Г.С. Хвядзюк: «Людзі заўважаюць і цэняць зробленае для іх»

Такую думку выказала падчас суботняй «прамой лініі» намеснік старшыні Шчучынскага райвыканкама Ганна Станіславаўна Хвядзюк.

На сённяшнюю «прамую лінію» паступіла 9 зваротаў, і ў многіх з іх прагучала ўдзячнасць намесніку старшыні райвыканкама, як прадстаўніку ўлады, за разуменне і дапамогу ў вырашэнні праблем жыхароў раёна. Былі сказаны добрыя словы і ў адрас арганізацый, якія робяць жыццё людзей больш камфортным і ўпарадкаваным.

У прыватнасці, стараста вёскі Грамавічы А.А. Шэўчык вельмі задаволена работай прадаўцоў аўтакрамы і пажадала перадаць падзяку кіраўніцтву Шчучынскага філіяла Гродзенскага аблспажыўтаварыства за належную арганізацыю гандлёвага абслугоўвання. Прагучала з вуснаў гэтай жанчыны і просьба на ўездзе ў населены пункт устанавіць дарожны знак, які б абмяжоўваў хуткасць руху транспарту.

З просьбай звярнулася і жыхарка г.п. Астрына. Жанчына хоча, каб камунальная служба вызваліла яе ад уплаты за вываз смецця – па той прычыне, што тры месяцы з-за пэўных абставін яна адсутнічала дома.

На дапамогу разлічвае і гараджанка з вуліцы Камсамольская. Па словах жанчыны, надта ўжо блізка ад вокнаў яе кватэры знаходзіцца кантэйнерная пляцоўка для збору цвёрдых бытавых адходаў. «Магчыма, яе можна перанесці?» -- пацікавілася яна.

Тэматыка тэлефонных дыялогаў падчас «прамой лініі» была досыць класічная: гаварылі і аб графіку руху аўтобуса па маршруце «Шчучын-Філявічы», і выключна пра асабістае – аб узаемаадносінах у сям'і.

Доўгая і даверлівая размова атрымалася ў Г.С. Хвядзюк з жыхаркай аграгарадка Васілішкі. У выніку на тым баку проваду пагадзіліся, што мерапрыемствы, якія праводзяцца для недапушчэння распаўсюджання АЧС у рэгіёне, вельмі патрэбныя і абумоўлены патрабаваннямі эпідэміялагічнай і эканамічнай бяспекі.

На асобныя звароты заяўнікам адразу дадзены тлумачэнні, іншыя будуць накіраваны для рэагавання ў адпаведныя інстанцыі, запэўніла намеснік старшыні райвыканкама.

-- Канешне, часцей за ўсё людзі звяртаюцца з праблемамі, якія іх хвалююць. Між тым, і гэта вельмі прыемна, яны заўважаюць і цэняць тое, што робіцца ў раёне для паляпшэння іх дабрабыту і жыцця, -- адзначыла Ганна Станіславаўна.

Таццяна ПАЛУБЯТКА.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!