Хлеб па ўсіх правілах рамяства. Даведаліся, як ідзе гандаль у новым павільёне “Хлебны двор”

 

Нядаўна ў Шчучыне з’явіўся павільён “Хлебны двор”, дзе пасля 10 гадзін раніцы можна купіць свежую выпечку з прыватнай лідскай пякарні, якая працуе ўсю ноч. Там пры стварэнні галоўнага прадукту прынцыпова прытрымліваюцца класічных метадаў, што прымянялі нашы продкі на працягу стагоддзяў. Таму і называюць гэты хлеб рамесным.

 

Эксклюзіўную прадукцыю прапануе шчучынцам ТАА “ДЮ ПА Групп”, заснавальнікамі якога сталі дзве лідскія энтузіясткі – Ірына і Вольга. За год з невялікім хлебабулачныя вырабы з іх пякарні заваявалі папулярнасць у Лідзе, дзе адкрыта ўжо некалькі гандлёвых кропак, і Гродне, а зараз “Хлебны двор” заняў адну з цэнтральных пазіцый у гандлёвым раду “шкляных” павільёнчыкаў па вуліцы Савецкай нашага райцэнтра.

 

– Людзі вельмі цікавяцца незвычайнай прадукцыяй, а мы ахвотна тлумачым, у чым адрозненне рамеснага хлеба ад яго прамысловага “таварыша”, – гаворыць прадавец Таццяна Гайдук. – Да таго ж у нас у асартыменце не зусім звычайныя варыяцыі: акрамя разнастайных багетаў – кампань, чыабата, хлеб цэльназерневы з мёдам, тройка з насеннем – лёну, сланечніку і гарбуза. Карыстаецца попытам здоба: сметанковыя круасаны, хутарскія булачкі, разнастайныя віды еўрапейскага пячэння. Ужо з’явілася нямала пастаянных кліентаў.

 

Адзін з іх – шчучынец Эдвард, які ахвотна падзяліўся сваімі ўражаннямі ад навінак:

 

– Для жонкі пастаянна бяру белы пшанічны, а сам аддаю перавагу кампані – французскаму вясковаму хлебу на заквасцы. З гэтай пякарні паступае сапраўды натуральны прадукт. Такі ўжо ў мяне арганізм, што адразу негатыўна рэагую на ўсялякага роду разрыхляльнікі і “хімію”. А тут я знайшоў здаровую альтэрнатыву.
Назіраючы, як зацікаўлена і ветліва абслугоўвае пакупнікоў Таццяна Гайдук, я пачула ў адрас рамеснай прадукцыі яшчэ нямала ўхвальных слоў, да таго ж даведалася, што тут і “тытулаваны” шакалад ручной работы прадаецца, і фруктовы джэм без цукру, і добрай кавай з кофе-машыны можна пачаставацца. Здзівіў адзін з пакупнікоў, які аказаўся … лідчанінам: ехаў праз Шчучын і ўбачыў знаёмую шыльду, спецыяльна спыніўся, каб набыць рамесны хлеб і параўнаць яго з тым, што ў лідскіх кропках прадаецца. Вось яна – сіла народнай экспертызы!

 

Ніна Віктараўна Ладыга разам з любімымі ўнукамі Ярамірам і Мілаславай (дачка-філолаг дала дзеткам такія паўзабытыя славянскія імёны!) прызналася, што ўпершыню адкрывае для сябе “Хлебны двор”:

 

– Ведаеце, я толькі вярнулася ў Шчучын з Масквы, дзе амаль пяць гадоў жыла ў дачкі і гадавала ўнукаў. Бачу ў родным горадзе столькі добрых перамен, пашырэнне кола паслуг, магчымасці для развіцця малога і сярэдняга бізнесу. І нават гэты сціплы павільёнчык са свежай выпечкай – як яшчэ адзін куточак Еўропы.
Здавалася б, сёння на прылаўках нашых магазінаў колькі заўгодна сартоў хлеба, і пастаўляюць іх самыя розныя вытворцы – з Гродна, Мастоў, Лідскага хлебазавода… Значыць, канкурэнцыя ў гэтым сегменце ўтварылася не на жарт, але, відаць, рамесны прадукт займае сваю асаблівую нішу.

 

– Прамысловы хлеб ніколі не параўнаецца з нашым, – лічыць адна з заснавальніц “Хлебнага двара” Вольга, з якой мы звязаліся па тэлефоне. – Наша выпечка на натуральнай заквасцы, з працяглай ферментацыяй цеста, якое падыходзіць як мінімум 12 гадзін. Ад сваіх правіл мы ніколі не адыходзім і заўжды гарантуем якасць. Вышэй за камерцыйны інтарэс мы паставілі перад сабой пачэсную задачу – вярнуць хлебу галоўнае месца на стале.

 

Таццяна СТУПАКЕВІЧ.
Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Яндекс.Дзен, Telegram и Viber!