Годнае завяршэнне сезона. У заключным матчы сезона ФК “Шчучын і “ФСК Масты” разыгралі бронзу гродзенскага дывізіёна

 

У суботу на гарадскім стадыёне “Алімп” прайшоў апошні матч другой лігі чэмпіянату Беларусі па футболе ў якім “Шчучын” прымаў гасцей з “ФСК Масты”. Гульня мела важнае турнірнае значэнне, бо менавіта па яе выніках мусіў вызначыцца бронзавы прызёр Гродзенскага дывізіёна.

 

Вядома што такі матч не абмінулі ўвагай шматлікія заўзятары. На “Алімп” прыйшло даволі шмат фанатаў шчучынскай каманды. Не пакінулі без падтрымкі свой футбольны клуб і мастаўчане, якія таксама мелі на трыбунах сур’ёзнае прадстаўніцтва.

 

Сітуацыя перад матчам складвалася наступная. У турнірнай табліцы “ФСК Масты” абганялі “Шчучын” на адзін бал, таму камандзе з суседняга раённага цэнтра было дастаткова правесці гульню з нічыйным вынікам. Нашу ж дружыну магла задаволіць толькі перамога.

 

І вось гучыць стартавы свісток, матч пачынаецца. Мінулую гульню супраць “Мастоў” шчучынцы прайгралі. Але трэба адзначыць, што ў той сустрэчы наша каманда мела сур’ёзныя кадравыя праблемы ў сувязі з паралельным удзелам у спаборніцтвах па пляжным футболе. Зараз абодва футбольныя клубы гулялі ў поўную сілу і перавага шчучынцаў была відавочная. Актыўныя дзеянні каля варот мастаўчан прывялі да хуткага гола. Ужо на 4-й хвіліне лік у матчы адкрыў Арцём Байгот. На 16-й хвіліне перавагу нашай каманды падвоіў Мікіта Шэршань, а яшчэ праз кароткі прамежак часу лік стаў 3:0, дубль аформіў Арцём Байгот. Так і завяршыўся першы тайм матчу, які паказаў татальную перавагу шчучынскай каманды.

 

Сітуацыя не змянілася і ў другім тайме. Шчучынцы працягвалі атакаваць часцей. Аднак “ФСК Масты” адказвалі сваімі падыходамі да варот, адзін з іх стаў выніковым і прывёў да гола на 61-й хвіліне. Лік на табло змяніўся на 3:1. Адказу шчучынцаў не прыйшлося чакаць доўга, бо ўжо на 62-й хвіліне матчу Арцём Байгот забіў свій трэці мяч, а праз сем хвілін пасля гэтага ўвогуле аформіў покер і зрабіў лік 5:1. Кропка ў матчы была пастаўлена, але галы не скончыліся. Фінальным штрыхам сустрэчы стаў забіты на 89-й хвіліне гол Віктара Сяўко.

 

Такім чынам, з лікам 6:1 “Шчучын” перамог “ФСК Масты”. Упэўненая перамога нашай каманды дазволіла ёй заняць выніковае трэцяе месца ў гродзенскім дывізіёне. Віншуем шчучынцаў з поспехам, а мастаўчанам дзякуем за гульню.

 

Алег ШЫШЛОЎСКІ.

Фота з суполкі “ФК Щучин” ВКонтакте.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!