лясніцтве, падчас якіх адкрываюць для сябе многа цікавага і карыснага. Свае тэарэтычныя веды юныя лесаводы паспяхова прымяняюць на практыцы. У 2016 годзе першамайскія школьнікі-лесаводы сталі лепшымі на Гродзеншчыне сярод 18 школьных лясніцтваў, а ў якасці падарунка атрымалі камп’ютар. Каб і ў будучым дастойна прадстаўляць сваю школу і раён, неабходна і выглядаць адпаведна. І зноў жа дзякуючы старанням Наталлі Пятроўны ў рабят з’явіліся касцюмы лесаводаў, якія вельмі хутка ім і спатрэбіліся: у 2017 годзе толькі юныя аматары лесу з “Дубравушкі” атрымалі запрашэнне выступіць на адкрыцці навукова-адукацыйнага цэнтра “Парк Горні” у Лідскім лясгасе…


Першамайскім школьнікам вельмі пашанцавала: іх акружаюць нераўнадушныя, ініцыятыўныя, гатовыя ўсяму навучыць сваіх юных сяброў дарослыя. Работу лясніцтва ў школе курыруюць Аліна Рамуальдаўна Гудач і педагог-арганізатар Наталля Сцяпанаўна Дашкевіч. Заўсёды гатовы супрацоўнічаць са школьнікамі і педагогамі дырэктар рэспубліканскага ландшафтнага заказніка “Котра” Тадэвуш Іосіфавіч Люткевіч. Душою хварэе за агульную справу Наталля Пятроўна Сінкевіч. 
– Пасля заканчэння інстытута я працавала па сваёй асноўнай спецыяльнасці тэхнолагам дрэваапрацоўкі, – расказвае Наталля Пятроўна. – Так склаліся абставіны, што засталася без работы. Пераехала ў Парэчча, а там у лясніцтве была вакансія памочніка ляснічага. Ішла на паўгода, а затрымалася надоўга. Потым перабралася ў Першамайск. Вельмі люблю лес і сваю работу. І з дзецьмі працаваць – адно задавальненне. 
Дарэчы, Наталля Пятроўна – мама чацвярых дзяцей. Тры дачкі ўжо выраслі і жывуць самастойна, адна з іх працуе побач з мамай памочнікам ляснічага. А сын Пётр – самы малодшы, ён яшчэ вучыцца ў трэцім класе.
– За гэтыя гады рабяты з нашага школьнага лясніцтва станавіліся неаднаразовымі пера­мож­цамі абласных злётаў юных лесаводаў,– працягвае расказ А.Р. Гудач. – Яны таксама занялі першае месца ў абласным этапе рэспубліканскага конкурсу экалагічных праектаў “Родная зямля – Беларусь”, у намінацыі “Будучыня – гэта мы!” З цікавасцю школьнікі працуюць над рознымі праектамі. Адзін з апошніх створаны сумесна з Першамайскім лясніцтвам і кіраўніцтвам заказніка “Котра” – “Котранскія пейзажы захаваем”.
Яшчэ адзін накірунак дзейнасці юных лесаводаў з “Дубравушкі” – агітацыйны. Хлопчыкі і дзяўчынкі распаўсюджваюць лістоўкі, у якіх заклікаюць мясцовае насельніцтва не забруджваць лес, берагчы свайго зялёнага сябра. 


– Мы вельмі радуемся, што рабяты, так сказаць, па закліку сэрца займаюцца гэтай справай, – гаворыць Аліна Рамуальдаўна. – А некаторыя, скончыўшы школу, усё сваё жыццё працягваюць вырошчваць і даглядаць лес. У мінулым годзе два выпускнікі – члены школьнага лясніцтва – паступілі ў Мінскі тэхналагічны ўніверсітэт. Значыць, нашы намаганні не дарэмныя. 
Дзевяцікласніца Сняжана Трусіла членам школьнага лясніцтва стала з мінулага года. 
– Мне вельмі падабаецца даглядаць лес, – гаворыць дзяўчынка. – Шкада толькі, што людзі так неахайна да яго ставяцца: вывозяць смецце, забруджваюць рознымі адходамі. Мы з рабятамі пастаянна праводзім акцыі па ачыстцы лесу, садзім новыя дрэўцы. Акрамя таго, я заўсёды гатова ўдзельнічаць у конкурсах, каб расказваць усім аб той важнай справе, якой мы займаемся, заклікаць іншых рабят берагчы нашага зялёнага сябра і, канечне, адстойваць гонар нашай школы. Дарэчы, мой тата Раман Станіслававіч таксама працуе ў мясцовым лясніцтве – ён кіруе тралёвачнай машынай. 
У гэтай творчай суполкі дарослых і дзяцей планаў багата. Цяпер яны выношваюць ідэю аб тым, як ачысціць мясцовае возера і добраўпарадкаваць тэрыторыю, зрабіць гэты куточак іх малой радзімы дзіўным месцам адпачынку для ўсіх вяскоўцаў і гасцей. 
– Гэтай тэме быў нават прысвечаны “Адкрыты дыялог”, удзел у якім прымалі Наталля Пятроўна Сінкевіч, Тадэвуш Іосіфавіч Люткевіч, старшыня Першамайскага сельвыканкама Наталля Мікалаеўна Сідлярэвіч, а таксама самыя актыўныя члены “БРСМ” і школьнага лясніцтва “Дубравушка, – гаворыць Аліна Рамуальдаўна. – З мінімальнымі затратамі і з падручных сродкаў, а ў лесе іх можна знайсці, хацелася б змайстраваць альтанкі, лавачкі, прыгожыя паробкі. Спадзяюся, у нас гэта атрымаецца.
І я думаю, што атрымаецца. Людзям нераўнадушным, з мноствам ідэй і жаданнем тварыць – усё па сіле. Тым больш, калі і дарослыя, і дзеці стараюцца для сваёй роднай зямлі…
Ганна РУДСКАЯ.
Фота аўтара і з архіва школы.

Добавить комментарий

CAPTCHA
Этот вопрос задается для того, чтобы выяснить, являетесь ли Вы человеком или представляете из себя автоматическую спам-рассылку.
Fill in the blank.