Хроніка здарэнняў

У злодзея рукі ліпкія

 

З лесу паблізу вёскі Прудзяны быў скрадзены матацыкл “Ява” блакітнага колеру, які належыць мясцоваму жыхару. Вядзецца расследаванне. А ў рамках ужо іншай крымінальнай справы ўстанаўліваецца асоба гурмана, які пашкодзіў уваходныя дзверы ў дом пенсіянера з Карсакоў, прабраўся ўнутр і сцібрыў з халадзільніка каля 10 кілаграмаў мяса.
А вось зладзюжка, які вынес дзве каністры з дызельным палівам з падвала жылога дома ў Гурнофелі, ужо вядомы. Ва ўчыненні ганебных дзеянняў прызнаўся неаднаразова судзімы жыхар суседняй вёскі.

 

Прыйшоў госцем, а выйшаў…

 

Жыхар Віцебска, які быў госцем у доме жыхара Каменкі, прыгледзеў у серванце для сябе “падарунак” – 100 долараў ЗША. Сам сабе і ўручыў. Цяпер на маладога чалавека, непрацуючага і раней судзімага, заведзена крымінальная справа.

 

Два угоны

 

Раённы аддзел Следчага камітэта завёў крымінальныя справы па фактах угонаў аўтатранспарту. Фігурантам адной з іх стаў непрацуючы жыхар аграгарадка Тапілішкі, які праехаўся па населеным пункце на чужой “Аўдзі”, а другой – гараджанін, які ўчыніў угон “Мазды” і калясіў на ёй па вуліцах Шчучына. Абодва ўгоншчыкі раней уступалі ў канфлікт з законам. Падобныя і абставіны, пры якіх злачынствы ўчыняліся: зламыснікі скарысталіся пакінутымі ў замках запальвання ключамі.

 

Зноў “прывітанне” з інтэрнэту

 

Ад дзеянняў ашуканцаў з інтэрнэту зноў пацярпелі некалькі шчучынцаў. У прыватнасці, з карт-рахунка адной маладой гараджанкі ўкрадзена амаль 200 рублёў, а другую жанчыну віртуальныя прайдзісветы пазбавілі больш чым 1000 рублёў. Праз махляроў страціла свае грошы і пенсіянерка: з яе банкаўскай карткі ўкрадзена больш за 400 рублёў.

 

Шанцаў на тое, што злачынцы будуць знойдзены, мала. Звычайна “спецыялісты” такога профілю знаходзяцца за межамі Беларусі. Праўда, і нашы паціхеньку іх “навуку” пераймаюць. Так, нядаўна праявіла свае крымінальныя здольнасці маладзіца з Пінска: шляхам выкарыстання камп’ютарнай тэхнікі з выхадам у інтэрнэт яна завалодала грашыма жыхаркі адной з вёсак нашага раёна. Да рук прахіндзейкі “прыліпла” немалая сума – каля 400 рублёў. Цікава, што “спецыялістка” ўжо не раз прыцягвалася да крымінальнай і адміністрацыйнай адказнасці.

 

Не тая карцінка

 

Раённы аддзел Следчага камітэта завёў крымі-нальную справу ў адносінах да невядомага, які, выкарыстаўшы камп’ютарную тэхніку з выхадам у інтэрнэт, у сацыяльнай сетцы “ВКонтакте” на старонцы, якая належыць школьніцы, распаўсюдзіў матэрыялы парнаграфічнага характару.

 

Таццяна ВІТАЛЬЕВА.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!