Гісторыю раёна ствараюць людзі. На злёце перадавікоў ушаноўвалі лепшых працаўнікоў раёна

 

У раённым Цэнтры культуры і народнай творчасці адбылася важная падзея ў грамадскім жыцці раёна - злёт перадавікоў вытворчасці і лепшых па прафесіі ў сацыяльна-культурнай сферы. На традыцыйным мерапрыемстве прынята не проста аналізаваць дасягненні, але і ушаноўваць тых, хто ўнёс свій значны працоўны ўклад, прафесіяналізм і творчы патэнцыял у развіццё Шчучыншчыны.

 

 

Яшчэ ў фае можна было ацаніць, дакрануцца, паспрабаваць тое, што было прадстаўлена на выставе. Калі ўстановы культуры і адукацыі экспанавалі свае творчыя работы, то гаспадаркі і прадпрыемствы – прадукцыю, якую выпускаюць. Было што паказаць патэнцыяльным пакупнікам ААТ "Шчучынаграпрадукт", ААТ "Васілішкі", Шчучынскаму філіялу ААТ “Малочны Мір”, "Жалудоцкаму агракомплексу", Гродзенскаму занальнаму інстытуту раслінаводства НАН Беларусі і іншым вытворцам.

 

 

 

Урачыстасць пачалася са святочнага пралога. Вядучыя злёту называюць імёны ганаровых гасцей – дэпутата Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па Шчучынскай выбарчай акрузе Паўла Міхалюка, дэпутатаў Гродзенскага абласнога Савета дэпутатаў, начальніка галоўнага фінансавага ўпраўлення Гродзенскага аблвыканкама Паўла Ашурыка і генеральнага дырэктара КУП “Гроднааблкінавідэапракат” Юрыя Аляксея, дырэктара Гродзенскага філіяла РУП “Белпошта” Андрэя Анісімава. Удзел у мерапрыемстве прынялі таксама Ганаровы грамадзянін горада Шчучына Яўгеній Назарэвіч і былы кіраўнік Шчучынскага раёна Іван Сакалоўскі.

 

 

Урачыстую частку мерапрыемства прадоўжыў старшыня Шчучынскага райвыканкама Аляксей Садоўскі.

 

 

 

-- Сёння ў зале няма выпадковых людзей: тут прысутнічаюць тыя, хто адданы сваёй любімай справе, -- адзначыў у сваім прывітальным слове Аляксей Валянцінавіч. -- Шчучынская зямля заўсёды славілася таленавітымі, працавітымі людзьмі, якія жадаюць жыць у добрасуседстве і дастатку. Добрасумленная праца з'яўляецца асновай дабрабыту сям'і і грамадства. І гэта свята - магчымасць яшчэ раз выказаць словы падзякі ветэранам і перадавікам вытворчасці, іх маладой змене - усім, хто ўласнымі рукамі, розумам будуе будучыню сваёй сям'і, сваёй краіны.

 

 

Кіраўнік раёна спыніўся на ключавых аспектах развіцця эканомікі і сацыяльнай сферы.

 

 

-- У мінулым годзе, працуючы разам, атрымалася дамагчыся нядрэнных вынікаў у сацыяльна-эканамічным развіцці рэгіёна, -- падкрэсліў Аляксей Валянцінавіч. -- Шчучыншчына дынамічна развіваецца, з'яўляюцца новыя вытворчасці і працоўныя месцы, будуюцца жылыя дамы, важныя сацыяльныя аб'екты. Сапраўдным залогам поспеху з'яўляюцца ініцыятыва, прафесіяналізм і адказнае стаўленне да справы многіх працаўнікоў раёна.

 

 

Старшыня райвыканкама выказаў упэўненасць, што і ў будучым у Шчучынскім раёне будзе нарошчвацца эканамічны патэнцыял, будуць стварацца матэрыяльныя і духоўныя каштоўнасці і тым самым павышацца дабрабыт яго жыхароў.

 

 

 

З працоўнымі дасягненнямі шчучынцаў павіншаваў і дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па Шчучынскай выбарчай акрузе Павел Міхалюк. Ён уручыў памятныя падарункі галоўнаму ўрачу Шчучынскай цэнтральнай раённай бальніцы Івану Загароўскаму і галоўнаму санітарнаму ўрачу раёна Анастасіі Круковіч.

 

 

Цёплыя словы і добрыя пажаданні ў адрас працаўнікоў Шчучынскага раёна выказалі начальнік галоўнага фінансавага ўпраўлення Гродзенскага аблвыканкама Павел Ашурык і генеральны дырэктар КУП “Гроднааблкінавідэапракат” Юрый Аляксей. Ганаровыя госці ўручылі ўзнагароды Гродзенскага абласнога Савета дэпутатаў кіраўнікам працоўных калектываў, якія дабіліся перамог на рэспубліканскім і абласным узроўнях. Так, вынікам штодзённай працы стала прызнанне ў краіне лепшым у сваёй катэгорыі Шчучынскага раённага аддзела Следчага камітэта. Занесены на Дошку пашаны інспекцыі Міністэрства па падатках і зборах Гродзенскай вобласці калектыў Шчучынскай падатковай інспекцыі. Праца раённай газеты “Дзянніца” прызнана лепшай у Гродзенскай вобласці сярод раённых СМІ. Ганаровай граматай абласнога Савета дэпутатаў быў таксама ўзнагароджаны намеснік старшыні райвыканкама Ян Майсей.

 

 

 

Самай чаканай і хвалюючай часткай свята, безумоўна, стала цырымонія ўзнагароджання, падчас якой на сцэну падымаліся нашы землякі - лепшыя прадстаўнікі розных сфер дзейнасці з усёй Шчучыншчыны. Заслужаныя ўзнагароды ім уручылі Аляксей Садоўскі і старшыня раённага Савета дэпутатаў Ганна Хвядзюк.

 

 

Ганаровыя сцягі выходзілі атрымліваць на сцэну пераможцы раённага спаборніцтва сярод працоўных калектываў, якімі сталі (кожны ў сваёй галіне) ААТ "Дэмбрава" (дырэктар Аляксандр Туля), Шчучынскі лясгас (дырэктар Міхаіл Сушчэўскі), Шчучынская МПМК-167 (дырэктар Аляксандр Смірноў), Астрынскі сельсавет (старшыня Наталля Лебядзевіч). Пераможцам у працоўным спаборніцтве сярод суб'ектаў гаспадарання абслугоўваючага сектара эканомікі выйшаў калектыў раённага вузла паштовай сувязі (кіраўнік Аксана Земская).

 

 

Горача і сардэчна зала вітала пераможцаў раённага спаборніцтва сярод вытворчых падраздзяленняў працоўных калектываў прадпрыемстваў і арганізацый, чый поспех - яркі прыклад працавітасці і адказных адносін да справы. Яшчэ 26 лепшых работнікаў з розных сфер удастоены ганаровага звання "Лепшы па прафесіі". Ім уручаны дыпломы пераможцаў і грашовыя прэміі. Дарэчы, першае месца заняў не толькі працоўны калектыў ААТ “Дэмбрава”, але і сам кіраўнік гэтага прадпрыемства: Аляксандр Туля быў удастоены звання лепшага па прафесіі. Шчучыншчыне сапраўды ёсць кім і чым ганарыцца.

 

 

 

Магчымасцю ў чарговы раз адзначыць стваральную  калектыўную працу шчучынцаў скарысталіся старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў, старшыня раённай арганізацыі РГА “Белая Русь” Юрый Пашук, старшыня раённай арганізацыі прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Генрых Юрэвіч і першы сакратар раённай арганізацыі БРСМ Алена Пратасевіч. Дыпломы і прэміі ўручылі і пераможцам раённага агляду-конкурсу на лепшую пастаноўку работы органаў грамадскага тэрытарыяльнага самакіравання. Былі ўзнагароджаны пераможцы штогадовага агляду-конкурсу на лепшую арганізацыю работы ў раёне па ахове працы.

 

 

Усяго ж на гэтым злёце перадавікоў былі адзначаны дзясяткі як калектываў, так і спецыялістаў-прафесіяналаў. Свята атрымалася ў лепшых традыцыях - гасцінным, шчодрым і маляўнічым. На злёце прагучала і нямала музычных падарункаў у выкананні артыстаў раённага Цэнтра культуры і народнай творчасці, выхаванцаў Палаца творчасці дзяцей і моладзі. І яшчэ адзін цудоўны агульны падарунак чакаў удзельнікаў злёту -- канцэрт зоркі беларускай эстрады Алены Ланской. 

 

 

Ушанаванне лепшых з лепшых працаўнікоў і цэлых калектываў ужо стала на Шчучыншчыне добрай традыцыяй. Бо ўсіх нас, жыхароў раёна, аб'ядноўвае агульная мэта - імкненне зрабіць наш край багатым, моцным і квітнеючым.

 

 

Сяргей КАСПЯРЧУК.

Фота Аляксандра КАСПЕРЧУКА.

 

 

 

 
Подписывайтесь на нас в Яндекс.Дзен, Telegram и Viber!